Следчы камітэт анансаваў узмоцнены кантроль за Threads і TikTok. Хронікі рэпрэсій 11 чэрвеня
Следчы камітэт заявіў пра намер узмацніць маніторынг публікацый і каментароў у Threads і TikTok і прыгразіў аўтарам кантэнту крымінальнай адказнасцю. Тым часам у Мінску асудзілі сям'ю Корсакавых на тэрміны ад 11 да 14 гадоў зняволення, а праваабаронцы паведамляюць ужо пра больш як 60 ператрусаў у межах «справы ЕГУ».

Следчы камітэт заявіў пра ўзмацненне кантролю за кантэнтам у Threads і TikTok
Следчы камітэт паведаміў, што плануе ўзмацніць маніторынг публікацый і каментароў у сацыяльных сетках Threads і TikTok, піша БАЖ.
Паводле заявы ведамства, асаблівая ўвага будзе надавацца матэрыялам, якія, на думку СК, утрымліваюць «дэзінфармацыю», «распальванне сацыяльнай варожасці», «ілжывыя паведамленні пра небяспеку» або «рэабілітацыю нацызму».
У СК таксама заявілі, што будуць выкарыстоўваць «увесь спектр следчых дзеянняў і міжнароднае супрацоўніцтва» для выяўлення аўтараў такога кантэнту.
Нагадаем, апошнім часам беларускія ўлады актыўна пашыраюць пералік «экстрэмісцкіх матэрыялаў» за кошт акаўнтаў у Threads і TikTok. Толькі ў траўні ў адпаведныя спісы былі ўключаныя дзясяткі старонак з гэтых платформаў.
Сям'ю з Мінска асудзілі на вялікія тэрміны паводле абвінавачанняў у «здрадзе дзяржаве»
Мінскі гарадскі суд 10 чэрвеня вынес прысуд Таццяне Корсакавай, яе мужу Дзмітрыю Корсакаву і іх дачцэ Пелагіі Корсакавай.
Пелагію завочна асудзілі да 11 гадоў пазбаўлення волі.
Дзмітрыю Корсакаву прызначылі 14 гадоў зняволення, а Таццяне Корсакавай — 12 гадоў. Акрамя таго, абодвум прысудзілі штраф у памеры 50 тысяч рублёў.
Дзмітрыя і Таццяну абвінавацілі паводле артыкулаў аб «здрадзе дзяржаве», незаконных дзеяннях са зброяй і незаконным перамяшчэнні праз мяжу зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў.
Пелагію прызналі вінаватай паводле артыкула аб «здрадзе дзяржаве».
Акалічнасці справы невядомыя.
Праваабаронцам вядома ўжо пра больш за 60 ператрусаў па «справе ЕГУ»
З пачатку чэрвеня па ўсёй Беларусі працягваецца маштабны пераслед людзей, звязаных з Еўрапейскім гуманітарным універсітэтам.
Паводле інфармацыі праваабарончага цэнтра «Вясна», сілавікі распачалі крымінальную справу, звязаную з аплатай навучання ў ЕГУ з 2016 года.
Праваабаронцам ужо вядома пра больш як 60 ператрусаў у выпускнікоў, студэнтаў, супрацоўнікаў універсітэта і іх родных.
Як паведамлялася раней, допыты і ператрусы працягваюцца. Да некаторых людзей прыходзяць на працу, іншым тэлефануюць і выклікаюць на «размовы».