Пераслед па «справе ЕГУ» працягваецца. Хронікі рэпрэсій 18 чэрвеня

 Праваабаронцы паведамляюць пра новыя выклікі на размовы і ціск у межах «справы ЕГУ». Тым часам стала вядома, што за апошнія гады паводле артыкула аб «здрадзе дзяржаве» ў Беларусі асудзілі як мінімум шэсць сем’яў. Таксама ўлады працягваюць пашыраць спісы «экстрэмістаў» і «экстрэмісцкіх матэрыялаў». Сабралі галоўнае пра палітычны пераслед у Беларусі за апошнія дні.

1_1097_1.png

Пераслед па «справе ЕГУ» працягваецца

У Беларусі працягваецца пераслед людзей пасля прызнання Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта «экстрэмісцкай арганізацыяй». Раней стала вядома пра крымінальную справу, звязаную з нібыта фінансаваннем ЕГУ, пачынаючы з 2016 года.

Паводле інфармацыі праваабарончага цэнтра «Вясна», спачатку да людзей прыходзілі з ператрусамі і выклікалі на допыты. Цяпер тактыка змянілася.

Людзям, якія маюць дачыненне да ЕГУ, тэлефануюць супрацоўнікі КДБ і прапануюць прыйсці на «размову». Пра змест такіх размоў і іх наступствы праваабаронцы пакуль не паведамляюць.

Праваабаронцы: за «здраду дзяржаве» ў Беларусі асудзілі як мінімум шэсць сем’яў

Паводле звестак праваабаронцаў, за апошнія гады паводле артыкула 356 КК («здрада дзяржаве») былі асуджаныя як мінімум шэсць беларускіх сем’яў.

Нядаўна паводле гэтага артыкула асудзілі сям’ю з Мінска: Таццяне Корсакавай прызначылі 12 гадоў калоніі, яе мужу Дзмітрыю — 14 гадоў, а іх дачцэ Пелагіі — завочна 11 гадоў.

У 2024 годзе былі асуджаныя муж і жонка Дзмітрый і Аксана Малочкі. Суд прызначыў Дзмітрыю 12 гадоў пазбаўлення волі, а Аксане — восем гадоў. На волі ў іх засталіся трое дзяцей.

Да 18 і 8 гадоў калоніі адпаведна асудзілі Уладзіслава і Таццяну Кашчэевых з Баранавічаў. У сям’і таксама ёсць дзіця.

Асудзілі і сям’ю Прохаравых з-пад Гомеля: Васіль Прохараў атрымаў 11 гадоў пазбаўлення волі, ягоная жонка Ларыса і сын Павел — па восем гадоў.

Дзмітрыя і Вольгу Капузаў, якія жылі каля беларуска-ўкраінскай мяжы, асудзілі на 24 і 21 год пазбаўлення волі адпаведна.

Яшчэ па сем гадоў калоніі прызначылі Ганне Савачкінай і яе маці Таццяне Русак па справе, якую дзяржаўныя органы называлі падрыхтоўкай тэракту.

У Беларусі распачалі крымінальную справу пасля паведамленняў пра імаверны арышт былога мэра Гомеля

Следчы камітэт заявіў, што былы старшыня Гомельскага гарвыканкама Уладзімір Прывалаў не затрыманы, не быў і не з'яўляецца фігурантам крымінальнай справы.

Паводле ведамства, інфармацыя пра ягонае нібыта знаходжанне ў СІЗА не адпавядае рэчаіснасці. У сувязі з гэтым распачатая крымінальная справа аб паклёпе, а следчыя шукаюць асобаў, якія распаўсюджвалі гэтыя звесткі, паведамляе «Гомельская Вясна».

Раней у незалежных медыя і сацыяльных сетках з’яўлялася інфармацыя, што пасля адстаўкі Прывалаў мог стаць фігурантам карупцыйнай справы, звязанай з нерухомасцю. Цяпер улады афіцыйна гэта абвяргаюць.

«Хрысціяне супраць вайны» і дзясяткі іншых рэсурсаў прызналі «экстрэмісцкімі»

17 чэрвеня ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў унеслі TikTok-акаўнт ініцыятывы «Христиане против войны». Раней у гэты спіс ужо быў дададзены Telegram-канал праекта.

«Христиане против войны» (Shalt Not Kill) — антываенная хрысціянская ініцыятыва, створаная актывістамі рабочай групы «Хрысціянская візія» пасля пачатку поўнамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіну.

Таксама ў спіс трапілі акаўнт Франака Вячоркі ў Threads, старонкі «in_victus_1863tattoo» і «Valery Babaian», Telegram-акаўнт «Коласа-Восточная-Белинского-Мележа», сайт «PINSK ♥ Life», YouTube-каналы «ПЕРШЫ ГАЛАСЫ вольнай Беларусі» і «Рацыя», Telegram-група «BelarusWithUkraine», Facebook-старонка «Белсат по-русски», Instagram-акаўнт «bulbamovie» і шэраг іншых рэсурсаў.

У «спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ аднаго грамадзяніна Украіны

У чарговым абнаўленні «спісу экстрэмістаў» з’явіўся 38-гадовы грамадзянін Украіны Аляксандр Каваленка, які раней пражываў у вёсцы Ярэва Пастаўскага раёна.

Паводле інфармацыі МУС, яму прызначылі пазбаўленне волі па абвінавачанні ў «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці».