Агульныя страты расіян ў вайне ва Украіне перавысілі 1 мільён 500 тысяч чалавек

Агульныя страты асабовага складу расіян ў вайне перавысілі 1 мільён 500 тысяч чалавек. Але, нягледзячы на гэта, Пуцін і надалей плануе забіваць расійцаў у вайне з Украінай — у войску РФ дзе-нідзе ўжо пачалася падрыхтоўка да зімовай кампаніі, пішуць амерыканскія эксперты. Ідуць 1659-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота GettyImages

Фота GettyImages

На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 263 баявыя сутыкненні, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 9 верасня.

На Пакроўскім кірунку было адбіта 49 атак расіян ў бок населеных пунктаў Дарожнае, Біліцкае, Новы Донбас, Вадзянскае, Шаўчэнка, Надзея, Мірнае, Сяргееўка, Удачнае, Навамікалаеўка, Навападгародняе, Дабраполле, Ганнаўка, Чырвонападдолле і Навапаўлаўка.

На Канстанцінаўскім кірунку зафіксавана 17 атак у раёнах населеных пунктаў Канстанцінаўка і ў бок Навасёлаўкі, Мікалаеўкі, Шахавага, Сафіеўкі, Русінага Яру, Іллінаўўкі і Кучарава Яру.

На Ліманскім кірунку расіяне 11 разоў атакавалі ў бок населеных пунктаў Шыйкаўка, Дружалюбўка, Навасёлаўка, Ліман і Дзіброва.

На Паўднёва-Слабажанскім кірунку ўкраінскія войскі адбілі 10 атак у бок населеных пунктаў Ліман, Старыца, Ваўчанск, Чайкаўка, Малая Воўчая, Рубежнае і Усцінаўка.

На Гуляйпільскім кірунку расіяне атакавалі пазіцыі абаронцаў Украіны дзевяць разоў у бок населеных пунктаў Дабраполле, Раздзянка, Касаўцава, Цвятковага і Чароўнага.

* * *

За мінулыя суткі Сілы абароны Украіны знішчылі 1480 расійскіх захопнікаў, агульныя страты асабовага складу расіян ў вайне перавысілі 1 мільён 500 тысяч чалавек.

За апошнія некалькі сутак Сілы абароны Украіны прасунуліся наперад на Славянскім кірунку ў Данецкай вобласці, паведамляе амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW). Расійскія крыніцы публічна прызналі, што армія РФ больш не кантралюе некаторыя пазіцыі на ўсход ад Лімана, на захад ад Іванаўкі, у паўночна-заходняй частцы Зарэчнага і на паўночным усходзе Ямпаля. Раней расіяне заяўлялі аб прасоўванні або прысутнасці ў гэтых раёнах.

Украінскія ваенныя таксама абвяргаюць заявы РФ аб нібыта прасоўванні ў Святагорску. Па словах украінскіх байцоў, расійскія войскі павялічылі колькасць штурмаў на Ліманскім кірунку і назапашваюць там сілы, аднак нясуць страты з-за ўдараў УСУ.

Расійскія войскі нядаўна прасунуліся на Канстанцінаўскім і Пакроўскім кірунках. Геалакацыйныя кадры сведчаць, што расіяне, верагодна, захапілі Мірнае, што на паўночны захад ад Пакроўска, а таксама Васільеўку непадалёк.

Украінскія ваенныя, па даных расійскіх крыніц, контратакавалі паблізу Заходняга, на поўнач ад Купянска. Расійскае камандаванне рыхтуецца да зімовай кампаніі і фарміруе спісы ваенных, якія павінны застацца ў Купянску. Гэта можа сведчыць, што РФ не разлічвае скончыць бітву за горад увосень.

* * *

Ноччу Расія атакавала ўдарнымі БпЛА міжнародны аўтамабільны пункт пропуску «Стараказачае» ў Адэскай вобласці на мяжы з Малдовай. Загінулі два чалавекі і яшчэ трое пацярпелі — усе грамадзянскія, якія знаходзіліся каля пункта пропуску ў чаканні афармлення.

Ноччу расійскія войскі нанеслі ўдары па Кіеве і Кіеўскай вобласці, у выніку ўзніклі пажары, было пашкоджана прадпрыемства харчовай прамысловасці ў Белай Царкве, а таксама нежылы будынак, гараж і грузавыя аўтамабілі ў Кіеве.

Расійская атака на Дняпро выклікала пашкоджанні больш за 10 прыватных дамоў і як мінімум аднаго шматпавярховага будынка. Два чалавекі атрымалі раненні.

Трапленне расійскага беспілотніка ў шматпавярховы будынак адбылося ў адным з раенаў Харкава. Аб пацярпелых не паведамляецца.

У ноч на 9 верасня беспілотнікі атакавалі Наварасійск Краснадарскага краю РФ, у выніку на тэрыторыі мазутнага тэрмінала ўзнік пажар.

* * * 

801465144_1684391185994479_4189611387404009868_n.jfif

* * *

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп правёў тэлефонную размову з расійскім лідарам Уладзімірам Пуціным. Яна адбылася пасля візітаў пасланнікаў Трампа Стыва Уіткафа і Джарэда Кушнера ў Маскву, і упершыню — у Кіеў.

Памочнік кіраўніка Крамля Юрый Ушакоў паведаміў журналістам, што размова была «канструктыўнай і адкрытай» і доўжылася роўна гадзіну, але дадаў, што яна была «строга канфідэнцыяльнай».

Ён дадаў, што прэзідэнты абмяняліся меркаваннямі адносна нядаўніх візітаў у Маскву і Кіеў Уіткафа і Кушнера, чые намаганні па прасоўванні перагавораў былі ацэнены станоўча.

Ушакоў пераконвае, што Пуцін даў Трампу нібыта «рэалістычную ацэнку» сітуацыі на поле бою, і два бакі абмеркавалі, што Вашынгтон можа зрабіць, каб дапамагчы хутчэй спыніць баявыя дзеянні.

Пуцін таксама спрабаваў пераканаць лідара ЗША, што Масква «не мае ніякіх агрэсіўных планаў супраць Еўропы наогул».

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў гэты час паведаміў, што разлічвае на сустрэчу з Трампам, якая, папярэдне, можа адбыцца ўжо ў 20-х чыслах верасня. Па словах Зяленскага, Кіеў і Вашынгтон дамовіліся спачатку падрыхтаваць дэталі паміж сабой, а ўжо потым камунікаваць публічна. Магчымымі месцамі для трохбаковай сустрэчы Зяленскі назваў ААЭ, Швейцарыю, Турцыю.

Пазней прадстаўнік міністэрства замежных спраў Георгій Ціхі дадаў, што асабістая сустрэча прэзідэнтаў Украіны і ЗША ўжо папярэдне ўзгоднена.

* * *

Еўрапейскія і амерыканскія чыноўнікі змірыліся з тым, што расійска-ўкраінская вайна працягнецца ў наступным годзе, бо апошняя амерыканская мірная ініцыятыва не дала ніякіх вынікаў, піша Bloomberg.

Па даных Bloomberg, Джаред Кушнер і Стыў Уіткаф не дасягнулі значнага прагрэсу ў ходзе перамоў у Маскве і Кіеве. Пуцін не прадэманстраваў ніякіх прыкмет змякчэння сваёй пазіцыі: ён імкнецца ўзяць пад кантроль усю Данецкую вобласць у межах любога пагаднення аб спыненні вайны.

Па словах аднаго з суразмоўцаў, план Расіі на бліжэйшыя шэсць месяцаў заключаецца ва ўзмацненні ўдараў па энергетычнай і ацяпляльнай інфраструктуры Украіны, каб зрабіць жыццё грамадзянскага насельніцтва невыносным, а таксама ва ўзмацненні гібрыдных атак і палітычнага ўмяшання ў Еўропе з мэтай падрыву падтрымкі Кіева. Лідар Крамля разлічвае наступнай вясной выйсці з сітуацыі з больш моцнымі пазіцыямі, пры гэтым утрымліваючы на плыву эканоміку Расіі, якая знаходзіцца ва ўсё больш напружаным стане.

Сур'ёзныя перамовы наўрад ці адбудуцца, прынамсі, да наступнага года, дадаў іншы іншы суразмоўца выдання. Чыноўнікі адзначылі, што саюзнікі Украіны павінны адрэагаваць, надаўшы прыярытэтную ўвагу пастаўкам сродкаў супрацьпаветранай абароны, каб дапамагчы Кіеву абараніцца.

* * *

Польшча па выніках 36-га пасяджэння «Рамштайн» абвясціла аб падрыхтоўцы новага пакета дапамогі Украіне на 50 млн еўра. Частка гэтай падтрымкі накіруюць на сродкі супрацьпаветранай абароны.

Генеральны сакратар НАТА Марк Рутэ паведаміў, што саюзнікі Украіны за апошні год вылучылі больш за 10 млрд долараў на закупку амерыканскага ўзбраення для Украіны ў рамках механізма PURL і праграмы продажу ваеннай тэхнікі за мяжу. Пастаўкі зброі пры гэтым працягваюцца без перапынкаў.