Ціск на палітвязняў і новыя формы пераследу. Хронікі рэпрэсій 12 кастрычніка
Нягледзячы на вызваленне сотняў палітвязняў, рэпрэсіі ў Беларусі не спыняюцца. Праваабаронцы паведамляюць пра працяг крымінальнага пераследу і ціску на былых зняволеных. Тым часам стала вядома пра ўмовы ўтрымання палітвязня Васіля Прохарава і пра тое, што Вольгу Брыцікаву змяшчалі ў штрафны ізалятар.

Праваабаронцы: вызваленні не сведчаць пра спыненне рэпрэсій
12 кастрычніка праваабарончая кааліцыя апублікавала заяву пра сітуацыю з рэпрэсіямі ў Беларусі. Праваабаронцы вітаюць вызваленне палітвязняў, але падкрэсліваюць, што яно не азначае змены рэпрэсіўнай палітыкі ўладаў.
З пачатку масавых вызваленняў 3 ліпеня 2024 года на волю выйшлі каля 900 чалавек. Аднак за гэты час не менш за 3200 чалавек сталі фігурантамі крымінальных спраў, а колькасць затрыманняў, ператрусаў і іншых формаў рэпрэсій дасягнула як мінімум 28,5 тысячы. Колькасць людзей, якіх праваабаронцы прызнавалі палітвязнямі, у тым ліку былымі, павялічылася з 3391 да 4879. На момант публікацыі заявы 885 чалавек заставаліся за кратамі.
Праваабаронцы адзначаюць, што рэпрэсіі становяцца менш відавочнымі, закранаюць шырэйшае кола людзей і працягваюцца за межамі Беларусі. Не менш за 220 з прыкладна 900 вызваленых прымусова вывезлі з краіны. Кааліцыя заклікае ўлады спыніць палітычны пераслед і вызваліць усіх палітвязняў, а міжнародных партнёраў — не ацэньваць сітуацыю толькі паводле колькасці вызваленняў.
Былы палітвязень расказаў пра ціск на Васіля Прохарава ў калоніі
57-гадовага Васіля Прохарава, які пацярпеў у выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС і раней служыў у дэсантных войсках, асудзілі на 11 гадоў пазбаўлення волі паводле абвінавачання ў «здрадзе дзяржаве». Яго затрымалі разам з жонкай Ларысай і сынам Паўлам. Іх таксама асудзілі за «здраду дзяржаве» — да васьмі гадоў зняволення кожнага.
Суд над сям'ёй Прохаравых і яшчэ двума фігурантамі справы адбыўся ў маі 2024 года ў Гомельскім абласным судзе. Разам з імі судзілі настаўніка беларускай мовы Руслана Прахарэнку і Фёдара Аксёненку. Абвінавачанні грунтаваліся на чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса: «здрада дзяржаве» (ч. 1 арт. 356), «распальванне іншай сацыяльнай варожасці» (ч. 1 арт. 130), «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 арт. 361-4) і «неданясенне пра злачынства» (ч. 1 арт. 406).
Васіля Прохарава накіравалі адбываць пакаранне ў наваполацкую калонію № 1. Там яго змяшчалі ў штрафны ізалятар (ШІЗА), а пазней перавялі ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ). Пасля гэтага яму прызначылі тры гады турэмнага рэжыму.
Пра ўмовы ўтрымання Прохарава ў калоніі «Вясне» на ўмовах ананімнасці расказаў былы палітвязень, які адбываў пакаранне ў той жа ўстанове.
Паводле яго, Васіль трымаўся маральна добра, нягледзячы на тое, што яго жонка заставалася ў гомельскай калоніі, а сын адбываў пакаранне на «Віцьбе». Былы зняволены таксама расказаў, што падчас этапавання бацьку і сына спачатку пасадзілі ў розныя купэ, але пазней перавялі сына да бацькі. Разам яны ехалі да Віцебска.
Аднак у калоніі, паводле суразмоўцы «Вясны», Прохараў сутыкнуўся з пастаянным кантролем і правакацыямі.
«За ім быў пастаянны кантроль. Да Васіля пастаянна падсылалі правакатараў і стукачоў. Яго некалькі разоў змяшчалі ў ШІЗА за розныя дробязі. Ён вельмі схуднеў падчас гэтых арыштаў. Калі прыехалі ў калонію, то ён быў высачэзны і здаравенны. А потым стаў проста высачэзным», — расказаў былы палітвязень.
Паводле яго слоў, Прохарава ставілі на самыя цяжкія працы. Спачатку ён разбіваў паддоны, пазней яго перавялі на працу з вуглём. Пры гэтым, як сцвярджае крыніца, зняволеным не выдавалі рэспіратараў ці нават масак, хоць на працоўным месцы было шмат пылу.
У верасні 2025 года Васіль Прохараў казаў, што яго хочуць перавесці на турэмны рэжым. На пачатку лістапада яму сапраўды прызначылі тры гады такога рэжыму.
Вольгу Брыцікаву змяшчалі ў ШІЗА на сем сутак
Палітзняволеную Вольгу Брыцікаву, актывістку незалежнага прафсаюзнага руху, напрыканцы траўня змяшчалі ў штрафны ізалятар гомельскай калоніі № 4 на сем сутак. Пра гэта паведамілі праваабаронцы «Вясны».
Прычына спагнання невядомая. Паводле праваабаронцаў, адміністрацыя калоніі парушыла працэдуру: перад змяшчэннем у ШІЗА Вольгу не агледзеў лекар.
Брыцікава — былая старшыня незалежнага прафсаюза «Нафтан». Яна адпрацавала на прадпрыемстве 16 гадоў, але праз сваю пазіцыю была звольненая.
Старонкі Катрын Баўрэ і Юрася Дзяшука дадалі ў спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў»
Міністэрства інфармацыі чарговы раз абнавіла «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў».
У яго трапілі Facebook-старонкі суполак і ініцыятыў «Рух Воля» і «Вольная Беларусь», а таксама асабістыя акаўнты французскай праваабаронцы Катрын Баўрэ (Caterine Bauré) і журналіста Юрася Дзяшука.