На БМЗ заклікаюць даносіць на калег за палітычныя погляды і актыўнасць у інтэрнэце. Хронікі рэпрэсій 12 чэрвеня
На Беларускім металургічным заводзе супрацоўнікам прапануюць паведамляць кіраўніцтву не толькі пра магчымыя пагрозы бяспецы, але і пра палітычныя погляды калег, іх актыўнасць у інтэрнэце і прагляд «не тых» відэа. Тым часам улады прадалі кватэру эканаміста Паўла Данэйкі, а суды працягваюць выносіць прысуды паводле палітычных артыкулаў.

Працаўнікоў БМЗ заклікаюць паведамляць пра палітычныя погляды і інтэрнэт-актыўнасць калег
Паводле інфармацыі «Гомельскай Вясны», на Беларускім металургічным заводзе распаўсюджваюць памятку, у якой супрацоўнікаў просяць звяртаць увагу не толькі на магчымыя пагрозы бяспецы, але і на палітычныя погляды калег.
У дакуменце прапануюць паведамляць пра інтэрнэт-актыўнасць супрацоўнікаў, іх лайкі, рэпосты, прагляд відэа і наведванне рэсурсаў, якія ўлады лічаць непажаданымі.
Асобна работнікаў просяць звяртаць увагу на незнаёмых людзей каля прадпрыемства, аўтамабілі каля агароджы, а таксама на фота- і відэаздымку тэрыторыі завода.
Праваабаронцы адзначаюць, што падобныя практыкі могуць спрыяць росту атмасферы недаверу і застрашвання ў працоўных калектывах.
Улады прадалі кватэру эканаміста Паўла Данэйкі
У Мінску прадалі кватэру эканаміста і адміністрацыйнага дырэктара даследчага цэнтра BEROC Паўла Данэйкі.
Пра гэта паведамляе «Люстэрка» са спасылкай на «БелЮрЗабеспячэнне».
Кватэра плошчай 152 квадратныя метры знаходзіцца паміж МКАД і Цнянскім вадасховішчам.
Павал Данэйка ўваходзіў у першы склад Каардынацыйнай рады. Раней яго завочна асудзілі на 12 гадоў пазбаўлення волі паводле абвінавачанняў у «змове з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам» і ўдзеле ў «экстрэмісцкім фармаванні».
Па палітычных справах асудзілі двух мінскіх пенсіянераў
75-гадовай Ліліі Грынько прызначылі абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову («хатнюю хімію»).
Жанчыну прызналі вінаватай паводле ч. 1 арт. 14 і ч. 1 арт. 361-4 КК (замах на садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці), а таксама арт. 361-4 КК.
72-гадовага Аляксандра Катляніка асудзілі да пазбаўлення волі. Яго прызналі вінаватым паводле ч. 3 арт. 361 КК («заклікі да санкцый або іншых дзеянняў, якія, на думку ўладаў, наносяць шкоду нацыянальнай бяспецы») і ч. 3 арт. 361-1 КК («удзел у экстрэмісцкім фармаванні»).
У «спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 40 чалавек
12 чэрвеня МУС абнавіла «Пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».
Цяпер у ім 6703 чалавекі.
Сярод новых прозвішчаў — 38-гадовы грамадзянін Украіны Аляксандр Каваленка, які пражываў у Пастаўскім раёне Віцебскай вобласці.
Паводле інфармацыі МУС, яго раней асудзілі паводле артыкула аб «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці».
Жыхарку Бабруйска асудзілі паводле артыкула аб «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці»
41-гадовая Ганна Краснеўская жыве ў Бабруйску, выхоўвае дзесяцігадовага сына і захапляецца інтэлектуальнымі гульнямі.
Як піша «Наша Ніва», раней жанчыну ўжо прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці за ўдзел у паслявыбарчых акцыях пратэсту.
Цяпер Магілёўскі абласны суд прызнаў яе вінаватай паводле ч. 1 арт. 361-4 КК («садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»).
Што стала падставай для крымінальнага пераследу і які менавіта прысуд атрымала жанчына, пакуль невядома. Паводле інфармацыі выдання, ёй маглі прызначыць «хатнюю хімію».