На беларускім падмурку: абноўлены помнік Касцюшку ў Швейцарыі
У швейцарскім Залатурне адкрылі абноўлены помнік Тадэвушу Касцюшку. Бронзавы манумент, усталяваны ў 2017 годзе, цяпер стаіць на прыродным валуне, прывезеным з Беларусі. Цырымонія адкрыцця і прамовы арганізатараў гучалі па-беларуску.

Сёння швейцарскі горад Залатурн зноў стаў цэнтрам яднання беларускай гісторыі і еўрапейскай супольнасці. У гарадскім парку адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцця абноўленага помніка нацыянальнаму герою Беларусі, Польшчы і ЗША — генералу Тадэвушу Касцюшку.

Мерапрыемства прымеркавана да дзён памяці славутага ваеннага і палітычнага дзеяча, які знайшоў свой апошні прытулак у Залатурне ў кастрычніку 1817 года.

Галоўнай адметнасцю маштабнай рэканструкцыі стала тое, што бронзавы манумент, усталяваны тут яшчэ ў 2017 годзе, цяпер узвышаецца на масіўным прыродным валуне, прывезеным наўпрост з Беларусі. Разам з каменем прастору вакол помніка выбрукавалі аўтэнтычнай беларускай пліткай, штостварыла не толькі сімвалічную, але і фізічную сувязь мемарыяла з роднай зямлёй Касцюшкі.

Праект быў цалкам рэалізаваны на сродкі беларускіх прыватных мецэнатаў па ініцыятыве кіраўніка дабрачыннага фонда імя Марыі Магдалены Радзівіл Алеся Сапегі і грамадскай ініцыятывы MALDZIS.
Адметна, што ўся афіцыйная цырымонія і прамовы арганізатараў у самым сэрцы Швейцарыі гучалі на беларускай мове. Пасля адкрыцця помніка госці і прадстаўнікі дыяспары, а таксама былыя палітвязні накіраваліся ў мясцовы Музей Касцюшкі.

Фота: Вольга Класкоўская, "Новы Час"










