Палітвязень Вацлаў Арэшка канчаткова страціў зрок. Хронікі рэпрэсій 8 кастрычніка
Вацлаў Арэшка цалкам страціў зрок у калоніі, а беларускага выдаўца і заснавальніка Kamunikat.org Яраслава Іванюка, які жыве ў Польшчы, абвясцілі ў вышук у Расіі. Пераслед выдаўца звязваюць са справай так званай «кааліцыі друкаваных выдавецтваў».

Палітвязень Вацлаў Арэшка канчаткова страціў зрок
Беларускі палітолаг, грамадскі дзеяч і актывіст незалежнага прафсаюза РЭП Вацлаў Арэшка стаў цалкам невідушчым. Пра гэта «Радыё Свабода» паведаміла сваячка палітвязня, якая атрымлівае інфармацыю пра ягоны стан у калоніі.
«Раней бачыў святло і цень, цяпер ужо і гэтага няма. А як гэтаму дае рады, нічога не расказвае, абыходзіць гэтую цяжкую тэму», — расказала яна.
Тры дні таму Вацлаў даслаў ліст і павіншаваў унукаў з днямі нараджэння. Некалькі словаў ён нават напісаў сваёй рукой, але амаль нічога з напісанага немагчыма было прачытаць.
Паводле крыніцы, адміністрацыя калоніі № 22, дзе ўтрымліваюць палітвязня, прапаноўвала яму этапам адправіцца ў шпіталь, але ён адмовіўся.
«Наколькі ведаю, баіцца ехаць у шпіталь, бо можа не вытрымаць этапу. Тое, што распавядаў пра Вацлава журналіст Семчанка, — усё так і ёсць», — дадала сваячка.
У верасні пра стан Вацлава Арэшкі распавядаў на тэлеканале «Белсат» журналіст Дзмітрый Семчанка, які адбываў тэрмін у той жа івацэвіцкай калоніі. Паводле яго, у Арэшкі адслаілася сятчатка, пасля чаго зрок паступова пагаршаўся. Спачатку ён яшчэ мог бачыць пры пэўным асвятленні, але пазней перастаў бачыць і ў цемры. Семчанка расказваў, што Арэшку ўжо вадзілі пад руку ў сталоўку і да месца, адкуль можна было патэлефанаваць.
Вацлаву Арэшку 71 год. Паводле сваячкі, у яго таксама ёсць іншыя праблемы са здароўем — ціск, боль у спіне і праблемы з нагамі. Яго стан пагаршаецца.
Вацлава Арэшку затрымалі ў красавіку 2022 года. Яго абвінавацілі паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса, у тым ліку паводле артыкула 361-1 — «стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім». Праз год актывіста асудзілі на восем гадоў зняволення. У калоніі № 22 ён знаходзіцца ўжо трэці год.
Праваабаронцы ўключылі Вацлава Арэшку ў спіс 170 палітвязняў, асабліва ўразлівых праз стан здароўя, і дамагаюцца яго найхутчэйшага вызвалення.
Паводле інфармаваных крыніц, імя Вацлава Арэшкі на працягу года было ў спісах зняволеных, пра вызваленне якіх з удзелам амерыканскага боку вяліся перамовы. Аднак ён дагэтуль застаецца за кратамі, у адрозненне ад іншых актывістаў незалежных прафсаюзаў, якія праходзілі па адной з ім справе.
Беларускага выдаўца Яраслава Іванюка абвясцілі ў вышук у Расіі
Беларускага выдаўца і заснавальніка інтэрнэт-бібліятэкі Kamunikat.org Яраслава Іванюка, які жыве ў Польшчы, дадалі ў расійскую базу вышуку. Паводле інфармацыі «Нашай Нівы», яго пераследуюць беларускія сілавікі.
Яраслаў Іванюк родам з Бельска-Падляскага на Падляшшы. У 2000 годзе ён заснаваў беларускую інтэрнэт-бібліятэку Kamunikat.org, дзе сабраныя беларускія кнігі, газеты, часопісы і іншыя матэрыялы. У 2021 годзе на базе праекта пачало працаваць выдавецтва беларускіх кніг.
У сакавіку 2026 года КДБ прызнаў «экстрэмісцкім фармаваннем» так званую «кааліцыю друкаваных выдавецтваў». У яе ўключылі фонд Kamunikat.org, Lohvinau Publishing House і Andrei Yanushkevich Publishing. У пераліку асобаў, звязаных з гэтым фармаваннем, згадваецца і Яраслаў Іванюк.
Сам выдавец заяўляў, што ніякай кааліцыі паміж гэтымі выдавецтвамі не існуе. Паводле яго, беларускія ўлады штучна аб'ядналі незалежных выдаўцоў, каб стварыць падставу для пераследу.
У межах той жа справы ў Беларусі ў лютым 2026 года прайшла хваля затрыманняў выдаўцоў і распаўсюднікаў беларускай літаратуры. Сярод затрыманых былі Зміцер Колас, Вацлаў Багдановіч і Алесь Яўдаха.
Раней у вышук у сувязі з гэтай справай таксама абвясцілі выдаўцоў Ігара Логвінава і Андрэя Янушкевіча.
Нягледзячы на пераслед, Kamunikat.org працягвае працаваць за межамі Беларусі. У маі 2026 года сайт бібліятэкі пацярпеў ад маштабнай хакерскай атакі. Паводле Яраслава Іванюка, у выніку былі знішчаныя значныя аб'ёмы інфармацыі, аднак пазней працу рэсурсу ўдалося аднавіць.
З 2021 года выдавецтва Kamunikat.org выпусціла больш за 70 кніг беларускіх аўтараў. У сакавіку 2026 года ў Варшаве Яраслаў Іванюк таксама прэзентаваў новае выданне рамана Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім».