У Беларусі ўвялі адказнасць за «прапаганду» ЛГБТК+ і ліквідавалі больш за 80 экалагічных арганізацый. Хронікі рэпрэсій 19 чэрвеня
У Беларусі набылі моц новыя нормы, якія прадугледжваюць пакаранне за так званую «прапаганду» ЛГБТК+, чайлдфры і змены полу. Тым часам праваабаронцы і экалагічныя арганізацыі паведамляюць пра маштабныя наступствы разгрому грамадзянскай супольнасці. Сабралі галоўнае пра палітычны пераслед у Беларусі за апошнія дні.

Набыў моц артыкул КаАП аб адказнасці за «прапаганду» ЛГБТК+, чайлдфры, педафіліі і змены полу
Закон дапаўняе Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях артыкулам 19.16 і ўводзіць адміністрацыйную адказнасць за так званую «прапаганду» гэтых з'яў.
Для фізічных асоб прадугледжаны штраф да 20 базавых велічынь, для індывідуальных прадпрымальнікаў — да 100 базавых, для юрыдычных асоб — ад 100 да 150 базавых велічынь.
Калі інфармацыя стала даступнай непаўналетнім, санкцыі ўзмацняюцца. Для фізічных асоб прадугледжаны штраф ад 20 да 30 базавых велічынь, грамадскія работы або адміністрацыйны арышт. Для індывідуальных прадпрымальнікаў — ад 100 да 150 базавых, для юрыдычных асоб — ад 150 да 200 базавых велічынь.
«Экадом»: у Беларусі прымусова ліквідавалі больш за 80 экалагічных арганізацый
З 2021 года ў Беларусі прымусова ліквідавалі больш за 80 экалагічных арганізацый, яшчэ каля 60 спынілі працу самастойна праз ціск з боку ўладаў.
Пра гэта паведамляе Reform.news са спасылкай на аналітычны агляд «Экадома», падрыхтаваны пры падтрымцы альянсу «Зялёная Беларусь» і «Зялёнай сеткі»:
Усяго за апошнія гады былі ліквідаваныя больш за 140 арганізацый экалагічнага кірунку. Сярод іх — «Ахова птушак Бацькаўшчыны», «Экадом», «Багна», «Мінскае роварнае таварыства» і іншыя вядомыя ініцыятывы.
Паводле даследавання, экалагічныя актывісты сутыкнуліся з ператрусамі, адміністрацыйнымі арыштамі, крымінальным пераследам, звальненнямі і вымушанай эміграцыяй. На пачатак траўня не менш за 19 палітвязняў былі звязаныя з экалагічным рухам.
У Беларусі за данаты асудзілі мінімум 159 чалавек
Паводле даследавання праваабаронцаў, за грашовыя пераводы ў фонды салідарнасці, гуманітарныя і іншыя ініцыятывы, якія ўлады прызналі «экстрэмісцкімі» або «тэрарыстычнымі», у Беларусі асудзілі як мінімум 159 чалавек.
Сярод іх — 26 ІТ-спецыялістаў і 33 жанчыны. За падтрымку Украіны пасля пачатку поўнамаштабнай вайны былі асуджаныя 44 чалавекі.
Праваабаронцы адзначаюць, што яшчэ сотні беларусаў, каб пазбегнуць крымінальнага пераследу, былі вымушаныя рабіць непрацэсуальныя плацяжы на карысць дзяржаўных структур. У выпадках, калі справы ўсё ж даходзяць да суда, людзям прызначаюць жорсткія пакаранні — аж да 9,5 года пазбаўлення волі.
У «спіс экстрэмістаў» унеслі ўдзельнікаў ініцыятывы «Честные люди»
У пералік асобаў, «датычных да экстрэмісцкай дзейнасці», уключылі Алену Жываглод, Зарыну Сарокіну, Алега Давыдчыка і Цімафея Малахоўскага.
Як паведамляе «Віцебская Вясна», завочны прысуд ім быў вынесены яшчэ 22 студзеня ў Віцебскім абласным судзе. Асуджаныя спрабавалі абскардзіць рашэнне суда, аднак вынік разгляду невядомы.
Паводле інфармацыі МУС, іх прызналі вінаватымі па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэкса, у тым ліку за стварэнне «экстрэмісцкага фармавання», «абразу Лукашэнкі», «распальванне варожасці», «дыскрэдытацыю Беларусі» і «заклікі да дзеянняў супраць нацыянальнай бяспекі».
У пераліку таксама пазначана, што ўсе чацвёра знаходзяцца ў вышуку.
Нагадаем, 8 лютага 2022 года КДБ прызнаў ініцыятыву «Честные люди» «экстрэмісцкім фармаваннем».