The Telegraph: Украіна пачала маштабную аперацыю па прымушэнні Расіі да міру

Украіна хоча адрэзаць ад Расіі Крым, і ёй гэта пакуль удаецца. А працяг вайны супраць Украіны можа прывесці Расію да распаду, лічаць эксперты. У той жа час ЕС спрабуе ўберагчы Расію ад гэтага сумнага канца, але Уладзімір Пуцін, падобна, не збіраецца прызнаваць сваё складанае становішча. Ідуць 1566-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

518170207_1090614009918343_1011434291603539481_n.jpg

На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 240 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 8 чэрвеня.

На Гуляйпольскім кірунку расіяне здзейснілі 38 атак паблізу Рыбнага, Варвараўкі, Залізнічнага і ў бок Навасёлаўкі, Дабраполля, Уздвіжаўкі, Цвятковага, Стараукраінкі, Гуляйпольскага, Чароўнага.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 30 штурмаў расіян у раёнах Ніканораўкі, Радзінскага, Грышына, Котліна, Удачнага, Новамікалаеўкі і іншых.

На Ліманскім і Канстанцінаўскім кірунках расійцы правялі па 17 атак на кожным.

На Славянскім кірунку армія РФ штурмавала 12 разоў паблізу Закітнага, Рэзнікаўкі і ў бок Крывой Лукі, Рай-Аляксандраўкі.

На Паўднёва-Слабажанскім кірунку расіяне 10 разоў атакавалі пазіцыі УСУ паблізу Старыцы, Лімана, Ваўчанскіх Хутароў і ў кірунку Ахрымаўкі, Дварычанскага.

* * *

У ноч на 8 чэрвеня Расія атакавала Украіну 155 ударнымі БПЛА тыпу Shahed, «Гербера», «Італмас», «Бандэроль» і дронамі-імітатарамі тыпу «Пародыя». Супрацьпаветранай абаронай збіта і задушана 124 БПЛА на поўначы, поўдні і ўсходзе краіны.

Раніцай 8 чэрвеня расійскія войскі атакавалі беспілотнікамі жылыя дамы ў Канатопе Сумскай вобласці. У выніку —  трое параненых, пад заваламі знаходзіцца па меншай меры адзін чалавек. Працягваецца пошукава-выратавальная аперацыя.

Начальнік Адэскай ГВА Сяргей Лысак паведаміў пра атаку на горад. Папярэдне ёсць двое пацярпелых: людзі чакалі транспарт на прыпынку, калі трапілі пад удар. Іх шпіталізавалі з асколачнымі раненнямі.

У ноч на 8 чэрвеня ў расійскім Наварасійску была атакавана перавалачная нафтабаза Грушавая балка. Гэта найбуйнейшае нафтасховішча на Каўказе, яго магутнасць — 1,2 млн тон нафтапрадуктаў. Праз Грушаваю балку праходзіць размеркаванне і перавалка паліва для ваеннай тэхнікі, флоту і лагістыкі арміі РФ на поўдні.

* * *

716650097_1354099833569758_4684236492729416473_n.jpg

* * *

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў інтэрв’ю Sky News патлумачыў, чаму апублікаваў адкрыты ліст кіраўніку РФ Уладзіміру Пуціну. «Я апублікаваў адкрыты ліст таму што не ведаю, прачытае ён (Пуцін) ліст, ці не. Адкрыты ліст азначае, што ён павінен адказаць нам на тое, што важна для яго грамадства, таму што яго грамадства жыве ў нейкім фантастычным свеце, дзе яны нікога не атакавалі, дзе гэта не іх агрэсіўная вайна... Яны адключылі інтэрнэт і многае іншае. У нас не так шмат магчымасцей падаваць сігналы гэтай краіне, краіне-агрэсару», — сказаў Зяленскі.

Рэагуючы на рэпліку вядучай пра тое, што апублікаванае пісьмо было «дзёрзкім», Зяленскі сказаў: «Вы не чыталі першую версію!».

Пры гэтым Зяленскі прызнаў, што сустракаўся ў Кіеве з расійскім алігархам Раманам Абрамовічам, які прыехаў у Кіеў з пасланнем ад Пуціна. «Абрамовіч… сказаў, што гэта павінна быць ціха, без якой-небудзь агалоскі. Я сказаў: "Гэта ваш выбар, для нас не мае значэння, публічна гэта ці не". Але з рускімі заўсёды так: калі яны гавораць, што нешта павінна застацца паміж намі, гэта азначае, што заўтра пра гэта будзем ведаць не толькі мы».

«Мы гаварылі пра магчымы кампраміс. Я сказаў, што ўсе кампрамісы – пасля спынення агню. Спыненне агню — гэта самы вялікі кампраміс з нашага боку», — расказаў Зяленскі і адзначыў, што сказаў Абрамовічу пра сваю гатоўнасць сустрэцца з Пуціным, але не ў Расіі і не ў Беларусі.

«Я сказаў: "Вы можаце выбраць любы час, пачынаючы з заўтрашняга дня, любы дзень і фармат, мы можам выбраць з прэзідэнтам Трампам — я ўпэўнены, што ён будзе гатовы прыехаць, мы можам зрабіць гэта з еўрапейцамі — я ўпэўнены, што ўсе хочуць дапамагчы, ці мы можам выбраць шлях толькі двухбаковай сустрэчы"», — сказаў прэзідэнт Украіны.

* * *

Лідары Вялікабрытаніі, Францыі і Германіі і Украіны Кір Стармер, Эмануэль Макрон, Фрыдрых Мерц і Уладзімір Зяленскі ў сумеснай заяве па выніках сустрэчы ў Лондане вызначылі пяць умоў для справядлівага міру. Заява апублікавана на сайце брытанскага ўрада.

Лідары выразна заявілі, што ўсе намаганні павінны ажыццяўляцца ў цеснай супрацы з Украінай, больш шырокімі еўрапейскімі партнёрамі і ЗША. У заяве названы пяць умоў, якія павінны быць створаны для справядлівага і доўгага міру.

  1. Спыненне баявых дзеянняў. Яны заклікалі Пуціна пагадзіцца на неадкладнае і поўнае спыненне агню.
  2. Цяперашняя лінія сутыкнення павінна стаць адпраўной кропкай для перамоў. Міжнародныя граніцы нельга мяняць сілай, а суверэннае права Украіны абіраць уласныя механізмы бяспекі і саюзы павінна паважацца ў поўным аб’ёме.
  3. Пасля ўступлення ў сілу перамір’я Украіна павінна атрымаць надзейныя і юрыдычна абавязковыя гарантыі бяспекі, заснаваныя на абавязацельствах, узятых у Берліне ў снежні 2025 года і ў Парыжы ў студзені 2026 года. Гэта прадугледжвае разгортванне шматнацыянальных сіл ва Украіне.
  4. Расійскія актывы застануцца замарожанымі, пакуль Расія не спыніць сваю агрэсіўную вайну і не кампенсуе Украіне шкоду, прычыненую вайной.
  5. У любым пагадненні павінны быць абаронены еўрапейскія інтарэсы бяспекі. Элементы любых перамоў, якія датычацца ЕС і NATO, запатрабуюць згоды адпаведна ЕС і яго дзяржаў-членаў, а таксама саюзнікаў па NATO.

У заяве лідары асудзілі маштабныя ракетныя і беспілотныя атакі РФ супраць Украіны, у тым ліку неаднаразовае выкарыстанне ракет «Арэшнік», а таксама ўварванне расійскіх беспілотнікаў на тэрыторыю NATO. Акрамя таго, лідары абмеркавалі далейшую падтрымку Украіны, а таксама тое, як NATO «можа пераняць вопыт Украіны на полі бою і як узмацніць доўгатэрміновую прамысловую супрацу з Украінай для ўмацавання ўласнай абароны Еўропы».

* * *

На шосты год паўнаштабнай вайны супраць Украіны расійскі дыктатар Уладзімір Пуцін усё часцей аказваецца перад выбарам паміж прадаўжэннем вайны і захаваннем расійскай дзяржавы, лічыць былы спецпрадстаўнік ЗША па пытаннях Украіны Курт Волкер.

«Ён уклаў у гэта настолькі шмат, перабудаваўшы расійскую эканоміку для падтрымкі гэтай вайны, што ўсё часцей аказваецца перад выбарам: працягваць вайну і рэалізоўваць сваё бачанне ці захаваць расійскую дзяржаву», — сказаў Волкер у эфіры канала LIGA.net.

На ўдакладненне, ці сапраўды існуе такі выбар, ён адказаў, што Пуцін аслабляе расійскую дзяржаву. «І можа аслабіць яе настолькі, што паўстане перад выбарам: разбурыць расійскую дзяржаву дзеля свайго бачання і ўласнай спадчыны ці зрабіць паўзу, каб стабілізаваць краіну. Думаю, менавіта да такога выбару яму давядзецца прыйсці», — дадаў Волкер.

Таксама, паводле яго слоў, завяршэнне вайны можа стаць для Крамля асобнай праблемай, паколькі Расіі давядзецца інтэграваць у грамадства сотні тысяч мабілізаваных і завербаваных зняволеных, якія вернуцца з фронту.

* * *

Украіна пачала маштабную аперацыю па прымушэнні Расіі да міру, піша брытанскае выданне The Telegraph. Паводле выдання, гэты прымус заключаецца ў пераразанні сухапутнага калідора ў Крым. Такая спроба правалілася падчас маштабнага контрнаступлення Украіны 2023 года, але цяпер УСУ дзейнічаюць іншымі метадамі і, падобна, дасягаюць поспеху.

Выданне звяртае ўвагу на трасу Р-280, якая злучае Растоў-на-Доне з акупаванымі Марыупалем, Бярдзянскам, Мелітопалем і Крымам. Гэта магістраль стала адной з галоўных мэтаў украінскіх беспілотнікаў. На працягу апошніх тыдняў на маршруце рэгулярна знішчаюцца грузавікі, палівазапраўшчыкі і іншая тэхніка, якая забяспечвае расійскія войскі.

Як піша The Telegraph, кампанія накіравана на ізаляцыю Крыма, але не танкамі і пяхотай, а беспілотнікамі. Канчатковы вынік будзе залежаць ад таго, ці зможа Украіна захаваць перавагу ў беспілотных тэхналогіях і працягнуць нарошчваць ціск на расійскую лагістыку.

Эксперты, з якімі гаварыў аўтар публікацыі, прыводзяць яшчэ адно прынцыповае адрозненне ад контрнаступлення 2023 года — тады Украіна шырока анансавала свае планы, і расіяне выразна разумелі, да чаго ім трэба рыхтавацца. Цяпер усё адбываецца з значна больш высокім узроўнем сакрэтнасці: усе бачаць толькі тое, што ўжо адбываецца. «Не чакайце, што ўкраінцы загадзя аб’явяць пра свой наступны крок», — дадае аўтар артыкула.