Палітвязняў рыхтавалі да вызвалення, але вярнулі ў калоніі. Хронікі рэпрэсій 7 кастрычніка

 Палітвязняў ужо рыхтавалі да вызвалення, выдалі ім дакументы і дазволілі сабраць рэчы, але пасля абеду паведамілі, што вызвалення не будзе. Такіх выпадкаў праваабаронцам вядома больш за адзін. Тым часам у Мінску пачынаецца завочны суд над заснавальнікамі Dissidentby, а генпракурор заяўляе пра больш за 2000 «экстрэмісцкіх» крымінальных спраў за апошнія паўтара года.

1_1097_1.png

Палітвязняў рыхтавалі да вызвалення, але пасля вярнулі ў калоніі

Праваабаронцы «Вясны» паведамляюць, што 16 верасня да вызвалення рыхтавалі яшчэ некалькі дзясяткаў палітвязняў. У той жа дзень у рамках чарговай хвалі памілавання 25 палітвязняў вызвалілі і прымусова вывезлі ў Літву.

Аднак у адной з папраўчых калоній некаторым зняволеным ужо выдалі дакументы аб вызваленні, дазволілі сабраць рэчы і адправілі іх у актавую залу чакаць транспарту. Пасля абеду ім паведамілі, што вызвалення не будзе, і вярнулі ў атрады.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, у гэтай калоніі такім чынам да вызвалення рыхтавалі больш за 10 чалавек. Некаторыя ўжо паспелі раздаць частку сваіх рэчаў іншым вязням. Пазней высветлілася, што падобныя выпадкі былі і ў іншых калоніях.

Паводле крыніцы «Вясны», пасля гэтага псіхалагічны стан некаторых палітвязняў істотна пагоршыўся, некаторым спатрэбілася медыцынская дапамога. У той дзень некаторым нават не прынялі перадачы, бо яны ўжо не лічыліся вязнямі гэтай калоніі.

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч, якога ў сакавіку вызвалілі і дэпартавалі ў Літву, расказаў, што сам перажыў падобную сітуацыю. У студзені 2026 года яму паведамілі, што на наступны дзень ён выйдзе на волю і павінен будзе пакінуць Беларусь. Ён раздаў свае рэчы сукамернікам, але вызваленне адбылося толькі праз некалькі месяцаў — 19 сакавіка.

Стэфановіч адзначыў, што рэзкі пераход ад чакання вызвалення да вяртання за краты можа стаць моцным псіхалагічным ударам не толькі для саміх зняволеных, але і для іх блізкіх.

Псіхатэрапеўт і праваабаронца Васіль Завадскі таксама назваў такую сітуацыю моцным стрэсам. Паводле яго, нечаканая адмова пасля ўпэўненасці ў хуткім вызваленні можа мець сур'ёзныя наступствы для псіхалагічнага і фізічнага здароўя чалавека.

Праваабаронца Павел Сапелка звярнуў увагу і на прававы бок сітуацыі. Паводле яго, фармальна працэдура памілавання ў Беларусі рэгламентуецца заканадаўствам: хадайніцтва праходзіць праз адміністрацыю калоніі і Камісію па памілаванні, а канчатковае рашэнне афармляецца ўказам Аляксандра Лукашэнкі.

Аднак, на думку Сапелкі, практыка памілавання палітычных зняволеных стала непразрыстай і залежыць ад палітычных рашэнняў. Ён лічыць, што выпадкі, калі чалавека ўжо рыхтуюць да вызвалення, а потым вяртаюць у калонію, павінны разглядацца таксама ў кантэксце забароны жорсткага, бесчалавечнага або зневажальнага абыходжання, замацаванай у артыкуле 7 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Заснавальнікаў Dissidentby пачнуць судзіць завочна

Суд Заводскага раёна Мінска выклікае на судовае пасяджэнне заснавальнікаў праваабарончай ініцыятывы Dissidentby Марыну і Вячаслава Касінеравых. Працэс прызначаны на 16 кастрычніка і будзе праходзіць у парадку спецыяльнай вытворчасці.

Вячаславу Касінераву ставяць у віну некалькі артыкулаў Крымінальнага кодэкса: «стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім», «распальванне іншай сацыяльнай варожасці», «дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь», «абразу Лукашэнкі», а таксама «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці».

Марыне Касінеравай, акрамя гэтых абвінавачанняў, таксама ставяць у віну «паўторнае стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо кіраўніцтва ім».

Спецыяльная вытворчасць у дачыненні да Марыны і Вячаслава Касінеравых пачалася 28 жніўня 2026 года.

Генпракурор: за паўтара года разгледзелі больш за 2000 «экстрэмісцкіх» спраў

Генеральны пракурор Беларусі Дзмітрый Гара заявіў, што колькасць «экстрэмісцкіх» злачынстваў у краіне паступова змяншаецца. Пра гэта ён сказаў падчас сумеснага пасяджэння Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі. Пра заяву паведаміла «Вясна» са спасылкай на дзяржаўнае агенцтва «БелТА».

Пры гэтым, паводле слоў Гары, за апошнія паўтара года пракуроры падтрымалі дзяржаўнае абвінавачанне больш чым па 2000 крымінальных справах гэтай катэгорыі — у дачыненні да каля 2500 чалавек.

Генпракурор таксама заявіў, што праваахоўнікі прыцягваюць да адказнасці ўсіх, хто, паводле версіі ўладаў, учыніў «экстрэмісцкія» і «тэрарыстычныя» злачынствы з 2020 года.

Асобна Гара згадаў спецыяльную вытворчасць. Паводле яго слоў, з 2022 года ў суды накіравалі крымінальныя справы ў дачыненні да больш чым 150 чалавек, якія, паводле ўладаў, знаходзяцца за межамі Беларусі.

42-гадовага мінчука асудзілі за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»

Мінскі гарадскі суд вынес прысуд 42-гадоваму Дзмітрыю Бакею, піша «Наша Ніва».

Бакей — мінчук, выпускнік БДУІР і былы гулец Аматарскай футбольнай лігі па міні-футболе. Ён мае жонку і дачку.

Мужчыну судзілі паводле часткі 1 артыкула 361-4 Крымінальнага кодэкса — «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці». Абставіны справы невядомыя.

Бакею прызначылі «хатнюю хімію».