ЗША ў ААН: Уварванне Расіі ва Украіну стала стратэгічным правалам

Прадстаўнік ЗША пры Эканамічным і сацыяльным савеце ААН Дана Негрэа заявіў, што рашэнне Расіі пачаць уварванне ва Украіну стала яе стратэгічным правалам, і заклікаў РФ «спыніцца неадкладна». Еўропа спрабуе змусіць Пуціна да перамоў, а грошы ад продажу «Чэлсі» могуць пайсці на ўкраінскую СПА. Ідуць 1567-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота: Getty Images

Фота: Getty Images

Агулам на працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 260 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 9 чэрвеня.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 50 штурмаў расіян у раёнах Радзінскага, Новааляксандраўкі, Грышына, Котліна, Удачнага і іншых.

На Гуляйпольскім кірунку расійцы здзейснілі 34 атакі ў раёнах Дабраполля, Аленаканстанцінаўкі, Залізнічнага і ў бок Уздвіжаўкі, Верхняй Тэрсы, Гуляйпольскага і іншых.

На Ліманскім кірунку армія РФ 18 разоў спрабавала ўклініцца ў абарону УСУ ў раёнах Навасёлаўкі, Радкадубу, у бок Дробышава, Ольгаўкі, Дзібровы, Лімана, Азёрнага.

На Славянскім кірунку расійцы штурмавалі 14 разоў у раёнах Рэзнікоўкі, Закатнага, Ліпаўкі і ў бок Рай-Аляксандраўкі і  Крывой Лукі.

На Канстанцінаўскім кірунку расіяне здзейснілі 12 атак паблізу Іванаполля, Плешчыеўкі, Іллінаўкі, Канстанцінаўкі, Русінага Яру.

На Паўднёва-Слабажанскім кірунку войскі РФ 10 разоў атакавалі пазіцыі УСУ у раёнах Ваўчанскіх Хутароў, Ліману, Старыцы і ў бок Ізбіцкага, Тэрновай, Валохаўкі.

* * *

У ноч на 9 чэрвеня Расія атакавала Украіну дзвюма кіраванымі авіяцыйнымі ракетамі Х-59/69, і 166 ударнымі БпЛА тыпу Shahed (у тым ліку рэактыўнымі), Гербера, Італмас, баражыруючымі боепрыпасамі «Бандэроль» і дронамі-імітатарамі тыпу «Пародыя». Супрацьпаветранай абаронай збіта/задушана 146 БпЛА, паведамляюць Паветраныя сілы УСУ.

У ноч на 9 чэрвеня Харкаў падвергся масіраванай атацы ўдарных дронаў, зафіксаваны трапленні і пажары як мінімум у двух раёнах. Адзін з удараў прыйшоўся па шматпавярховым доме ў Шаўчэнкаўскім раёне, ёсць пацярпелыя, сярод якіх — дзеці.

Начальнік Харкаўскай ваеннай адміністрацыі Алег Сінягубаў паведаміў пра трох загінулых у выніку ракетных і дронавых удараў па Чугуеве, сярод загінулых  – цяжарная жанчына. Яшчэ 6 чалавек паранены.

Кіраўнік акупаванай РФ часткі Херсонскай вобласці Уладзімір Сальда паскардзіўся, што пасля начной атакі беспілотнікаў зноў пашкоджаны мост у раёне населенага пункта Чонгар. Рух па мосце зноў перакрыты. Папярэдняя атака на мост адбылася 7 чэрвеня.

* * * 

719161236_1354967193483022_3102621064767133600_n.jpg

* * *

Прадстаўнік ЗША пры Эканамічным і сацыяльным савеце ААН Дана Негрэа заявіў, што рашэнне Расіі пачаць уварванне ва Украіну стала яе стратэгічным правалам.

«Уварванне Расіі ва Украіну стала стратэгічным правалам. Яе нафтаперапрацоўчыя заводы – у агні… Масква не можа дасягнуць сваіх мэтаў на полі бою. Эскалацыя не зменіць гэтага і толькі створыць рызыку паглыблення катастрофы. Гэтая вайна павінна спыніцца неадкладна. Хопіць ужо», — сказаў ён падчас пасяджэння Савета Бяспекі ААН.

Прадстаўнік ЗША заклікаў дзяржавы-члены ААН «неадкладна спыніць падтрымку ваенных намаганняў Расіі, паколькі ў гэтай вайны няма ваеннага рашэння», асабліва вылучыўшы Іран, які пастаўляў Расіі дроны, і Кубу, якая нібыта «працягвае вайну, дазваляючы тысячам наймітаў ваяваць на баку Расіі».

Пры гэтым Негрэа выказаў перакананне, што «гэтая вайна можа завяршыцца толькі шляхам перамоў». «ЗША гатовыя, як і раней, — і мы неаднаразова гаварылі пра гэта абодвум бакам, — садзейнічаць доўгаму спыненню вайны», — адзначыў ён.

 * * *

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў інтэрв’ю The Guardian заявіў, што абмяркоўваў з прэм’ер-міністрам Вялікабрытаніі Кірам Стармерам пытанне аб 2,4 млрд фунтаў стэрлінгаў ад продажу расійскім алігархам Раманам Абрамовічам футбольнага клуба «Чэлсі». Зяленскі хацеў бы, каб іх накіравалі на ўмацаванне ўкраінскай ПВА.

«Прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі сказаў мне, што ён прыкладае ўсе намаганні, і я ведаю, што нашы дыпламатычныя каманды абмяркоўваюць гэта. Гэта складаны момант», — сказаў ён.

Па словах Зяленскага, гэтыя сродкі маглі б дапамагчы Украіне набыць дадатковыя сродкі супрацьракетнай абароны ў ЗША. «Яны вельмі дарагія, і, вядома, гэтыя грошы могуць дапамагчы. Гэта справядліва, паміж намі. Расія пачала гэтую вайну. Чаму б не выкарыстоўваць расійскія грошы?», – сказаў Зяленскі.

Таксама Зяленскі падкрэсліў важнасць далейшых інвестыцый саюзнікаў ва ўласную абарону і заявіў пра гатоўнасць Украіны дзяліцца з партнёрамі набытым падчас вайны тэхналагічным і ваенным вопытам.

* * *

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі  8 чэрвен правёў тэлефонную размову са спецпрадстаўніком прэзідэнта ЗША Стывам Віткофам і зяцем Дональда Трампа Джарэдам Кушнерам, паведаміў карэспандэнт Axios Барак Равід.

Па яго словах, пра размову Зяленскага з Віткафам і Кушнерам яму паведаміла неназваная крыніца. Саветнік прэзідэнта Украіны Дзмітрый Літвін пацвердзіў, што Зяленскі пагаварыў з Віткафам і Кушнерам падчас тэхнічнай пасадкі самалёта ў аэрапорце Кішынёва, але падрабязнасцяў не расказаў.

Сам Зяленскі ў вячэрнім звароце таксама не раскрыў падрабязнасці размовы, аднак паведаміў, што яна была «вельмі пазітыўнай». «Абмеркавалі перспектывы ў кантэксце саміту G7 і іншых падзей у чэрвені. Праінфармаваў пра наяўныя ў нас даныя аб тым, на што настроены ў Маскве», — сказаў Зяленскі.

* * *

Еўрапейскія лідары гатовыя ўзяць на сябе вядучую ролю ў перамовах па спыненні паўнаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну, заявіў прэс-сакратар канцлера Германіі Фрыдрыха Мерца Стэфан Карнэліус, перадае Politico.

Па яго словах, такое рашэнне было прынята пасля сустрэчы лідараў Украіны, Францыі, Германіі і Вялікабрытаніі ў Лондане. «Гэты працэс зараз набірае абароты ў Еўропе», — сказаў Корнеліус. «Мы аднаўляем і працягваем перагаворны працэс, які ў значнай ступені ўзначальвалі ЗША. Мы робім гэта ў цеснай каардынацыі з ЗША», — адзначыў прэс-сакратар Мерца.

Раней паведамлялася, што лідары Вялікабрытаніі, Германіі і Францыі пасля сустрэчы з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім заклікаліРасію неадкладна спыніць агонь і пачаць перамовы па завяршэнні вайны.

* * *

Расія збіраецца скараціць экспарт нафты ў чэрвені з-за пагрозы дэфіцыту паліва, паведамляе Reuters са спасылкай на даныя галіновых і гандлёвых крыніц.

«РФ мае намер скараціць экспарт сырой нафты, плануючы павялічыць загрузку нафтаперапрацоўчых заводаў у чэрвені з-за чаканага дэфіцыту паліва», — паведамілі агенцтву яго крыніцы.

Па іх даных, адгрузкі нафты з заходніх партоў Прыморск, Усць-Луга і Наварасійск могуць знізіцца з 2,5 млн барэляў у суткі ў траўні да 1,7 млн барэляў у суткі ў чэрвені. Крыніцы адзначылі, што часткова гэта звязана з скарачэннем здабычы. Па ацэнках суразмоўцаў Reuters, у траўні здабыча, верагодна, працягнула скарачацца, знізіўшыся прыкладна на 100 000 барэляў у суткі ў параўнанні з красавіком.

Здабыча нафты ў РФ падае з пачатку года. Аб’ёмы перапрацоўкі нафты ў Расіі ў траўні ўпалі да мінімуму за 17 гадоў пасля серыі налётаў беспілотнікаў, якім за месяц удалося паразіць 8 з 10 найбуйнейшых нафтаперапрацоўчых заводаў у краіне.

Віцэ-прэм’ер РФ Аляксандр Новак пацвердзіў падзенне здабычы нафты ў РФ, патлумачыўшы гэта «незапланаваным тэхнічным абслугоўваннем нафтаперапрацоўчых заводаў». Верагодна, так ён называе рамонт пасля атак украінскіх дронаў і ракет.

У той жа час у Расіі прызналі «часовыя складанасці» з пастаўкамі паліва з-за ўдараў украінскіх дронаў. Абмежаванні на продаж бензіну ахапілі 15 рэгіёнаў РФ і акупаваныя тэрыторыі Украіны.