Намесніцу дырэктара школы з Беняконяў асудзілі за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці». Хронікі рэпрэсій 11 верасня

31-гадовая Кацярына Барташэвіч, якая працавала намесніцай дырэктара па выхаваўчай рабоце ў школе ў Беняконях Воранаўскага раёна, атрымала «хатнюю хімію» паводле артыкула аб «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці». Палітзняволеную Яну Пінчук адправілі ў ШІЗА на 15 сутак пасля размовы з супрацоўнікам ГУБАЗіК. Яшчэ 19 чалавек дадалі ў «спіс экстрэмістаў», а дзвюх настаўніц з Гомельшчыны маглі пераследаваць у «справе Гаюна».

1_1097_1.png

Кацярыну Барташэвіч асудзілі на «хатнюю хімію»

31-гадовую Кацярыну Барташэвіч, якая працавала намесніцай дырэктара па выхаваўчай рабоце ў школе ў Беняконях Воранаўскага раёна, асудзіў Гродзенскі абласны суд.

Жанчыну абвінавацілі паводле частак 1 і 2 артыкула 361-4 Крымінальнага кодэкса — «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці». Суд прызначыў ёй пакаранне ў выглядзе «хатняй хіміі».

Акрамя таго, працаваць у школе яна не зможа, паколькі ўлады ўнеслі яе ў спіс асоб, звязаных з «экстрэмісцкай дзейнасцю».

Пра гэта паведамляе «Наша Ніва».

Яну Пінчук адправілі ў ШІЗА на 15 сутак

Палітзняволеную Яну Пінчук у пачатку верасня адправілі на 15 сутак у ШІЗА пасля размовы з супрацоўнікам ГУБАЗіК.

Паводле «Медыязоны», у канцы жніўня ў гомельскую жаночую калонію прыязджаў начальнік аддзела ГУБАЗіК Артур Гайко, які выклікаў на размовы некаторых палітзняволеных. Сярод іх была і Яна Пінчук.

Прыкладна праз тыдзень пасля гэтай размовы на яе пачалі складаць рапарты. У выніку жанчыну пазбавілі спаткання, а 1 верасня адправілі ў ШІЗА на 15 сутак.

Крыніца «Медыязоны» сцвярджае, што калонія сама не ініцыявала б гэтыя рапарты і што гэта робіць ГУБАЗіК. У Яны Пінчук астма. Таксама крыніца дапускае, што ў нейкі момант яна магла знаходзіцца ў бальніцы.

У «спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 19 чалавек

11 верасня МУС Беларусі абнавіла «Пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці». У яго дадалі яшчэ 19 прозвішчаў. Цяпер у спісе 6906 чалавек.

Сярод іх — вакалістка гурта Dymna Lotva Кацярына Манкевіч, у дачыненні да якой у чэрвені гэтага года распачалі спецвытворчасць. Жанчыну абвінавачваюць у «прапагандзе тэрарызму», «фінансаванні тэрарыстычнай дзейнасці», «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці», «пагрозе гвалтам у дачыненні да Лукашэнкі» і «абразе Лукашэнкі».

У спіс таксама ўнеслі праваслаўнага верніка з Гродна Дзяніса Адаміна пад №6888. У спісе МУС пазначана, што ён адбывае пакаранне.

Раней Адаміна ўжо ўнеслі ў «спіс тэрарыстаў». Цяпер стала вядома, што прысуд Гродзенскага абласнога суда набыў моц. Верніка асудзілі на шэсць гадоў і штраф 4500 рублёў паводле шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэкса, у тым ліку за «распальванне варожасці», «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці», «абразу прэзідэнта» і «абразу прадстаўніка ўлады».

Дзвюх настаўніц з Гомельшчыны маглі пераследаваць у «справе Гаюна»

У Гомельскім абласным судзе вынеслі прысуды дзвюм жанчынам, якіх, верагодна, пераследавалі ў межах «справы Гаюна». Абедзвюх прызналі вінаватымі паводле частак 1 і 2 артыкула 361-4 Крымінальнага кодэкса — «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці».

36-гадовую былую настаўніцу гісторыі Капцэвіцкай сярэдняй школы Петрыкаўскага раёна Вольгу Острыкаву абвінавацілі паводле гэтага артыкула. Прысуд пакуль высвятляецца. Вядома, што ён не звязаны са зняволеннем. Найбольш верагодна, жанчыне прызначылі абмежаванне волі без накіравання ў карную ўстанову.

Часткі 1 і 2 артыкула 361-4 улады найчасцей выкарыстоўваюць у якасці фармальнай падставы для пераследу ў гучнай справе маніторынгавага Telegram-канала «Беларускі Гаюн». Ён адсочваў дзеянні расійскай арміі на тэрыторыі Беларусі перад і падчас яе ўзброенага ўварвання ва Украіну, у тым ліку з тэрыторыі нашай краіны.

У Гомельскім абласным судзе таксама вынеслі палітычна матываваны прысуд 28-гадовай настаўніцы-дэфектолагу з дзіцячага садка № 1 Жыткавіч Яніне Гудковай. Яе прызналі вінаватай паводле частак 1 і 2 артыкула 361-4 Крымінальнага кодэкса.

Прысуд Гудковай таксама пакуль высвятляецца, але вядома, што ён не звязаны са зняволеннем. Найбольш верагодна, жанчыне прызначылі абмежаванне волі без накіравання ў карную ўстанову.

Пра гэта паведамляе «Гомельская Вясна».