Новыя справы супраць каліноўцаў і гісторыя дэпартаванага лекара. Хронікі рэпрэсій 17 чэрвеня

 Праваабаронцы апублікавалі падрабязнасці пераследу іранскага лекара, які больш за дзесяць гадоў жыў у Беларусі і быў дэпартаваны з забаронай на ўезд на 30 гадоў. Тым часам дзяржаўнае тэлебачанне выпусціла новы прапагандысцкі сюжэт пра полк Каліноўскага, а таксама стала вядома пра арышт яшчэ аднаго беларускага добраахвотніка. Расказваем пра галоўныя выпадкі палітычнага пераследу за 17 чэрвеня.

1_1097_1.png

Стала вядома пра пераслед іранскага лекара, якога дэпартавалі з Беларусі на 30 гадоў

Праваабарончаму цэнтру «Вясна» сталі вядомыя падрабязнасці пераследу грамадзяніна Ірана, які пражываў у Беларусі з 2015 года. З меркаванняў бяспекі імя мужчыны не выдаецца. Ён меў часовы від на жыхарства і працаваў лекарам. У красавіку гэтага года мужчыну затрымалі ў Мінску, пасля чаго ён зазнаў ціск з боку КДБ і быў дэпартаваны з забаронай на ўезд у Беларусь да 2056 года.

Паводле праваабаронцаў, супрацоўнікі КДБ патрабавалі ад яго запісаць відэа ў падтрымку Корпуса вартавых ісламскай рэвалюцыі і духоўнага лідара Ірана. Мужчыну абяцалі не дэпартаваць па так званай «іранскай справе», калі ён пагодзіцца на гэтыя патрабаванні, аднак усё роўна настойвалі на адбыцці пакарання за правапарушэнне ў Беларусі.

Выйшаў новы прапагандысцкі сюжэт пра полк Каліноўскага

Дзяржаўнае тэлебачанне паказала новы сюжэт пра расследаванне спраў супраць удзельнікаў палка Каліноўскага, заявіўшы, што «не ўсе імёны затрыманых пакуль можна называць».

У матэрыяле паказалі кадры з былым ваяром Васілём Верамейчыкам з калоніі № 17, заявы Максіма Ралько пра нібыта «супрацоўніцтва са следствам» у СІЗА, а таксама інфармацыю пра ўтрыманне ў СІЗА раней невядомага зняволенага Андрэя Сяргеева.

Сюжэт пабудаваны на дыскрэдытацыі палка Каліноўскага і запалохванні патэнцыйных добраахвотнікаў. У ім таксама сцвярджаецца, што беларускія ўлады ідэнтыфікавалі 40 загінулых беларусаў, якія ваявалі на баку Украіны.

Стала вядома пра арышт яшчэ аднаго каліноўца

З прапагандысцкага сюжэту стала вядома пра арышт яшчэ аднаго беларускага добраахвотніка — Андрэя Сяргеева.

Паводле інфармацыі «Нашай Нівы», Сяргееў скончыў Казанскае танкавае вучылішча. У 2020 годзе ён удзельнічаў у пратэстах і страйку каля завода «Атлант», пасля чаго разам з жонкай выехаў у Польшчу.

Мяркуючы па сюжэце дзяржаўнага тэлебачання, ягоная жонка таксама можа знаходзіцца пад вартай.

Палітзняволеная Аляксандра Каско перанесла аперацыю ў калоніі

За апошнія паўгода палітычная зняволеная Аляксандра Каско сутыкнулася з сур'ёзнымі праблемамі са здароўем у папраўчай калоніі № 4.

Паводле інфармацыі @MAYDAYMog, у жанчыны выявілі кісту на яечніку. Спачатку адміністрацыя калоніі не рэагавала на сітуацыю, аднак пасля разрыву кісты ёй спатрэбілася тэрміновая аперацыя.

Вядома, што Аляксандру перавезлі ў лякарню, дзе правялі аператыўнае ўмяшанне. Пасля гэтага яе вярнулі ў калонію.

Нагадаем, жыхарку Ваўкавыска затрымалі ў лютым 2023 года. Яе асудзілі да 10 гадоў калоніі па некалькіх палітычных артыкулах. Пазней супраць жанчыны ўзбудзілі яшчэ некалькі крымінальных спраў.

Маладога бацьку са Светлагорска асудзілі па палітычнай справе

21-гадовы Захар Папушой са Светлагорска быў асуджаны паводле некалькіх палітычных артыкулаў Крымінальнага кодэкса, піша «Наша Ніва».

Захар быў выхаванцам нядзельнай школы, вучыўся ў кадэцкіх класах і кадэцкім вучылішчы ў Гомелі. Пазней жыў у Мінску, стварыў сям'ю і стаў бацькам.

Яго прызналі вінаватым паводле ч. 1 арт. 130 КК («распальванне варожасці»), ч. 3 арт. 361-1 КК («удзел у экстрэмісцкім фармаванні») і ч. 1 арт. 130-1 КК («рэабілітацыя нацызму»).

Дакладныя абставіны справы і тэрмін пакарання невядомыя, аднак вядома, што хлопца накіравалі ў калонію.

Улады прызналі «экстрэмісцкімі» старонкі Right Livelihood і шэраг гістарычных фільмаў

У «экстрэмісцкі спіс» дадалі старонкі ў Instagram і Facebook міжнароднай праваабарончай арганізацыі Right Livelihood. Адпаведнае рашэнне прыняў суд Хоцімскага раёна 11 чэрвеня.

Right Livelihood — шведская некамерцыйная арганізацыя, вядомая дзякуючы міжнароднай узнагародзе Right Livelihood Award, якую часта называюць «альтэрнатыўнай Нобелеўскай прэміяй». У 2020 годзе яе лаўрэатамі сталі Алесь Бяляцкі і Праваабарончы цэнтр «Вясна».

Таксама суд Ленінскага раёна Гродна прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» шэраг гістарычных фільмаў і відэа, у тым ліку «Кроў і попел Дражна», «Курапаты», «Беларусь пад нямецкай акупацыяй», «Расьціслаў Лапіцкі! Герой нацыянальнага супраціву!» і іншыя.

Акрамя гэтага, у спіс дадалі старонкі ў сацыяльных сетках «rightlivelihood», «allekosanja», «yauheni.bury», «bialevich_m», «AliaksVendetti», Facebook-старонкі «Right Livelihood», «Позірк – Навіны пра Беларусь», «Эй Варшава•Новости», YouTube-канал «ІншыЯ», старонку ў TikTok «Мікола», а таксама некалькі набораў Telegram-стікераў.