Расійскі дрон ледзь не збіў самалёт Зяленскага ў Малдове?

Самалёт прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага, які ва аўторак накіроўваўся з Малдовы ў Осла, затрымаўся з-за пагрозы з боку беспілотніка. Па словах прэм'ер-міністра Нарвегіі Ёнаса Гара Стэрэ, падчас узлёту дрон ледзь не патрапіў у самалёт украінскага прэзідэнта. Малдова ў гэты час сапраўды закрывала сваю паветраную прастору з-за залёту расійскага БпЛА. Ідуць 1660-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Ілюстрацыйнае фота GettyImages

Ілюстрацыйнае фота GettyImages

На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 277 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 10 верасня.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 44 атакі ў раёнах Біліцкага, Сяргееўкі, Удачнага і Маладзецкага, а таксама ў кірунках Дарожнага, Мікалаеўкі, Вадзянскага, Надзеі, Васільеўкі, Тарэцкага, Стэпавага, Ганнаўкі, Дабраполля, Шаўчэнкі, Светлага і Мацяшава.

На Паўднёва-Слабажанскім кірунку ўкраінскія падраздзяленні адбілі 14 атак расіян у раёнах Казачай Лапані, Лімана і Старыцы, а таксама ў кірунках Шырокага і Чугунаўкі.

На Гуляйпольскім кірунку расіяне 10 разоў атакавалі ў раёне Горкага, а таксама ў кірунках Радзянкі, Цярнаватага і Чароўнага.

На Канстанцінаўскім кірунку зафіксавана сем атак. Захопнікі вялі штурмавыя дзеянні ў раёнах Канстанцінаўкі, Іллінаўўкі і Доўгай Балкі.

* * *

У ноч на 10 верасня расіяне атакавалі Украіну 149 ударнымі дронамі, з якіх 128 удалося абясшкодзіць, паведамляюць Паветраныя сілы УСУ. Атака РФ працягваецца, у паветранай прасторы дагэтуль знаходзяцца расійскія беспілотнікі.

Вечарам 9 верасня расійская армія нанесла ўдар па паркоўцы каля ГЦ «Мануфактура» ў Сумах. загінулі двое чалавек: 21-гадовы хлопец і дзяўчына, 20 чалавек атрымалі раненні.

Расіяне вечарам 9 верасня атакавалі Харкаў. Было зафіксавана трапленне на тэрыторыі навучальнай установы, па аўтамабілі, па жылым шматкватэрным доме. Пацярпела два чалавекі.

Расіяне ў ноч на 10 верасня атакавалі дронамі Крывы Рог, узніклі пажары на тэрыторыях жылых дамоў, навучальных устаноў і бізнесу. Пяць чалавек атрымалі раненні.

У Хмяльніцкім у выніку збіцця паветранай мэты сіламі ПВА адбылося падзенне абломкаў і ўзнік пажар на тэрыторыі аднаго з рынкаў. Падчас разгортвання супрацоўнікаў ДСНС на месцы здарэння адбылася паўторная дэтанацыя, у выніку выбуху траўміраваны 4 ратавальнікі.

9 верасня падраздзяленні Deep Strike Сіл спецыяльных аперацый паспяхова нанеслі ўдар па двух прадпрыемствах газакандэнсататнай прамысловасці Расіі — Новаўрэнгойскім і Пураўскім заводах. Адзначаецца, што гэта — самае глыбокае паражэнне ў Расіі за ўвесь час вайны. Абодва прадпрыемствы размешчаны ў Ямала-Ненецкай аўтаномнай акрузе — адным з ключавых нафтагазоздабываючых рэгіёнаў РФ. Да мэты дроны ССА пераадолелі больш за 3000 кіламетраў.

* * * 

802173305_2126687804864131_2697283216026926152_n.jfif

* * *

Ва Украіне амаль вычарпаны запасы ракет амерыканскай вытворчасці AIM-120 і AIM-9 для знішчальнікаў F-16, з дапамогай якіх перахопліваюцца расійскія крылатыя ракеты і новыя рэактыўныя дроны, піша The Economist.

Па даных выдання, украінскай супрацьпаветранай абароне не хапае ракет для збівання новых расійскіх БПЛА «Герань-4» і «Герань-5», якія лятаюць са хуткасцю да 600 км/г, а тэмпы іх вытворчасці ў Расіі дасягаюць каля 3000 адзінак у месяц.

Турбарэактыўныя рухавікі для іх у асноўным пастаўляюцца з Кітая, аднак частка агрэгатаў вырабляецца непасрэдна ў РФ на кантрабандных заходніх 3D-прынтарах. Нараўне з больш габарытнымі дронамі «Бандэроль» гэтыя беспілотнікі ўсё больш нагадваюць недарагія крылатыя ракеты, для абясшкоджвання якіх знішчальнікам F-16 крытычна не хапае ракет AIM-120 і AIM-9.

Украіна распрацоўвае ўласныя дроны-перахопнікі для процідзеяння расійскім БПЛА, аднак пакуль сітуацыя з абаронай складаная.

* * *

Намеснік кіраўніка Саўбеза РФ і кіраўнік партыі «Адзіная Расія» Дзмітрый Мядзведзеў адмаўляе правядзенне мабілізацыі ў РФ гэтай восенню. Ён таксама назваў чуткі аб ёй «ілжывай правакацыяй Кіева», пішуць расійскія СМІ.

Мядзведзеў заявіў, што Украіна распаўсюджвае «чуткі аб мабілізацыі» ў РФ, каб раскалоць грамадства перад выбарамі ў Дзярждуму. «Відавочна, што вораг спрабуе выкарыстаць электаральны перыяд, каб аслабіць краіну знутры. Каб раскалоць грамадства, усямерна раскачаць сітуацыю. І, у канчатковым рахунку, перашкодзіць  нам дасягнуць мэт спецаперацыі. Не даць нам перамагчы. Мы бачым па колькасці настырных укідаў і смярдзючых фэйкаў, як актыўна яны стараюцца гэты шанец выкарыстаць», — заявіў намкіраўніка Саўбеза РФ.

Ён таксама ўспомніў нядаўнія словы Пуціна, які таксама адмаўляў планы аб правядзенні мабілізацыі ў РФ.

* * *

У Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы быў прапанаваны механізм, які можа дазволіць перадаць Украіне замарожаныя расійскія актывы на падставе рашэнняў Еўрапейскага суда па правах чалавека, паведамляе прэс-служба ПАСЕ.

Юрыдычны камітэт ПАСЕ зацвердзіў праект рэзалюцыі і рэкамендацыю, падрыхтаваную на аснове даклада прадстаўніка Вялікабрытаніі Тоні Вагана. У дакуменце адзначаецца, што накіраванне расійскіх актываў для выплаты кампенсацый Украіне ў адпаведнасці з рашэннямі ЕСПЧ можа быць законнай контрмерай і адпавядаць нормам міжнароднага права.

У ПАСЕ нагадалі, што ЕСПЧ ужо прызнаў Расію адказнай за сур'ёзныя парушэнні правоў чалавека ў рамках вайны супраць Украіны па двух міждзяржаўных справах. У той жа час канкрэтны памер «справядлівай кампенсацыі» Украіне суд пакуль не вызначыў. Улічваючы маштабы шкоды, нанесенай Украіне ў выніку расійскай агрэсіі, гаворка ідзе патэнцыйна аб дзясятках ці сотнях мільярдаў еўра.

У ПАСЕ падкрэслілі, што выхад Расіі з Савета Еўропы не адмяняе яе адказнасці за здзейсненыя да гэтага парушэнні. РФ перастала быць стараной Еўрапейскай канвенцыі па правах чалавека праз паўгода пасля выключэння з Савета Еўропы, аднак рашэнні ЕСПЧ па папярэдніх парушэннях працягваюць дзейнічаць. «Гэта абавязацельства ў рамках міжнароднага права не памяншаецца з часам і не можа быць скасавана ўнутраным заканадаўствам РФ», — адзначылі ў камітэце.

Парламентарыі заклікалі стварыць пад эгідай Савета Еўропы спецыяльны фінансавы механізм, які дазволіць накіраваць замарожаныя сродкі расійскага цэнтральнага банка на выплату кампенсацый Украіне.

* * *

Самалёт прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага, які ва аўторак накіроўваўся з Малдовы ў Осла, затрымаўся з-за пагрозы з боку беспілотніка. Па словах прэм'ер-міністра Нарвегіі Ёнаса Гара Стэрэ, падчас узлёту дрон ледзь не патрапіў у самалёт украінскага прэзідэнта, паведамляе NRK.

«Яго самалёт ледзь не быў збіты беспілотнікам падчас узлёту з Малдовы. Такая рэальнасць, у якой яму даводзіцца жыць», — сказаў нарвежскі прэм'ер.

У той жа час Стэрэ не ўдакладніў, адкуль менавіта атрымаў інфармацыю аб інцыдэнце, а таксама не паведаміў, ці быў дрон непасрэдна нацэлены на самалёт прэзідэнта Украіны.

Вядома, што прыкладна ў момант вылету Зяленскага з Кішынёва Малдова сапраўды часткова закрывала паветраную прастору з-за расійскага беспілотніка, які заляцеў на тэрыторыю краіны. Папярэдне малдаўскае Мінабароны вызначыла яго як БПЛА тыпу «Шахед».