Фігурантам «справы Гаюна» прапануюць спыніць пераслед за грошы. Хронікі рэпрэсій 15 чэрвеня

 Праваабаронцам стала вядома, што некаторым фігурантам «справы Гаюна» прапануюць спыніць крымінальны пераслед ў абмен на «добраахвотныя» ахвяраванні дзяржаўным установам. Тым часам працягваюцца суды па палітычных справах: былога супрацоўніка міліцыі завочна асудзілі да 15 гадоў калоніі, а ў розных рэгіёнах краіны выносяць новыя прысуды паводле артыкулаў аб «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці».

1_1097_1.png

Некаторым фігурантам «справы Гаюна» прапануюць спыніць пераслед за грошы

Праваабаронцам «Вясны» вядома, што некаторым затрыманым па «справе Гаюна» прапануюць спыніць крымінальны пераслед у абмен на так званыя добраахвотныя ахвяраванні на карысць дзяржаўных устаноў.

Раней адзін з беларусаў распавёў, што за адно паведамленне ў бот праекта яму прапанавалі перавесці некалькі тысяч долараў у Рэспубліканскі цэнтр арганізацыі медыцынскага рэагавання.

Паводле звестак праваабаронцаў, цяпер вядома як мінімум пра 200 чалавек, асуджаных менавіта па «справе Гаюна». Аднак агульная колькасць фігурантаў значна большая.

Затрыманні працягваюцца па ўсёй Беларусі. Вядома таксама, што частку затрыманых адпускаюць да суда пад заклад.

Суды па гэтай справе адбываюцца амаль штодня. З пачатку года ў «спіс экстрэмістаў» МУС дадалі 432 чалавекі, асуджаных паводле артыкула аб «садзейнічанні экстрэмізму». Паводле праваабаронцаў, пераважная большасць з іх звязаная менавіта са «справай Гаюна».

У асноўным фігурантам прызначаюць абмежаванне волі, аднак вядомыя і выпадкі пазбаўлення волі.

Стала вядома, за што асудзілі былога дырэктара алімпійскага цэнтра па фрыстайле

Сталі вядомыя падрабязнасці справы Вадзіма Крывашэева — былога дырэктара Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па фрыстайле.

Паводле версіі абвінавачвання, у 2020–2021 гадах ён быў звязаны з арганізацыямі «Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці» і «Народнае антыкрызіснае кіраванне», якія беларускія ўлады прызналі «экстрэмісцкімі фармаваннямі».

Пракуратура таксама сцвярджае, што Крывашэеў падтрымліваў санкцыйны ціск на беларускія ўлады і спрыяў дзейнасці структур, якія, паводле версіі следства, былі накіраваныя на захоп улады неканстытуцыйным шляхам.

Акрамя таго, яму ставяць у віну неналежнае выкананне службовых абавязкаў падчас працы на пасадзе кіраўніка цэнтра. Паводле абвінавачвання, гэта нібыта прывяло да трагедыі на вадзе, у выніку якой загінула дзяўчына.

Былы супрацоўнік міліцыі атрымаў 15 гадоў калоніі завочна

Гродзенскі абласны суд у межах спецыяльнай вытворчасці агучыў прысуд былому супрацоўніку міліцыі Міхаілу Куцко.

Яго прызналі вінаватым паводле артыкула аб «здрадзе дзяржаве» і прызначылі 15 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму, а таксама штраф у памеры 500 базавых велічыняў.

Паводле паведамлення Вярхоўнага суда, мужчыну абвінавацілі ў перадачы інфармацыі, якую следства лічыць дзяржаўнымі сакрэтамі, прадстаўнікам замежнай дзяржавы.

Улетку 2020 года Куцко запісаў відэазварот да былых калег, у якім заклікаў іх быць «на баку народа». Пазней ён пакінуў Беларусь.

Выкладчыцу вакалу з-пад Мінска асудзілі паводле палітычнага артыкула

25-гадовая Святлана Каралёва з Гатава працавала выкладчыцай вакалу ў музычнай студыі «Арт-квартал».

Яна скончыла Мінскі дзяржаўны каледж мастацтваў і Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, выступала ў складзе арт-фольк-гурта і ўдзельнічала ў розных культурных мерапрыемствах.

Як піша «Наша Ніва», нядаўна стала вядома пра яе крымінальны пераслед.

Святлану судзілі ў Мінскім абласным судзе паводле ч. 1 і 2 арт. 361-4 КК («садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»).

Паводле інфармацыі выдання, ёй, верагодна, прызначылі «хатнюю хімію».

Жыхарку Гомельшчыны асудзілі па некалькіх палітычных артыкулах

32-гадовая Надзея Віцікава родам з аграгарадка Насовічы Добрушскага раёна.

Як адзначае «Наша Ніва», у сацыяльных сетках жанчына пісала пра паўсядзённае жыццё, пакупкі, а таксама дапамагала шукаць гаспадароў для бяздомных кацянят.

Нядаўна Гомельскі абласны суд прызнаў яе вінаватай адразу паводле некалькіх артыкулаў Крымінальнага кодэкса: аб «паклёпе на Лукашэнку», «дыскрэдытацыі Беларусі» і «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці».

Паводле інфармацыі выдання, жанчыне, верагодна, прызначылі «хатнюю хімію».