У Беларусі прызналі яшчэ 12 палітвязняў. Хронікі рэпрэсій 2 кастрычніка
Беларуская праваабарончая супольнасць прызнала яшчэ 12 чалавек палітычнымі зняволенымі. 22-гадовую выпускніцу каледжа асудзілі на «хатнюю хімію», а новыя старонкі і каналы ўнеслі ў спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў». Lawtrend адзначае працяг ціску на грамадзянскую супольнасць, а рэпрэсіі закранаюць таксама беларусаў за мяжой і іх сваякоў.

У Беларусі прызналі яшчэ 12 палітвязняў
2 кастрычніка прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці прызналі палітычнымі зняволенымі яшчэ 12 чалавек: Дзмітрыя Рудакова, Арцёма Меркеля, Анатоля Міндзіярава, Максіма Сяменчанку, Жанну Яскулд, Віталя Дзямідчыка, Паўла Бажко, Андрэя Аўсяннікава, Іллю Галыгіна, Віталя Галавача, Яўгена Дзеруноўа і Андрэя Ціўкова.
Праваабаронцы атрымалі інфармацыю пра пазбаўленне волі Дзмітрыя Рудакова за «паклёп на А. Лукашэнку». Арцёма Меркеля і Анатоля Міндзіярава пераследуюць, у тым ліку, паводле артыкулаў 342 і 293 КК — за ўдзел у пратэстах.
Яшчэ дзевяць чалавек, паводле атрыманай інфармацыі, былі затрыманыя і асуджаныя на пакаранні, звязаныя з пазбаўленнем волі, за ўзаемадзеянне з «экстрэмісцкімі фармаваннямі» і рэалізацыю права на свабоду выказвання меркаванняў.
22-гадовую выпускніцу каледжа асудзілі па палітычнай справе
Юліяну Малачкову з Бабруйска судзілі ў Магілёўскім абласным судзе паводле ч. 1 арт. 361-4 КК — за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці».
22-гадовую дзяўчыну, якая нядаўна скончыла Мінскі каледж прадпрымальніцтва, асудзілі на «хатнюю хімію», паведамляе «Наша Ніва».
Новыя рэсурсы і старонкі дадалі ў спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў»
Міністэрства інфармацыі чарговы раз абнавіла «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў».
У яго ўключылі Facebook-старонкі сацыёлага Генадзя Коршунава, журналісткі Марыі Грыц і старонку «Глеб Блэкович», YouTube-канал з вершамі Сяргея Ціханоўскага, Instagram-акаўнты Офіса дэмакратычных сіл Беларусі ў Чэхіі і «Sufliadka», а таксама два TikTok-акаўнты:«SweetLanaBy» і «ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ!!!!».
Lawtrend: ціск на грамадзянскую супольнасць працягваецца
Паводле вераснёўскага маніторынгу Lawtrend, у Беларусі працягваюцца крымінальны і адміністрацыйны пераслед прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, прызнанне іх рэсурсаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» і ліквідацыя НКА.
З 2021 года не менш за 1267 НКА былі прымусова ліквідаваныя або знаходзяцца ў працэсе ліквідацыі. Яшчэ не менш за 811 арганізацый самі прынялі рашэнне спыніць дзейнасць. Такім чынам, агульныя інстытуцыйныя страты сектара грамадзянскай супольнасці з 2020 года склалі не менш за 2078 арганізацый.
У верасні Lawtrend таксама зафіксаваў выпадкі прымусовай ліквідацыі арганізацый, якія падавалі прадугледжаную законам справаздачнасць. Паводле маніторынгу, ціск распаўсюджваецца і на сваякоў беларускіх актывістаў за мяжой: фіксаваліся ператрусы, допыты і спробы атрымаць інфармацыю пра былых палітвязняў з дапамогай фішынгавых паведамленняў.
У верасні таксама ў «экстрэмісцкі» спіс трапілі сайты польскага фонду Kolegium Europy Wschodniej і Альянсу «Зялёная Беларусь», Telegram-рэсурс MAYDAY MOGILEV, акаўнт «Viasna» ў X і старонка The Belarusian-American Association DS у Facebook.