Беларусы разам з разведкай ЗША вылічылі, дзе ў РБ знаходзіцца расійскі «Арэшнік»

«Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі» распавяла, куды прывезлі расійскія балістычныя ракеты. Разведка ЗША пацвердзіла дакладнасць гэтай інфармацыі, і адзначыла, што беларускай арміі ад гэтых ракет — аніякай карысці нават у навучальным плане. Беларускіх вайскоўцаў да «Арэшніка» проста не дапускаюць. Ідуць 1558-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Малюнак з maximonline.ru

Малюнак з maximonline.ru

На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 302 баявыя сутыкненні, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 31 траўня.

На Пакроўскім і Гуляйпольскім кірунках абаронцы Украіны спынілі па 46 штурмавых дзеянняў расіян на кожным.

На Канстанцінаўскім кірунку расійцы здзейснілі 16 атак паблізу Канстанцінаўкі, Іванаполля, Плешчыеўкі, Русінага Яру і іншых.

На Ліманскім кірунку армія РФ 11 разоў спрабавала ўклініцца ў абарону Украіны ў бок Дробышава, Ставак, Ліману, Азёрнага, Стэпавага, Новасяргееўкі і ў раёне Ямпаля.

На Паўднёва-Слабажанскім кірунку расіяне 10 разоў атакавалі пазіцыі УСУ у раёнах Старыцы, Прыліпак, Ветэрынарнага, Ліману і ў бок Ізбіцкага, Ахрымаўкі.

* * *

У ноч на 31 траўня Расія атакавала Украіну 229 ударнымі БпЛА тыпу Shahed (у тым ліку рэактыўнымі), Гербера, Італмас і дронамі-імітатарамі тыпу «Пародзія». Супрацьпаветранай абаронай збіта/задушана 212 БпЛА на поўначы і ўсходзе краіны.

Расіянеатакавалі дронам тэрыторыю прадпрыемства ў Карукоўскім раёне Чарнігаўскай вобласці, загінуў 58-гадовы мужчына.

У ноч на 31 траўня расійскі Саратаўскі нафтаперапрацоўчы завод атакавалі ўдарныя беспілотнікі, у выніку чаго на тэрыторыі прадпрыемства ўспыхнуў маштабны пажар. Па папярэдніх даных, была ўражаная ўстаноўка ізамерызацыі.

Таксама паступаюць паведамленні пра паражэнне нафтабазы ў Мацвеевым Кургане Растоўскай вобласці.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што інфармацыя пра магчымасць масіраванага расійскага ўдару па Украіне застаецца актуальнай, хаця партнёры гутарылі з расіянамі з гэтай нагоды.

«Важна і ў гэтыя суткі быць уважлівымі да любой пагрозы, да сігналаў паветранай трывогі. Інфармацыя ад разведкі пра магчымасць масіраванага ўдару застаецца актуальнай. Мы ведаем, што партнёры гаварылі з расіянамі з гэтай нагоды. Веры ў тое, што нехта там, у Маскве, адумаецца, няма. Абавязкова беражыце жыццё – рэагуйце на небяспекі», — сказаў Зяленскі.

Ён адзначыў, што ўкраінская СПА, мабільныя агнявыя групы і баявая авіяцыя знаходзяцца «ў гатоўнасці, наколькі гэта магчыма, улічваючы пастаўкі». «Працэнт збіваных "Шахедаў" нашымі воінамі стабільна вышэй за 90 — гэта 90–93%. Па крылатых ракетах і балістыцы: з усімі партнёрамі мы працуем, каб былі новыя ўзносы ў праграму PURL, мы шукаем іншыя спосабы атрымліваць ракеты», — дадаў прэзідэнт Украіны.

* * *

711027069_1346916734288068_788481725110832983_n.jpg

* * *

Міністр абароны ЗША Піт Хегсет на палях Азіяцкага саміту па пытаннях бяспекі ў Сінгапуры заявіў, што Злучаныя Штаты знойдуць спосаб аказваць падтрымку Украіне ў абароне ад расійскіх пагроз.

Журналісты спыталі кіраўніка Пентагона пра ліст украінскага прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага пра недахоп сродкаў СПА на фоне ўзмацнення расійскіх атак. На гэта Хегсет адказаў, што ЗША шукаюць магчымасці дапамагчы Украіне там, дзе гэта магчыма.

«Мы змяняем спосаб вытворчасці ўсіх гэтых відаў важнай амуніцыі, каб гарантаваць, што нашы кампаніі пастаўляюць не проста трохі больш, а значна больш па ўсім спектры. Дзе мы можам дапамагчы Украіне — мы гэта робім, дзе мы можам даць магчымасць Еўропе зрабіць больш — мы гэта робім», — сказаў Хегсет.

Ён адзначыў актыўнасць еўрапейскіх саюзнікаў, якія ўзмацнілі сваю падтрымку Украіны. «Мяне натхняе еўрапейская адданасць справе. Калі паглядзець на суму выдаткаваных сродкаў, то Еўропа актывізавалася, а Украіна была не менш, а то і больш эфектыўнай у гэтым працэсе. Таму мы хочам, каб яны маглі абараняцца, і мы знойдзем спосаб забяспечыць ім дапамогу», — сказаў ён.

* * *

«Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі» высветліла, дзе ў Беларусі расіяне размясцілі свой ракетны комплекс «Арэшнік». Гэта закінутая авіябаза ў Магілёўскай вобласці, вядомая як «Крычаў-6», аб'ект размешчаны ўсяго ў чатырох кіламетрах ад мяжы з РФ, піша канал «Мілітарны».

Афіцыйна Крычаў-6 пазначаны як лагістычны цэнтр.

Чыгуначнікі паведамляюць, што вялікі ваенны эшалон прыбыў у раён авіябазы ў перыяд з 20 па 29 снежня. Станцыяй прызначэння быў Крычаў-1 Магілёўскага аддзялення Беларускай чыгункі. Поезд адправілі са станцыі Капусцін Яр Прыволжскай чыгункі РФ. Менавіта там размешчаны вядомы ракетны палігон.

Крычаў-1 — гэта бліжэйшы чыгуначны пункт да базы. Адпраўшчыкам эшалона паказана в/ч 15644 — гэта 4-ы Дзяржаўны цэнтральны міжвідавы палігон РФ. Атрымальнікам грузу было Упраўленне ваенных зносін Узброеных сіл Беларусі, якое і арганізоўвала лагістыку.

Чыгуначнікі налічылі дзясяткі вагонаў, якія перавозілі не толькі тэхніку, але і боепрыпасы: 54 вагоны-платформы з ваеннай тэхнікай; 6 крытых вагонаў з рыштункам; 1 крыты вагон з выбуховымі матэрыяламі і патронамі; пасажырскія вагоны з асабовым складам.

Груз аформілі па кодзе «іншыя грузы». Гэта звычайная практыка для ўтойвання сакрэтных перавозак.

Па стане на травень 2026 года ніводнай зваротнай адпраўкі не зафіксавалі. Ваенны кантынгент працягвае знаходзіцца на аб'екце Крычаў-6.

Амерыканская разведка таксама лічыць, што менавіта на гэтым аэрадроме хаваецца «Арэшнік». Па іх даных, комплексам кіруюць выключна расіяне, беларускіх вайскоўцаў да «Арэшніка» не падпускаюць. Беларусы забяспечваюць толькі ахову перыметра і лагістыку.

* * *

Кампанія Украіны супраць расійскай лагістыкі становіцца ўсё больш вытанчанай. Акрамя ўдараў па грузавіках, паліўных складах і калонах забеспячэння, украінскія беспілотнікі цяпер скідаюць міны ўздоўж ключавых шляхоў забеспячэння, вымушаючы расійскія войскі супрацьстаяць пагрозам як з паветра, так і з дарог, піша Forbes.

Расійскія крыніцы паведамляюць пра мініраванне з дапамогай беспілотнікаў участкаў сухапутнага калідора ў Крым, асабліва вакол трасы Марыупаль–Мелітопаль, што прымусіла расіян перакрыць частку шашы і перанакіраваць рух вялікагрузных аўтамабіляў у кірунку Крыма. Такія паведамленні пра мініраванне характэрныя тым, што траса М-14 паміж Марыупалем і Мелітопалем знаходзіцца прыкладна за 100-150 кіламетраў ад лініі фронту.

Пры гэтым міны не абавязкова павінны цалкам знішчаць транспарт. Грузавік, які выйшаў са строю, можа перакрыць дарогу, стварыць затор і пакінуць аўтамабілі, што захраслі, уразлівымі для ўдараў беспілотнікаў.

«Гэта яшчэ больш узмоцніць ціск на расійскую лагістыку і дадасць цяжар пастаяннага размініравання гэтых тэрыторый», — адзначае аналітык Рой Гардзінер.

Расійскія ваенныя блогеры папярэджваюць, што «нават невялікія міны, раскіданыя ўздоўж ключавых аўтамагістраляў, могуць прывесці да транспартнага паралюшу», паколькі рух давядзецца неаднаразова спыняць для правядзення інспекцый і аперацый па размінаванні. У адрозненне ад удараў беспілотнікаў-камікадзэ, якія нацэлены на асобныя транспартныя сродкі, партыя мін можа часова перакрыць шашу.

Для расійскай арміі, якая залежыць ад доўгіх і ўразлівых ліній забеспячэння, запаволенне перамяшчэння можа быць гэтак жа небяспечным, як і знішчэнне тэхнікі. «Лагістыка парушана амаль на месяц, што ўплывае на дастаўку грузаў не толькі ў тыл, але і на перадавую», — напісаў адзін з расійскіх ваенных блогераў.