CNBS: ЗША на вайне ва Украіне тэстуюць прататып «Тэрмінатараў»

Украіна ператварылася ў палігон для робататэхнікі: амерыканская фірма, сузаснавальнікам якой з’яўляецца сын Дональда Трампа Эрык, тэстуе на вайне баявых чалавекападобных робатаў. Пакуль ім далёка да знакамітых «Тэрмінатараў» з фільма Джэймса Кэмерана, але фірма ўпэўнена рухаецца па шляху да іх стварэння. А прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі спадзяецца на прадуктыўныя мірныя перамовы. Ідуць 1559-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Малюнак з thecode.media

Малюнак з thecode.media

На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 276 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 1 чэрвеня.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 49 штурмаў расіян у раёнах Вольнага, Дарожнага, Біліцкага, Радзінскага, Аляксандраўкі, Грышына, Шаўчэнка, Маладзецкага, Новапаўлаўкі, Новааляксандраўкі, Сяргееўкі, Котліна і Удачнага.

На Гуляйпольскім кірунку адбылося 43 атакі арміі РФ у раёнах Залізнічнага, Уздвіжаўкі, Аленаканстанцінаўкі, Гуляйпольскага, Чароўнага, Верхняй Тэрсы, Рыбнага, Цвятковага, Навасёлаўкі і Варвараўкі.

На Канстанцінаўскім кірунку расійцы здзейснілі 14 атак паблізу Канстанцінаўкі, Іванаполля, Русіна Яру, Мікалаеўкі, Плешчыеўкі і Сцяпанаўкі.

На Паўднёва-Слабажанскім кірунку расіяне 12 разоў штурмавалі пазіцыі УСУ у раёнах Лімана, Ветэрынарнага, Калодзезнага, Сінельнікава і Старыцы.

На Ліманскім кірунку ўкраінскія воіны адбілі 11 спроб расіян прасунуцца непадалёк Копанак, Новамікалаеўкі, Дзібровы, Ставак, Дробышава, Лімана і Азёрнага.

На Арэхаўскім кірунку расіяне 10 разоў спрабавалі уклініцца ў абарону УСУ паблізу Шчарбакоў, Белагор’я, Несцярянкі і Стэпнагорска.

* * *

Трэці армейскі корпус Украіны 31 траўня паведаміў, што ўзяў пад кантроль з дапамогай дронаў лагістычныя маршруты расіян у Луганскай вобласці і Усходняй Слабажаншчыне.

«Байцы батальёна беспілотных сістэм Трэцяй штурмавой нанеслі ўдары па лагістыцы акупантаў на часова акупаванай Луганшчыне, дабраўшыся да самага КПП "Ізварына" — гэта больш за 205 км углыб тэрыторыі, кантраляванай ворагам», — гаворыцца ў паведамленні вайскоўцаў.

Паведамляецца, што ў ходзе аперацыі пілоты БПЛА паразілі бронетэхніку і склады боепрыпасаў.

КПП «Ізварына» — прапускны пункт на ўкраінска-расійскай мяжы ў Луганскай вобласці. Праз яго праходзяць асноўныя маршруты забеспячэння для расійскай групоўкі, што дзейнічае на поўначы Луганскай вобласці і ў прылеглых раёнах.

* * *

У ноч на 1 чэрвеня Расія атакавала Украіну 265 ударнымі БпЛА тыпу Shahed, Гербера, Італмас і дронамі-імітатарамі тыпу «Пародзія». Супрацьпаветранай абаронай збіта/задушана 228 БпЛА на поўначы, поўдні і ўсходзе краіны.

У нядзелю ўвечары расійскія войскі атакавалі беспілотнікамі грамадзянскую інфраструктуру ў Адэскай вобласці, пацярпелых няма.

БПЛА ў нядзелю ўвечары патрапіў у дзевяціпавярховы жылы дом у Адэсе. Таксама ў выніку атакі пашкоджаны іншыя шматкватэрныя дамы ў розных раёнах горада, адміністрацыйны будынак і інфраструктура. Пацярпела пяць чалавек.

У Чарнігаве ў нядзелю ўвечары з-за атакі на энергааб’ект 40 тысяч абанентаў засталіся без электразабеспячэння.

Расійскія войскі ў ноч на 1 чэрвеня нанеслі ўдары па двух раёнах Харкава, пацярпелі два чалавекі.

Беспілотнікі Сіл спецыяльных аперацый Украіны паразілі вытворча-дыспетчарскую станцыю буйнога нафтаправода ў Кіраўскай вобласці Расіі. Размешчаная амаль за 1200 кіламетраў ад мяжы Украіны ЛПДС «Лазарава» з’яўляецца ключавой кропкай нафтаправода «Сургут-Полацк». Па гэтай артэрыі нафта з Сібіру і поўначы РФ транспартуецца ў балтыйскія парты Прыморск, Усць-Луга і ў Беларусь. Станцыя злучаецца з сістэмай магістральнага трубаправода «Дружба», што дазваляе расіянам хутка перапампоўваць нафту паміж двума найбуйнейшымі ў еўрапейскай частцы РФ нафтаправодамі.

* * * 

710777284_1347831060863302_2161075209981538395_n.jpg

* * *

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў інтэрв’ю CBS News, запісаным 29 траўня і апублікаваным 31 траўня, сказаў, што ва Украіны ёсць «акно магчымасцей» для перамоў з Расіяй пра завяршэнне вайны да наступнай зімы.

Зяленскага папрасілі пракаментаваць заяву брыгаднага генерала, камандуючага Трэцім армейскім корпусам Андрэя Білецкага пра тое, што Украіна мае 6–9 месяцаў для таго, каб перахапіць ініцыятыву на полі бою ў Расіі і ўмацаваць свае пазіцыі для мірных перамоў.

Зяленскі адказаў: «Так, гэта праўда». Паводле яго слоў, са снежня 2025 года Расія пачала губляць ініцыятыву на полі бою. «У студзені я сказаў ім (партнёрам), што, на маё меркаванне, у нас ёсць акно для перамоў, паколькі кожны месяц расіяне будуць губляць усё больш людзей, і з-за гэтага яны страцяць ініцыятыву на полі бою.

Цяпер яны пачалі атакаваць нас масіраванымі ракетнымі ўдарамі, і зноў жа, галоўная прычына, па якой яны гэта зрабілі, заключаецца ў тым, што яны пачынаюць прайграваць на полі бою. За месяц яны не змаглі акупаваць больш тэрыторый, чым страцілі на працягу таго ж месяца.

Таму цяпер у нас ёсць гэты прамежак часу перад зімой. Таму я лічу, што… перад зімой нам трэба знайсці спосаб, дыпламатычны спосаб, сесці і пагаварыць. Але гэта залежыць ад ціску на Пуціна, ціску ў яго грамадстве, і я лічу, што ён узмацняецца, ціску санкцыямі — не адмяняць іх, а ўводзіць новыя. Гэта дыпламатычны шлях».

* * *

Крэмль працягвае штурмаваць Данецкую вобласць, аднак сярод сцэнарыяў на бліжэйшыя месяцы разглядае і адкрыццё новага кірунку наступлення — на поўначы Украіны, з тэрыторыі Беларусі або Бранскай вобласці РФ, піша РБК-Украіна, спасылаючыся на інфармаваныя крыніцы.

Пакуль галоўнай мэтай Масквы застаецца Краматорска-Канстанцінаўская агламерацыя, захоп якой дазволіў бы Уладзіміру Пуціну заявіць пра поўны кантроль над Данецкай вобласцю. «Мэты расіян на лета застаюцца нязменнымі — гэта поўны захоп Данецкай вобласці, у прыватнасці Канстанцінаўкі, Дружкоўкі, Славянска і Краматорска. Спачатку Пуціну абяцалі гэта да канца лета, але апошнія абяцанні ў іх зноў як быццам пераносяцца — ужо да канца года. Адначасова гэтым летам вораг будзе спрабаваць ціснуць і ў Запарожскай, і ў Харкаўскай, і ў Сумской вобласці», — расказаў адзін з суразмоўцаў выдання.

Па словах міністра абароны Украіны Міхаіла Фёдарава, у кастрычніку армія РФ губляла 67 вайскоўцаў на квадратны кіламетр захопленай тэрыторыі, у красавіку — ужо 179. Каля 60-62% з гэтых страт — беззваротныя.

Набор кантрактнікаў ледзь пакрывае бягучыя страты арміі РФ. Таму Крэмль можа рыхтаваць новую хвалю мабілізацыі — арыенціровачна яшчэ на 100 тысяч чалавек. У Расіі ўжо фіксуюць характэрныя сігналы: расіянам часцей дасылаюць мабілізацыйныя распараджэнні, якія абавязваюць у выпадку аб’яўлення новай хвалі з’явіцца ў ваенкамат без уручэння дадатковай позвы.

Па інфармацыі крыніц, новую мабілізацыю Пуцін можа выкарыстаць не для ўзмацнення наяўнай групоўкі на Данбасе, а для асобнай наступальнай аперацыі на поўначы Украіны. Разглядаюцца тры варыянты: сумесныя дзеянні расійскіх і беларускіх войскаў з тэрыторыі Беларусі; наступленне выключна расійскіх войскаў з тэрыторыі Беларусі; самастойны заход расійскіх сіл на Чарнігаўшчыну з тэрыторыі РФ.

Цяпер гэты сцэнарый не з’яўляецца непазбежным. У той жа час, па ацэнках крыніц, для падрыхтоўкі такога наступлення расійскай арміі спатрэбіцца не менш за тры месяцы.

* * *

Амерыканскі стартап Foundation Future Industries, звязаны з сынам Трампа Эрыкам, праводзіць ва Украіне выпрабаванні баявых чалавекападобных робатаў. Іх тэстуюць прама на перадавой у вайне, развязанай Расіяй, паведамляе CNBS.

Кампанія Foundation размешчана ў Сан-Францыска, яна звязана з сям’ёй прэзідэнта ЗША Дональда Трампа і займаецца робататэхнікай. СМІ адзначае, што гэты стартап бачыць іншае прымяненне чалавекападобных робатаў. Пакуль іншыя кампаніі распрацоўваюць іх, каб тыя складвалі пасылкі і налівалі каву, Foundation бачыць прымяненне тэхналогіі ў вайне ці ў іншых патэнцыйна небяспечных і нават смяротна небяспечных прафесіях, — напрыклад, у цяжкай прамысловасці. У інтэрв’ю CNBC гендырэктар кампаніі Санкаат Патхак заявіў, што ў аснове кампаніі ляжыць перакананне, што чалавекападобная робататэхніка павінна быць накіравана на рашэнне найважнейшых праблем чалавецтва, а не на выкананне хатніх абавязкаў і аказанне паслуг.

Раннія прататыпы праходзяць выпрабаванні ва Украіне на прадмет патэнцыйнага прымянення ў вайне. Прычым тэстуюцца яны менавіта на полі бою, у рэальнай вайне, якую РФ пачала супраць Украіны.

На пачатку гэтага года Foundation адправіла два сваіх робаты Phantom MK-1 ва Украіну для пілотнай дэманстрацыі. Згодна з заявай кампаніі, гэта стала першым вядомым выпадкам прымянення чалавекападобных робатаў у зоне баявых дзеянняў. Выпрабаванні, якія падтрымліваюцца ўрадам ЗША і праводзяцца сумесна з украінскімі афіцыйнымі асобамі, былі сканцэнтраваны на адпрацоўцы лагістычных задач у небяспечных раёнах.

Але, хоць MK-1 і дапамагаюць прадэманстраваць карыснасць базавай тэхналогіі, яны далёкія ад «суперсалдат», несучы на борце ўсяго каля 20 кг карыснай нагрузкі. Акрамя таго, яны не маюць воданепранікальнасці і дастатковага часу аўтаномнай працы для масавага разгортвання.

Foundation плануе ў гэтым годзе адправіць ва Украіну новых, ужо ўдасканаленых робатаў — Phantom 2. Па словах гендырэктара, гэты робат будзе валодаць «звышчалавечымі здольнасцямі і ўдвая большай грузападымальнасцю, чым Phantom 1».

Кампанія Foundation разлічвае, што вынікі яе выпрабаванняў ва Украіне паслужаць для будучай работы з арміяй ЗША. Па словах Патака, перамовы з чыноўнікамі ва ўрадзе ссунуліся з даследаванняў на пытанні маштабавання выкарыстання робатаў. Ён імкнецца да таго, каб Foundation разгарнула свае тэхналогіі ва ўзброеных сілах ЗША і, пры неабходнасці, на перадавой у зонах канфліктаў на працягу наступных 12-18 месяцаў.