Рашэнне па справе Гараўскага агучаць публічна

Рашэнне па апеляцыі ў справе Юрыя Гараўскага ўсё ж будзе агучана публічна. Пра гэта карэспандэнту «Новага Часу» Вользе Класкоўскай паведаміў Кантанальны суд Санкт-Галена.

Юрый Гараўскі. Кантанальны суд Санкт-Галена, 22 верасня 2026. Фота Вольгі Класкоўскай.

Юрый Гараўскі. Кантанальны суд Санкт-Галена, 22 верасня 2026. Фота Вольгі Класкоўскай.

Юрый Гараўскі — былы баец беларускага САХРу, які прызнаваўся ў датычнасці да выкрадання былога міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі, а таксама Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага. У 2023 годзе суд першай інстанцыі апраўдаў яго па абвінавачаннях у шматлікіх гвалтоўных знікненнях. Прадстаўнікі пацярпелых абскардзілі гэтае рашэнне.

Падчас пасяджэння 22 верасня суддзя спытаў Гараўскага, хто, паводле яго, аддаў загад на выкраданні. Гараўскі заявіў, што пра гэта Паўлічэнку паведаміў Сівакоў, а Сівакову загад аддалі Лукашэнка і Шэйман. Паводле Гараўскага, загад быў аддадзены вусна.

Гараўскі таксама заявіў, што нават у выпадку змены ўлады ў Беларусі вярнуцца ў краіну не зможа, бо, на яго думку, будзе асуджаны і расстраляны. У канцы пасяджэння ён адмовіўся ад апошняга слова.

Паводле паведамлення суда, вуснае абвяшчэнне рашэння адбудзецца 26 кастрычніка а 10:00 у галоўнай зале Кантанальнага суда Санкт-Галена.

Раней пасля пасяджэння 22 верасня суд паведамляў, што рашэнне будзе апублікавана на афіцыйнай старонцы суда да сярэдзіны кастрычніка. Цяпер стала вядома, што яно таксама будзе абвешчана ў адкрытым пасяджэнні.