Праваабаронцы: Паездкі ў Беларусь застаюцца небяспечнымі. Хронікі рэпрэсій 9 верасня

 Нават кароткая паездка ў Беларусь можа скончыцца затрыманнем, крымінальнай справай і зняволеннем, папярэджвае «Вясна». Праваабаронцы таксама паведамляюць пра фэйкавую форму для былых палітвязняў і працяг судоў па «справе Гаюна». Тым часам пасля абавязковай перарэгістрацыі ў дзвюх абласцях ліквідавалі не менш за 35 рэлігійных арганізацый.

1_1097_1.png

Пасля перарэгістрацыі ліквідавалі не менш за 35 рэлігійных арганізацый

Экспертная арганізацыя Lawtrend у сваім маніторынгу паводле звестак партала ЕГР выявіла не менш за 35 рэлігійных арганізацый, прымусова ліквідаваных пасля завяршэння абавязковай перарэгістрацыі.

20 арганізацый ліквідавалі ў Магілёўскай вобласці, яшчэ 15 — у Брэсцкай. Рашэнні абласныя суды прымалі са снежня 2025 года па ліпень 2026 года.

Сярод ліквідаваных арганізацый найбольш было пратэстанцкіх абшчын: восем пяцідзесятніцкіх, сем баптысцкіх, тры абшчыны хрысціян поўнага Евангелля і дзве лютэранскія.

Таксама ліквідавалі шэсць праваслаўных прыходаў, тры грэка-каталіцкія і два рымска-каталіцкія прыходы.

У пералік таксама ўвайшлі армянская апостальская і іудзейская абшчыны, абшчына Царквы Хрыстовай і абшчына Міжнароднага таварыства свядомасці Крышны.

Па «справе Гаюна» пацверджана 234 асуджаныя

«Вясна» на сёння мае інфармацыю пра 234 пацверджаных асуджаных менавіта па «справе Гаюна».

Агульная колькасць фігурантаў гэтай справы значна большая. Затрыманні адбываюцца па ўсёй Беларусі да гэтага часу.

Суды па «справе Гаюна» адбываюцца літаральна кожны дзень. З пачатку года ў «спіс экстрэмістаў» МУС дадалі 526 чалавек, асуджаных за «садзейнічанне экстрэмізму». Пераважная большасць з іх праходзіць менавіта па «справе Гаюна».

Паводле інфармацыі «Вясны», у асноўным фігурантам справы прызначаюць «хатнюю хімію», але вядомыя і выпадкі, калі людзей пазбаўляюць волі.

Нават кароткая паездка ў Беларусь можа скончыцца пераследам

«Вясна» працягвае атрымліваць інфармацыю пра выпадкі, калі беларусаў затрымліваюць пасля вяртання ў краіну з-за мяжы. Пра адзін з такіх выпадкаў праваабаронцам стала вядома на гэтым тыдні.

Праваабаронцы падкрэсліваюць, што нават кароткая паездка дадому можа скончыцца затрыманнем, крымінальнай справай і некалькімі месяцамі ці нават гадамі зняволення.

Рызыка пераследу захоўваецца і для тых, хто едзе ў Беларусь ненадоўга — наведаць родных, вырашыць асабістыя справы, забраць дакументы ці рэчы.

Перад паездкай у Беларусь важна ўлічваць гэтыя рызыкі і не ўспрымаць адсутнасць папярэдніх праблем з сілавікамі як гарантыю бяспекі.

Былым палітвязням прапануюць запоўніць фэйкавую форму

«Вясне» стала вядома, што з акаўнта @dapamoga_pzk былым палітвязням пішуць невядомыя і прапануюць запоўніць фэйкавую форму нібыта для атрымання дапамогі.

Паводле звестак праваабаронцаў, гэты акаўнт можа быць звязаны з беларускімі сілавікамі.

Невядомыя могуць прадстаўляцца супрацоўнікамі арганізацый і ініцыятыў, якія дапамагаюць палітвязням і былым палітвязням, у тым ліку «Вясны».

Праваабаронцы заклікаюць не перадаваць асабістыя звесткі невядомым асобам і не запаўняць падазроныя формы. Таксама яны раяць верыфікаваць акаўнты, якія прапануюць дапамогу, праз афіцыйныя сайты і сацсеткі праваабарончых арганізацый і ініцыятыў.

У маці Ігара Кляшчука адбыўся ператрус

Палітычны актывіст і мастак Ігар Кляшчук, які цяпер знаходзіцца ў эміграцыі, распавёў у сацсетцы Threads пра ператрус у ягонай маці.

«Следчыя сказалі, што супраць мяне заведзена некалькі крымінальных спраў», — напісаў ён.