15 гадоў зняволення або супрацоўніцтва з КДБ. Хронікі рэпрэсій 6 кастрычніка
Былы палітвязень заявіў пра спробу КДБ завербаваць яго і адправіць у Польшчу для збору інфармацыі. Палітвязня з інваліднасцю Уладзіміра Гундара перавялі ў калонію, а ў Мінску пачаўся закрыты суд над 66-гадовым ксяндзом Анатолем Парахневічам. Тым часам беларусаў працягваюць караць за падпіскі і кантакты з рэсурсамі, якія ўлады прызналі «экстрэмісцкімі».

«15 гадоў або супрацоўніцтва з КДБ»: былы палітвязень расказаў пра вярбоўку
23-гадовы жыхар Жлобіна Вадзім Пашкоўскі, які раней быў асуджаны паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэкса за ўдзел у пратэстах 2020 года, расказаў «Гомельскай Вясне» пра спробу вярбоўкі з боку КДБ.
Паводле яго слоў, супрацоўнікі КДБ прапанавалі яму выбар: 15 гадоў пазбаўлення волі або супрацоўніцтва са спецслужбай. Пашкоўскі сцвярджае, што пасля пагрозы новай крымінальнай справай яму прапанавалі выехаць у Польшчу, жыць там, кантактаваць з пэўнымі людзьмі і перыядычна паведамляць пра тое, з кім ён сустракаецца і падтрымлівае сувязь.
Цяпер былы палітвязень публічна заявіў, што спыняе супрацоўніцтва з КДБ.
Палітвязня з інваліднасцю Уладзіміра Гундара перавялі ў калонію
У пачатку кастрычніка палітвязня Уладзіміра Гундара перавялі з магілёўскай турмы № 4 у папраўчую калонію № 2 у Бабруйску, паведамляе «Радыё Свабода».
Гундар ужо адбываў пакаранне ў гэтай калоніі. У кастрычніку 2023 года суд змяніў яму рэжым утрымання на больш строгі і перавёў у магілёўскую турму. Цяпер трохгадовы тэрмін яго знаходжання ў турме скончыўся, аднак, паводле прысуду, наперадзе ў яго яшчэ 13 гадоў зняволення.
Актывіста і краязнаўцу з Баранавічаў затрымалі 30 снежня 2020 года па справе Мікалая Аўтуховіча. Гундара абвінавацілі ў падрыхтоўцы тэрарыстычнага акту. У 2023 годзе пасля двух судовых працэсаў паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса яго асудзілі на 20 гадоў пазбаўлення волі.
У Мінску судзяць 66-гадовага палітвязня-ксяндза
У Мінску гэтым тыднем пачаўся суд над 66-гадовым ксяндзом Анатолем Парахневічам, настаяцелем парафіі ў Альковічах Вілейскага раёна.
Суд праходзіць у закрытым рэжыме, афіцыйнай інфармацыі пра справу пакуль няма. Парахневіча затрымалі ў сярэдзіне сакавіка. Ён правёў за кратамі ўжо больш за 200 дзён. За гэты час яму споўнілася 66 гадоў, а таксама ён адзначыў 31-ю гадавіну святарскага пасвячэння.
Вернікі паведамляюць, што ксяндза ўтрымліваюць у СІЗА КДБ. Паводле іх інфармацыі, яму выставілі абвінавачанне ў «здрадзе дзяржаве». Падрабязнасці справы невядомыя.
Instagram Кастанціна Каверына і сотні стыкераў трапілі ў спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў»
Міністэрства інфармацыі абнавіла спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў». У яго ўнеслі Instagram-старонку вядоўцы і шоумэна Кастанціна Каверына — Konstantin_kaverin.
Таксама ў спіс трапілі акаўнты ў Threads медыяменеджара Кірыла Валошына (kirill.voloshin_) і This Minsk Media.
Акрамя таго, у пералік дадалі Telegram-стыкерпакі «White Power» і «The Third Reich».
У Гомелі з пачатку года выявілі больш за 50 «экстрэмісцкіх» злачынстваў
На дзяржаўным тэлеканале «Гомель» у праграме «Чорнае і белае», прысвечанай тэме «экстрэмізму», выступіў намеснік пракурора Гомеля Павел Чырыкаў.
Падчас эфіру вядучы заявіў, што з пачатку 2026 года ў Гомелі зафіксавалі больш за 50 злачынстваў экстрэмісцкага характару, заўважыў Флагшток. Пры гэтым дзяржаўныя органы не публікуюць поўнай статыстыкі па такіх справах, таму гэтую лічбу варта падаваць менавіта як агучаную ў эфіры.
Паводле слоў Чырыкава, большасць такіх спраў звязаная з паведамленнямі ў сацыяльных сетках, у тым ліку ў закрытых і прыватных чатах. У якасці прыкладу ён прывёў справу чатырох сяброў, якія, паводле версіі пракуратуры, абмяркоўвалі ў прыватным чаце і «абражалі дзейных кіраўнікоў, у тым ліку дзяржавы».
Намеснік пракурора таксама заявіў, што парушэнні нібыта фіксуюцца штодня, а значную іх частку складаюць справы, звязаныя з «экстрэмізмам». Паводле яго слоў, пракуратура штодня сочыць за інтэрнэтам і выяўляе распаўсюд матэрыялаў, прызнаных «экстрэмісцкімі».
Асобна згадвалася адміністрацыйная адказнасць за падпіскі і лайкі на рэсурсы, унесеныя ў адпаведныя спісы.
Віцебскую зоаактывістку аштрафавалі за старую падпіску
Віцебская зоаактывістка Таццяна Шаўчык паведаміла, што яе прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў. На яе аповед пра гэта ў Tik-Tok звярнуў увагу Telegram-канал «Витебск, я гуляю».
Паводле яе слоў, гомельскія міліцыянты выявілі ў яе старую падпіску на расійскага блогера, чый блог пра падарожжы ў 2025 годзе быў унесены ў спіс «экстрэмісцкіх інфармацыйных прадуктаў». Пасля гэтага, як сцвярджае Шаўчык, гомельскія міліцыянты перадалі інфармацыю віцебскім калегам, якія склалі на яе адміністрацыйны пратакол. У выніку жанчыну аштрафавалі.
Сама Шаўчык звязвае пераслед з канфліктам з «Гомельскай праўдай». Выданне звярнулася ў суд з пазовам аб абароне дзелавой рэпутацыі пасля таго, як зоаактывістка напісала пра смерць двухмесячнага шчанюка ў Тураве і раскрытыкавала матэрыял газеты, у якім факты жорсткага абыходжання з жывёлай называліся непацверджанымі.