Больш за 40 ператрусаў па «справе ЕГУ» і дзясяткі палітвязняў з цяжкімі захворваннямі. Хронікі рэпрэсій 10 чэрвеня
Праваабаронцам сталі вядомыя новыя падрабязнасці маштабнай «справы ЕГУ», у межах якой па ўсёй Беларусі ўжо прайшло больш за 40 ператрусаў. Тым часам «Вясна» паведамляе як мінімум пра 60 палітвязняў з сур'ёзнымі праблемамі са здароўем, многія з якіх не атрымліваюць належнай медыцынскай дапамогі за кратамі.

Праваабаронцам сталі вядомыя падрабязнасці «справы ЕГУ»
Паводле дакументаў, з якімі азнаёміліся праваабаронцы, крымінальная справа звязаная з аплатай навучання ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце.
У пастанове аб узбуджэнні справы сцвярджаецца, што «неўстаноўленыя асобы» з 30 красавіка 2016 года нібыта ажыццяўлялі збор і перадачу сродкаў для забеспячэння дзейнасці ЕГУ, які ў красавіку 2026 года быў прызнаны «экстрэмісцкай арганізацыяй».
Па стане на 10 чэрвеня праваабаронцам «Вясны» вядома ўжо больш як пра 40 ператрусаў у выпускнікоў, студэнтаў, супрацоўнікаў універсітэта, а таксама іх родных.
Праваабаронцы: як найменей 60 палітвязняў маюць сур'ёзныя праблемы са здароўем
Паводле звестак Праваабарончага цэнтра «Вясна», на 10 чэрвеня ў Беларусі налічваецца 869 палітвязняў, з іх восем чалавек маюць інваліднасць.
Як мінімум 60 палітвязняў маюць сур'ёзныя праблемы са здароўем, а 30 знаходзяцца ў асаблівай групе рызыкі праз узрост або цяжкія захворванні.
Пра гэта паведамляе Радыё Свабода.
Былы палітвязень і праваабаронца Леанід Судаленка, які адбыў больш за два гады зняволення, распавёў пра праблемы з медыцынскай дапамогай у СІЗА і калоніі. Паводле яго, нават людзі з хранічнымі захворваннямі часта не атрымліваюць неабходнага лячэння.
Праваабаронцы звяртаюць асаблівую ўвагу на стан здароўя шэрагу палітвязняў, сярод якіх Арсеній Майсейчык, Сцяпан Латыпаў, Вольга Маёрава, Дзмітрый Маставы, Кірыл Ашурак, Яўген Бурло, Максім Шуканаў і іншыя.
Юрыст «Вясны» Павал Сапелка адзначыў, што людзі, жыццё і здароўе якіх знаходзяцца пад пагрозай, павінны быць вызваленыя неадкладна.
Стала вядома, хто ўваходзіць у камісію, якая забараняе кнігі ў Беларусі
У Беларусі працягвае пашырацца спіс кніг, распаўсюд якіх дзяржаўныя органы лічаць непажаданым.
Паводле інфармацыі «Нашай Нівы», у спецыяльную Рэспубліканскую камісію, якая ацэньвае друкаваныя выданні, уваходзяць прадстаўнікі дзяржаўных органаў, сілавых структур, ідэалагічнай вертыкалі і асобныя эксперты.
Сярод членаў камісіі — Лілія Ананіч, Ігар Луцкі, Рыгор Васілевіч, Людміла Філіповіч, Вольга Папко і іншыя.
На сёння ў беларускім рэестры ўжо больш за 250 кніг і выданняў, прызнаных непажаданымі для распаўсюду.
21-гадовага курсанта Акадэміі авіяцыі асудзілі за «садзейнічанне экстрэмізму»
21-гадовы Вадзім Кузняцоў з Брэста вучыўся ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі і ўдзельнічаў у працы курсантскага медыяцэнтра.
Як піша «Наша Ніва», нядаўна стала вядома пра яго крымінальны пераслед.
Брэсцкі абласны суд прызнаў маладога чалавека вінаватым паводле ч. 1 і 2 арт. 361-4 КК («садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»). Паводле інфармацыі выдання, яму маглі прызначыць «хатнюю хімію».
У Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі» Telegram-стыкеры «3%»
Суд Калінкавіцкага раёна 5 чэрвеня прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» Telegram-стыкеры «3%».
Таксама ў чарговае абнаўленне адпаведнага спіса трапілі старонкі ў Facebook «Belarus in Focus Information Office», «Альтэрнатыўная Моладзевая Платформа», «Valery Kavaleuski», «Кіра Баярэнка» і іншыя, а таксама старонка ў Threads «daroha.by».