Завочныя суды і цяжкі стан палітзняволенай. Хронікі рэпрэсій 9 кастрычніка

 Беларускія ўлады працягваюць выкарыстоўваць спецвытворчасць для пераследу беларусаў за мяжой. Тым часам стала вядома пра цяжкі псіхалагічны стан палітзняволенай Марыны Леановіч, а ў спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» дадалі Telegram-каналы, Threads-акаўнт і 240 стыкераў.

1_1097_1.png

Спецвытворчасць: у 2026 годзе ўжо 24 завочныя прысуды

Беларускія ўлады працягваюць выкарыстоўваць спецыяльную вытворчасць для пераследу беларусаў, якія знаходзяцца за мяжой. Гэты механізм дазваляе судзіць чалавека без яго прысутнасці, а таксама накладаць арышт на яго маёмасць і канфіскоўваць яе.

Паводле праваабаронцаў, з 2022 года ў Беларусі адбылося не менш за 229 завочных судоў, з іх 24 — у 2026 годзе. Сёлета таксама распачалі спецвытворчасць паводле 27 новых крымінальных спраў. Ад моманту ўнясення чалавека ў спіс Следчага камітэта да завочнага прысуду ў сярэднім праходзіць ад трох да чатырох месяцаў.

Сярод тых, каго завочна судзілі ў 2026 годзе, — беларускія добраахвотнікі, грамадскія дзеячы і палітыкі. Прысуды даходзяць да 25 гадоў зняволення. Разам з турэмнымі тэрмінамі суды прызначаюць вялікія штрафы, а маёмасць асуджаных могуць арыштоўваць і прадаваць з аўкцыёнаў.

Праваабаронца «Вясны» Валянцін Стэфановіч называе спецвытворчасць адным з асноўных інструментаў транснацыянальных рэпрэсій. Паводле яго, людзі, якія выехалі з Беларусі і не могуць бяспечна вярнуцца, фактычна пазбаўленыя магчымасці абараняцца ў такіх працэсах.

Былая палітзняволеная распавяла пра цяжкі псіхалагічны стан Марыны Леановіч

Былая палітзняволеная Яна Пінчук расказала пра цяжкі псіхалагічны стан палітзняволенай Марыны Леановіч.

«Марына і я былі разам да майго памілавання. У яе вельмі нестабільны псіхалагічны стан, і яна знаходзілася ў бяспечным памяшканні, бо яе пераследавалі думкі пра самагубства», — напісала Яна Пінчук у сацыяльных сетках.

Марыну Леановіч затрымалі 9 кастрычніка 2023 года. Паводле інфармацыі ад былых палітзняволеных, 18 снежня 2025 года яна выйшла замуж у зняволенні.

Паводле Яны Пінчук, у Марыны ёсць псіхіятрычны дыягназ, таму ўмовы зняволення асабліва цяжка адбіваюцца на яе псіхалагічным стане.

Klub «Apora» і 240 стыкераў дадалі ў спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў»

Міністэрства інфармацыі чарговы раз абнавіла «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў».

У спіс дадалі Telegram-каналы «РОЗОЧКА НОВОСТИ», «roskvitKUS/ росквітKUS» і Klub «Apora», Threads-акаўнт «Анатолий Самович», а таксама Telegram-стыкерпакі «Sanek & Adolf», «The third reich by» і «Grogermanischesreich Reich».