Супраць Ціхана Осіпава распачалі трэцюю справу паводле арт. 411. Хронікі рэпрэсій 14 кастрычніка
Палітвязня Ціхана Осіпава, які адбывае працяглы тэрмін зняволення, зноў пераследуюць паводле артыкула аб непадпарадкаванні адміністрацыі калоніі. Новую крымінальную справу распачалі 9 кастрычніка. Сілавікі прыйшлі да бацькоў гомельскага актывіста Валера Сляпухіна, а ў спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» дадалі акаўнты былога палітвязня Аляксандра Андрушкевіча і іншых карыстальнікаў.

Ціхана Осіпава зноў пераследуюць паводле арт. 411 КК
9 кастрычніка супраць палітвязня Ціхана Осіпава распачалі трэцюю крымінальную справу паводле артыкула 411 Крымінальнага кодэкса — за «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы». Пра гэта паведаміла былая палітзняволеная Антаніна Канавалава, піша Вясна.
Осіпаў знаходзіцца за кратамі са жніўня 2020 года. У траўні 2021 года яго асудзілі да 11 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Яму інкрымінавалі наезд на пяць вайскоўцаў падчас пратэстаў у жніўні 2020 года, удзел у масавых беспарадках і ілжывы данос: пасля дарожна-транспартнага здарэння хлопец заехаў на машыне ў вадаём, пакінуў яе там і заявіў пра згон.
У зняволенні на Осіпава працягваюць аказваць ціск. Яго месяцамі ўтрымліваюць у штрафным ізалятары (ШІЗА) і памяшканні камернага тыпу (ПКТ). Цяпер палітвязень знаходзіцца ў ШІЗА ваўкавыскай калоніі № 11. У яго пачаліся сур'ёзныя праблемы са здароўем, у тым ліку з хрыбетнікам і сэрцам.
За непадпарадкаванне яму ўжо дадалі тэрмін
У 2022 годзе адміністрацыя магілёўскай калоніі № 15 ініцыявала крымінальную справу супраць Осіпава паводле часткі 2 артыкула 411 КК. Суддзя Кастрычніцкага раёна Магілёва Наталля Крашкіна прызначыла яму яшчэ сем месяцаў зняволення і змяніла рэжым з узмоцненага на строгі.
У сярэдзіне сакавіка адбыўся яшчэ адзін суд паводле гэтага артыкула — у судзе Мазырскага раёна. Осіпава прызналі вінаватым і дадалі паўтара года калоніі. Паводле матэрыялаў папярэдняй справы, яму ставілі ў віну больш за 25 парушэнняў.
Цяпер супраць палітвязня распачалі чарговую справу паводле таго самага артыкула.
Сілавікі прыйшлі да бацькоў Валера Сляпухіна
Раніцай 14 кастрычніка супрацоўнікі міліцыі прыйшлі па месцы рэгістрацыі гомельскага актывіста і ўрбаніста Валера Сляпухіна. Паводле яго слоў, міліцыянты шукалі яго як падазраванага ў крымінальнай справе, якую ён лічыць палітычна матываванай.
Пра візіт сілавікоў Сляпухін паведаміў у сацыяльных сетках. Як заўважыла «Гомельская Вясна», актывіст звярнуў увагу на тое, што візіт адбыўся ў Дзень маці, а таксама ў 48-ю гадавіну вяселля яго бацькоў.
«Лепш бы прынеслі кветкі і павіншавалі з Днём маці! Да таго ж 14 кастрычніка — 48-я гадавіна вяселля маіх бацькоў», — напісаў ён.
Пасля падзей 2020 года Валер Сляпухін быў вымушаны пакінуць Беларусь, каб пазбегнуць пераследу.
Акаўнт Аляксандра Андрушкевіча дадалі ў спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў»
Міністэрства інфармацыі чарговы раз абнавіла «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў». У яго ўнеслі:
TikTok-акаўнт былога палітвязня Аляксандра Андрушкевіча — «Aliaksandr Andrushkevich»;
Instagram-акаўнт «# dzenews Дзе навiны?»;
Threads-акаўнт «Oleg Kravchenko»;
суполку ў «Аднакласніках» — «Прыват».