Тэрмін былому кіраўніку Intex-Press пакінулі без зменаў, а па «справе ЕГУ» прыйшлі ўжо і ў Брэсцкую вобласць. Хронікі рэпрэсій 9 чэрвеня

 Вярхоўны суд пакінуў без зменаў 14-гадовы прысуд былому дырэктару Intex-Press, а пераслед у межах «справы ЕГУ» працягвае пашырацца на новыя рэгіёны. Тым часам праваабаронцы паведамляюць як мінімум пра 17 замежных грамадзян, якія застаюцца ў беларускіх месцах несвабоды паводле палітычна матываваных абвінавачванняў, а ўлады рыхтуюцца прадаць кватэры завочна асуджанага Аляксандра Азарава.

1_1097_1.png

Вярхоўны суд пакінуў у сіле прысуд былым кіраўнікам Intex-Press

Вярхоўны суд 8 чэрвеня разгледзеў апеляцыйныя скаргі былога дырэктара баранавіцкай незалежнай газеты Intex-Press Уладзіміра Янукевіча і яго намесніка Андрэя Пакаленкі.

Паводле інфармацыі БАЖ, суд пакінуў без зменаў прысуд Уладзіміру Янукевічу — 14 гадоў пазбаўлення волі. Андрэю Пакаленку тэрмін зняволення скарацілі на адзін год — да 11 гадоў.

Былых медыяменеджараў абвінавацілі паводле артыкула аб «здрадзе дзяржаве». Працэс праходзіў у закрытым рэжыме.

Праваабаронцы: у Беларусі застаюцца за кратамі мінімум 17 замежных палітвязняў

Праваабарончы цэнтр «Вясна» паведамляе, што з 2020 года палітычны крымінальны пераслед у Беларусі закрануў як мінімум 111 замежных грамадзян, у тым ліку 27 жанчын.

Паводле праваабаронцаў, цяпер у беларускіх месцах несвабоды знаходзяцца не менш за 17 палітвязняў з грамадзянствам іншых краін.

Гэта грамадзяне Расіі, Украіны, Літвы і Казахстана. Больш за палову з іх — грамадзяне Расіі.

Нядаўна праваабаронцам таксама стала вядома пра грамадзянку Украіны Наталлю Баташаву, якую ўжо амаль год утрымліваюць на Акрэсціна без прад'яўлення абвінавачвання.

ЗША паведамілі пра затрымку новых вызваленняў палітвязняў

Пра гэта паведаміла Святлана Ціханоўская са спасылкай на прадстаўнікоў адміністрацыі ЗША, піша Радыё Свабода.

Паводле яе слоў, амерыканскі бок паведаміў, што «наступныя вызваленні адкладзеныя на некаторы час».

Прычыны затрымкі не раскрываюцца.

Ціханоўская адзначыла, што не лічыць гэта спыненнем працэсу і захоўвае асцярожны аптымізм адносна далейшых вызваленняў.

Ператрусы па «справе ЕГУ» дайшлі да Брэсцкай вобласці

Паводле інфармацыі @viasna_brest, ператрусы ў межах справы, звязанай з Еўрапейскім гуманітарным універсітэтам, адбываюцца і на тэрыторыі Брэсцкай вобласці.

Нагадаем, з пачатку чэрвеня ў Беларусі разгортваецца маштабная кампанія пераследу людзей, звязаных з ЕГУ.

Паводле паведамленняў праваабаронцаў, крымінальная справа звязаная з абвінавачаннямі ў «садзейнічанні» і «фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці».

Улады рыхтуюцца прадаць кватэры завочна асуджанага Аляксандра Азарава

У Мінску на аўкцыён выставілі дзве кватэры, уласнікам якіх пазначаны поўны цёзка былога прадстаўніка Аб'яднанага пераходнага кабінета і кіраўніка BYPOL Аляксандра Азарава.

Пра гэта паведамляе «Люстэрка».

На таргі выставілі аднапакаёвую кватэру на вуліцы Ліліі Карастаянавай і двухпакаёвую кватэру на вуліцы Скрыпнікава.

У лютым 2024 года Аляксандра Азарава завочна асудзілі па «справе BYPOL» да 25 гадоў пазбаўлення волі і штрафу ў памеры 400 тысяч рублёў.

Таргі прызначаныя на 23 чэрвеня.

Жыхара Мазыра асудзілі па «справе Гаюна»

41-гадовага мазырчука Паўла Чарняка асудзілі да чатырох гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

Гомельскі абласны суд прызнаў яго вінаватым паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК («садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»), паведамляе «Гомельская Вясна».

Адбываць пакаранне мужчыну накіравалі ва ўстанову адкрытага тыпу №36 у Мінску.