Кіраўнік ZROBIM у СІЗА, пагрозы студэнтам ЕГУ і пашырэнне «экстрэмісцкіх» спісаў. Хронікі рэпрэсій 5 чэрвеня

 У Беларусі працягваецца ціск на людзей, якія выехалі за мяжу пасля 2020 года. Праваабаронцы паведамляюць пра пагрозы студэнтам і выпускнікам ЕГУ, новыя ператрусы ў беларусаў замежжа і затрыманне кіраўніка архітэктурнай студыі ZROBIM Андрэя Макоўскага. Тым часам МУС і Міністэрства інфармацыі працягваюць пашыраць «экстрэмісцкія» спісы.

1_1097_1.png

Студэнтаў ЕГУ заклікаюць вярнуцца ў Беларусь пад пагрозай пераследу родных

Ад студэнтаў Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта патрабуюць адлічыцца з навучальнай установы і вярнуцца ў Беларусь.

Паводле праваабаронцаў, у адваротным выпадку крымінальным пераследам пагражаюць іх сваякам, якія застаюцца ў краіне.

Юрыстка Праваабарончага цэнтра «Вясна» Святлана Галаўнёва раіць не выконваць такія патрабаванні.

«Калі гэта сітуацыя, што студэнт за мяжой, а ад яго патрабуюць адлічыцца і вярнуцца ў Беларусь — я раю не ісці на такія патрабаванні. Даволі часта сілавікі шукаюць людзей, на якіх можна ціснуць, і працягваюць узмацняць ціск. Ніхто не гарантуе, што пасля вяртання людзей не будуць прымушаць, напрыклад, запісваць відэа з выбачэннямі», — адзначыла праваабаронца.

Праваабаронцы таксама не рэкамендуюць вяртацца ў Беларусь выкладчыкам, выпускнікам, студэнтам і іншым людзям, якія маюць сувязі з ЕГУ.

Кіраўнік студыі ZROBIM Андрэй Макоўскі зноў апынуўся ў СІЗА

Пра затрыманне кіраўніка архітэктурнай студыі ZROBIM Андрэя Макоўскага стала вядома пасля з'яўлення падазронага допісу ў ягоным акаўнце ў Threads.

«Прывітанне з СІЗА! Плаціце падаткі цалкам, рабяты!» — з'явілася на старонцы бізнэсоўца.

Знаёмыя Макоўскага звярнулі ўвагу, што такі стыль паведамлення не характэрны для яго.

Пазней жонка бізнэсоўца пацвердзіла, што Андрэй Макоўскі сапраўды знаходзіцца ў следчым ізалятары.

Прычыны затрымання пакуль невядомыя.

У Лідзе адбыўся ператрус у кватэры актывіста, які жыве ў эміграцыі

Напрыканцы траўня супрацоўнікі КДБ прыйшлі з ператрусам у лідскую кватэру актывіста Івана Каспяровіча.

Пра гэта паведамілі праваабаронцы.

Іван Каспяровіч з 2021 года жыве ў вымушанай эміграцыі.

Падчас ператрусу супрацоўнікі КДБ апісалі яго маёмасць.

Гэта чарговы вядомы выпадак ціску на беларусаў, якія пакінулі краіну, праз іх маёмасць і родных, што засталіся ў Беларусі.

У «спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 13 чалавек

5 чэрвеня МУС абнавіла «Пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».

Цяпер у ім 6663 чалавекі.

Сярод новых прозвішчаў — Станіслаў Прыгодзіч.

У траўні Гомельскі абласны суд завочна прызнаў яго вінаватым паводле шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэкса, у тым ліку аб «распальванні варожасці», удзеле ў «экстрэмісцкім фармаванні», «абразе Лукашэнкі», «абразе прадстаўніка ўлады» і «дыскрэдытацыі Беларусі».

Паводле паведамленняў дзяржаўных органаў, яму прызначылі пяць гадоў калоніі агульнага рэжыму і штраф у памеры 4500 рублёў.

У Беларусі працягваюць папаўняць спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў»

У чарговае абнаўленне Рэспубліканскага спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў уключылі:

— Instagram-старонкі «Belarus en France», «Belarusian Runners Community», «marina_girin», «kalinoucy_official», «zivebelarus_slavaukraine (Трибунал! ст. 128)»;

— Facebook-старонкі «Гражданственность.BY», «Legalize Belarus», «Free Belarus Museum», «Гісторыя Беларусі», «Stop represjom na Białorusi», «Rushennie», «RAZAM e.V. - Belarusische Gemeinschaft», «Маладая Грамада»;

— TikTok-старонкі «ГОМЕЛЬ И ОБЛАСТЬ – НОВОСТИ», «gorshish7», «kshi_7», «olgakempinsky».