МУС тры тыдні не абнаўляе спіс «экстрэмістаў». Хронікі рэпрэсій 13 кастрычніка
МУС Беларусі ўжо тры тыдні не абнаўляе спіс грамадзян, якіх улады звязваюць з экстрэмісцкай дзейнасцю. Праваабаронцы нагадваюць, што палітычна матываваныя затрыманні і суды працягваюцца, а знікненне публічных крыніц інфармацыі ўскладняе фіксацыю маштабаў пераследу. Тым часам судовыя выканаўцы канфіскуюць маёмасць былой жонкі і дачкі асуджанага завочна Дзмітрыя Баніты, а блогерку Кацярыну Ваданосаву збіраюцца судзіць завочна.

МУС тры тыдні не абнаўляе спіс «экстрэмістаў»
Міністэрства ўнутраных спраў ужо тры тыдні не абнаўляе пералік грамадзян, якіх беларускія ўлады звязваюць з экстрэмісцкай дзейнасцю. Раней спіс папаўняўся кожную пятніцу. Праваабаронцы «Вясны» падкрэсліваюць: гэта не сведчыць пра паляпшэнне сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.
25 верасня на сайце МУС з'явілася новая версія пераліку, але неўзабаве яе выдалілі. З таго часу на сайце застаецца версія ад 18 верасня. Таксама там размешчанае паведамленне, што старонка часова недаступная «па тэхнічных праблемах».
Праваабаронцы звяртаюць увагу, што затрыманні і суды па палітычных матывах працягваюцца штодня. Калі спыненне абнаўленняў не звязанае з часовым тэхнічным збоем, гэта можа быць спробай яшчэ больш схаваць ад грамадства маштабы пераследу.
За апошнія гады ўлады паслядоўна абмяжоўвалі доступ да публічнай інфармацыі пра рэпрэсіі. Улетку 2024 года закрылі доступ да базы судовых пастаноў, якая дазваляла аналізаваць статыстыку пераследу і параўноўваць яе з папярэднімі гадамі. Пазней з сайта Вярхоўнага суда зніклі расклад судовых пасяджэнняў і раздзел пра спецыяльную вытворчасць, дзе публікаваліся вынікі завочных судоў. Палітычныя працэсы ўсё часцей праходзяць у закрытым рэжыме, а назіральнікі і валанцёры, якія фіксавалі парушэнні, самі рызыкуюць стаць аб'ектамі пераследу.
Паводле юрысткі «Вясны» Святланы Галаўнёвай, публікацыя пераліку — не права, а абавязак МУС. Гэта прадугледжана артыкулам 18 Закона «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму» і пастановай Савета міністраў ад 12 кастрычніка 2021 года № 575.
Суды павінны перадаваць у МУС звесткі пра адпаведныя прысуды не пазней за адзін працоўны дзень пасля ўступлення іх у сілу. МУС, у сваю чаргу, мусіць размясціць інфармацыю пра асуджаных у пераліку на працягу трох дзён. Такім чынам, інфармацыя павінна абнаўляцца цягам чатырох працоўных дзён пасля ўступлення прысуду ў сілу.
Каб законна спыніць публікацыю пераліку, трэба змяніць заканадаўства. Пры гэтым спіс «экстрэмістаў» застаецца адной з нешматлікіх публічна даступных крыніц інфармацыі пра палітычна матываваны пераслед у Беларусі.
Праваабаронцы падкрэсліваюць, што абмежаванне доступу да звестак не спыняе іх працу: пра затрыманні, суды і прысуды «Вясна» даведваецца ў тым ліку дзякуючы сваякам, сябрам, калегам і суседзям людзей, якіх пераследуюць.
У Баранавічах канфіскуюць маёмасць былой жонкі і дачкі Дзмітрыя Баніты
25 верасня ў кватэру былой жонкі Дзмітрыя Баніты ў Баранавічах прыйшлі судовыя выканаўцы. Паводле звестак «Берасцейскай Вясны», яны збіраліся канфіскаваць маёмасць за штрафы, прызначаныя былому мужу.
З кватэры забралі хатні тэлефон, два крэслы, пыласос, мікрахвалёўку, прас і электрагітару. У дзіцячым пакоі выканаўцы сфатаграфавалі шафу-купэ, якая належыць дачцэ Баніты. Яны сказалі, што выставяць яе на продаж на Kufar, а калі знойдзецца пакупнік, прыйдуць забіраць. Таксама папярэдзілі, што наступным разам могуць забраць трубку ад дамафона.
У сакавіку 2026 года Берасцейскі абласны суд завочна асудзіў Дзмітрыя Баніту да шасці гадоў калоніі і штрафу ў памеры 1000 базавых велічынь — 45 тысяч рублёў. Справу разглядалі паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэкса. Баніту ўключылі ў спіс асобаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці. Цяпер ён знаходзіцца за межамі Беларусі.
Кацярыну Ваданосаву збіраюцца судзіць завочна
У дачыненні да блогеркі Кацярыны Ваданосавай распачалі спецыяльную вытворчасць. Ёй інкрымінуюць частку 3 артыкула 130-1 Крымінальнага кодэкса — рэабілітацыю нацызму — і частку 1 артыкула 130-2 — апраўданне генацыду беларускага народа.
Жанчыну запрашаюць вярнуцца ў Беларусь і прыйсці ў Першамайскі РУУС Мінска.
Раней Генеральная пракуратура распачала супраць Ваданосавай крымінальную справу за нібыта рэабілітацыю нацызму на YouTube. Паводле Следчага камітэта, блогерка «ў змове з экстрэмісцкімі фармаваннямі» сістэматычна публікавала на YouTube матэрыялы, якія, паводле версіі ведамства, былі накіраваныя на рэабілітацыю нацызму.
Беларусу забаранілі ўезд у Расію на 100 гадоў за ўдзел у пратэстах
Вярхоўны суд Рэспублікі Карэлія пакінуў у сіле забарону на ўезд у Расію для беларуса Максіма Стасевіча да 17 красавіка 2126 года. Пра гэта паведамляе «Наша Ніва».
16 жніўня 2020 года Стасевіч удзельнічаў у пратэстах у Мінску. У Беларусі яго не судзілі. У 2021 годзе мужчына пераехаў у Карэлію, дзе працаваў у дзіцячым лагеры.
У снежні 2025 года Стасевіча затрымалі ў Санкт-Пецярбургу па запыце Беларусі, але не выдалі беларускім уладам, бо ўдзел у дэманстрацыі не з'яўляецца злачынствам у Расіі.
У красавіку 2026 года беларуса затрымалі ў Карэліі за знаходжанне ў мясцовасці без дазволу ФСБ. Яго аштрафавалі, аднак ад дэпартацыі адмовіліся. Пасля гэтага Цэнтр па процідзеянні экстрэмізму МУС Карэліі забараніў яму ўезд у Расію на 100 гадоў. Падставай стала сцвярджэнне, што Стасевіч нібыта «схаваўся ад органа крымінальнага пераследу на тэрыторыі Расіі».
Віцебскі крымінальны вышук прапанаваў жанчыне за мяжой напісаць распіску, што яна не вернецца ў Беларусь
Віцяблянка, якая знаходзіцца за мяжой, атрымала некалькі паведамленняў ад супрацоўніка беларускага крымінальнага вышуку ў сацыяльных сетках. Пра гэта на ўмовах ананімнасці яна расказала «Віцебскай Вясне».
Супрацоўнік прапанаваў жанчыне напісаць распіску, у якой трэба было пазначыць, дзе яна цяпер жыве і што не збіраецца вяртацца ў Беларусь. Потым прапаноўвалася сфатаграфавацца з дакументам і даслаць здымак аўтару паведамленняў.
Паводле слоў супрацоўніка, гэта нібыта дазволіла б «прыпыніць» крымінальную справу, распачатую супраць жанчыны за «абразу прадстаўніка ўлады».
Таксама супрацоўнік МУС цікавіўся яе сям'ёй і планамі на бліжэйшую будучыню.
Акаўнт Дар'і Чульцовай і іншыя старонкі дадалі ў спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў»
Інстаграм-акаўнт былой палітзняволенай журналісткі Дар'і Чульцовай прызналі «экстрэмісцкім». Рашэнне прыняў суд Бялыніцкага раёна Магілёўскай вобласці 9 кастрычніка 2026 года. Пра гэта сведчыць абноўлены спіс Міністэрства інфармацыі, піша Медыязона.
У спіс таксама ўнеслі інстаграм-акаўнты «СТУДЫЯ НАЦЫЯНАЛЬНАЙ БЕЛАРУСКАЙ ТАТУІРОЎКІ Варшава», «ХАТКА-беларускае культурнае таварыства. Гданьск» і «siarheihun».
Акрамя таго, у пераліку з'явіліся старонкі ў Facebook: «Alexander Esenin», «Смяротнае пакаранне ў Беларусі», «Беларускія Студэнты за Свабоду», «Aliaksei Tsyhankou» і «Yana Zmagar».