Новы расейскі «дыплямат» у Беларусі — з баявікоў «ЛНР»

Расея разгортвае сетку аддзяленьняў сваёй амбасады ва ўсіх абласьцях Беларусі — у дадатак да Берасьця і Гародні гэтым летам аддзяленьні зьявяцца ў Віцебску, Гомелі і Магілёве. У Гомелі і Віцебску ўжо даўно існуюць «Русскія дамы», то бок падразьдзяленьні «Россотруднічества». Але, гледзячы па ўсім, для Расеі дзейнасьці мясцовых калябарантаў ды накіраваных раней у Беларусь праваднікоў «мяккае сілы» аказалася недастаткова.

il_3_1.jpg

РФ вырашыла ўзмацніць свой уплыў у беларускіх рэгіёнах з дапамогай дзяржслужбоўцаў-дыпляматаў. Кіраўнікі новых аддзяленьняў ужо прызначаныя. Менавіта іхныя асобы і зьвярнулі на сябе ўвагу.

Пра плянаванае адкрыцьцё прадстаўніцтва расейскае амбасады ў Гомелі дзяржаўныя СМІ напісалі ў ліпені, але яшчэ ў чэрвені расейскі дыплямат Аляксей Галаўнёў абвяшчаў пра прыём грамадзян у будынку «Рускага дома ў Гомелі» ў статусе першага сакратара аддзяленьня амбасады РФ у Гомелі.

Аляксей Галаўнёў, як удалося высьветліць, прынамсі з 2015 да 2018 году займаў пасаду трэцяга сакратара амбасады Расеі ў Малдове і актыўна ўдзельнічаў у мерапрыемствах «Россотруднічества».

Кіраўнік будучага аддзяленьня расейскае амбасады ў Віцебску Ігар Дзямяненка да лютага 2022 году быў генконсулам РФ у Харкаве. За дзень да поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну ён, як і многія іншыя расейскія дыпляматы, выехаў з Украіны. Паміж 2022 і 2026 гадамі Дзямяненка займаў пасаду намесьніка прадстаўніка МЗС РФ у Пецярбургу.

Хаця адкрыцьцё аддзяленьня амбасады Расеі ў Віцебску заплянаванае на ліпень—жнівень гэтага году, у статусе кіраўніка гэтага аддзяленьня Дзямяненка згадваўся ўжо на пачатку красавіка, калі ўдзельнічаў у мерапрыемствах, зьвязаных з так званым «Днём яднаньня Расеі і Беларусі».

Але найпрыкметнейшым з новапрызначаных расейскіх дыпляматаў аказаўся Ўладзіслаў Дэйнега — былы чалец кіраўніцтва так званае «ЛНР» і былы намесьнік баявіка Ігара Платніцкага. Цяпер ён атабарыўся ў Магілёве.

Ўладзіслаў Дэйнега

Ўладзіслаў Дэйнега

Паводле данных міжнароднае выведвальнае супольнасьці InformNapalm, да пачатку ўзброенае агрэсіі Расеі супраць Украіны Дэйнега быў дэпутатам гарадзкое рады Алчэўска Луганскае вобласьці ад «Партыі рэгіёнаў», а ў сакавіку 2014 году — адным з арганізатараў прарасейскіх мітынгаў у Алчэўску. Ён таксама ўдзельнічаў у захопе будынкаў адміністрацыі і СБУ ў Луганску. Апроч таго, Дэйнега арганізоўваў незаконныя выбары і так званы рэфэрэндум у Алчэўску.

Вось як апісваюць украінцы тыя падзеі: «1 сакавіка на галоўнай плошчы Алчэўска адбыўся першы мітынг у падтрымку "русскай вясны", удзельнікі якога скандавалі "Данбас — гэта Расея!" ды заклікалі да рэфэрэндуму. Натхнёныя ўдалым стартам, арганізатары правялі 5 сакавіка другі мітынг. Паводле сьведчаньняў мясцовых жыхароў, шмат хто з удзельнікаў таго мітынгу дрэнна арыентаваўся ў горадзе, а іхныя гадзіньнікі паказвалі маскоўскі час. На тым мітынгу выступаў таксама Ўладзіслаў Дэйнега, які падтрымаў ідэю "рэфэрэндуму"».

З пачатку 2015 году і прынамсі да 2020-га Дэйнега ў якасьці прадстаўніка «ЛНР» браў удзел у пасяджэньнях Трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляваньні сытуацыі на Данбасе. Падчас пасяджэньняў у 2015 годзе ён намагаўся прасунуць ідэю ўнясеньня ў Канстытуцыю Ўкраіны зьменаў адносна «шырокае аўтаноміі Данбасу», якія фактычна легалізавалі б уладу прарасейскіх калябарантаў на акупаваных тэрыторыях.

У 2017 годзе ва ўтворанай акупантамі структуры Луганскае вобласьці Ўладзіслаў Дэйнега быў прызначаны «міністрам замежных справаў».

У траўні 2020 году ўкраінскія журналісты паведамілі, што Дэйнега атрымаў расейскі пашпарт. А з 2024 году ён стаў прадстаўніком МЗС Расеі на акупаваных тэрыторыях Луганскае вобласьці. У чэрвені 2024 году ўказам Пуціна Ўладзіславу Дэйнегу быў нададзены дыпляматычны ранг як прадстаўніку МЗС РФ у Луганску.

Цягам траўня—чэрвеня 2026 году ў сваім тэлеграм-канале Ўладзіслаў Дэйнега распавядаў, як прыбыў у Беларусь «да новага месца службы» і «ўжываецца ў атмасфэру». 10 чэрвеня Дэйнега напісаў, што днём раней быў афіцыйна прадстаўлены магілёўскаму абласному і гарадзкому кіраўніцтву.

Цікава, ці не баяцца ўлады пускаць такіх пэрсанажаў у Беларусь. Бо калі яны пачнуць актыўную дзейнасьць, ад «магілёўскага кіраўніцтва» можа нічога і не застацца…