Спецвытворчасць распачата супраць пяці добраахвотнікаў. Хронікі рэпрэсій 1 кастрычніка
У Беларусі распачалі спецыяльную вытворчасць у дачыненні да пяці беларускіх добраахвотнікаў, звязаных з Палком імя Кастуся Каліноўскага. 26-гадовага IT-спецыяліста Міхаіла Філіпенку асудзілі на пяць гадоў калоніі за ўдзел або падрыхтоўку да ўдзелу ў ваенных дзеяннях за мяжой. КДБ абнавіў спісы асобаў, «звязаных з тэрарыстычнай дзейнасцю». А рэпрэсіі супраць беларусаў працягваюцца і за межамі краіны — у тым ліку ў лічбавай прасторы.

Першага намесніка гендырэктара «Белвеста» ўнеслі ў «спіс тэрарыстаў»
КДБ абнавіў спіс асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці. У ім з'явіліся новыя прозвішчы, сярод якіх — 57-гадовы Віктар Гурын, першы намеснік генеральнага дырэктара «Белвеста», а таксама Жанна Яскулд, Георгій Парахонька, Таццяна Хабарава, Дзяніс Дарашэвіч, Галіна Усцюгова і Віктар Масько.
Гурына 3 жніўня 2026 года асудзілі на 3 гады і 6 месяцаў калоніі ўзмоцненага рэжыму і аштрафавалі на 600 базавых велічыняў. Паводле матэрыялаў справы, у 2020–2021 гадах ён пакідаў у Telegram каментары, у якіх негатыўна ацэньваў дзеянні сілавікоў, АМАПу і Аляксандра Лукашэнкі.
26-гадовага IT-спецыяліста асудзілі на пяць гадоў за данаты
Міхаіла Філіпенку затрымалі ў студзені 2026 года.
Мінскі гарадскі суд прызнаў яго вінаватым паводле ч. 2 арт. 361-3 Крымінальнага кодэкса — за ўдзел або падрыхтоўку да ўдзелу грамадзяніна Беларусі на тэрыторыі замежнай дзяржавы ў ваенных дзеяннях без дазволу дзяржавы.
Філіпенку прызначылі пяць гадоў пазбаўлення волі і штраф у памеры 500 базавых велічыняў.
4 верасня яго ўнеслі ў спіс асобаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці. Пакаранне ён адбывае ў магілёўскай папраўчай калоніі №15.
У Беларусі распачалі спецыяльную вытворчасць супраць пяці добраахвотнікаў
1 кастрычніка ў афіцыйным спісе асобаў, у дачыненні да якіх вядзецца спецыяльная вытворчасць, з'явіліся Аляксандр Буцко, Арцём Войніч, Аляксандр Грыб (Грыгор'еў), Алег Калуш і Яўген Лістапад.
Іх абвінавачваюць паводле артыкулаў аб удзеле ў злачыннай арганізацыі, дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі, змове з мэтай захопу ўлады, экстрэмісцкай дзейнасці і ўдзеле ў ваенных дзеяннях за мяжой.
Усе пяцёра звязаныя з Палком імя Кастуся Каліноўскага — беларускім добраахвотніцкім вайсковым фармаваннем, створаным ва Украіне пасля пачатку поўнамаштабнага расійскага ўварвання ў 2022 годзе.
Лічбавыя рэпрэсіі супраць беларусаў працягваюцца і за мяжой
Пераезд з Беларусі не азначае заканчэння рэпрэсій: яны ўсё часцей працягваюцца праз лічбавую прастору. Да такой высновы прыходзіць ARTICLE 19 у даследаванні пра транснацыянальныя лічбавыя рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці ў выгнанні ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе. Даследаванне грунтуецца, у тым ліку, на інтэрв'ю з беларускімі журналістамі, праваабаронцамі і экспертамі па лічбавай бяспецы.
У справаздачы адзначаецца, што пасля 2020 года беларускія ўлады перанеслі частку рэпрэсіўных практык за межы краіны. Пад пагрозай апынуліся журналісты, праваабаронцы і прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці, якія з'ехалі ў Літву, Польшчу, Грузію і Украіну.
Адзін з прыкладаў — анлайн-семінар Беларускага вольнага ўніверсітэта ў снежні 2023 года, да якога далучыўся прадстаўнік КДБ. Паводле справаздачы, ён заявіў, што ўсё знаходзіцца пад кантролем КДБ, і заклікаў удзельнікаў «пакаяцца». Праз месяц універсітэт прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем».
У Беларусі сайты буйных незалежных медыя і грамадзянскіх арганізацый прызнаюцца «экстрэмісцкімі». Гэта стварае дадатковую рызыку для людзей, якія застаюцца ў краіне: яны могуць пазбягаць падпіскі, лайкаў і распаўсюду матэрыялаў, баючыся пераследу.
Справаздача таксама апісвае сувязь паміж лічбавымі атакамі і фізічнымі рэпрэсіямі. Кампраметацыя электроннай пошты або акаўнта можа дазволіць атрымаць доступ да кантактаў і сетак чалавека, а атрыманыя такім чынам даныя могуць выкарыстоўвацца для пераследу людзей ужо ў Беларусі.
Сярод асноўных інструментаў такіх атак называюцца фішынг, узлом электроннай пошты, месенджараў і сацыяльных сетак. Мэтаю могуць быць кантакты, гісторыя перапіскі, фінансавая інфармацыя і ўліковыя даныя.
Аўтары даследавання падкрэсліваюць: эміграцыя сама па сабе не забяспечвае бяспекі. Рэпрэсіўныя практыкі адаптуюцца да новых умоў, а лічбавыя атакі становяцца часткай больш шырокага механізму транснацыянальнага пераследу — разам з фізічным, прававым, псіхалагічным і фінансавым ціскам.