Новыя падрабязнасці справы каліноўца Андрэя Сяргеева. Хронікі рэпрэсій 22 чэрвеня
Сталі вядомыя новыя падрабязнасці крымінальнага пераследу каліноўца Андрэя Сяргеева, якога затрымалі пры спробе выехаць з Беларусі. Тым часам у краіне працягваюцца суды па палітычных справах, а праваабаронцы і прадстаўнікі культурнай супольнасці паведамляюць пра дзясяткі людзей, якія застаюцца за кратамі або адбываюць пакаранне па палітычна матываваных прысудах.

Сталі вядомыя новыя падрабязнасці справы каліноўца Андрэя Сяргеева
Праваабаронцам з @MAYDAYMog удалося высветліць новыя дэталі пераследу Андрэя Сяргеева, пра арышт якога стала вядома нядаўна.
Паводле іх інфармацыі, мужчыну затрымалі ў жніўні 2025 года ў пункце пропуску ў Брэсце, калі ён выязджаў у Польшчу, дзе працаваў кіроўцам-дальнабойшчыкам. Пасля затрымання яго змясцілі ў следчы ізалятар у Калядзічах.
Прыкладна ў лютым 2026 года расследаванне завяршылі і перадалі справу ў суд. Паводле крыніцы, Сяргееву паставілі ў віну ўдзел у баявых дзеяннях на тэрыторыі замежнай дзяржавы, а таксама сувязь са «справай Гаюна».
Як сцвярджаецца, мужчына баяўся атрымаць настолькі вялікі тэрмін, што «жывым з калоніі не выйдзе». Які прысуд яму вынеслі, пакуль невядома.
Не менш за 117 дзеячаў культуры знаходзяцца ў няволі або пад абмежаваннем волі
Паводле звестак Беларускай Рады культуры, на чэрвень 2026 года не менш за 117 прадстаўнікоў культурнай сферы знаходзяцца ў зняволенні або адбываюць розныя формы пакарання, звязаныя з абмежаваннем волі.
Паводле маніторынгу, 82 дзеячы культуры асуджаныя да пазбаўлення або абмежавання волі, яшчэ ў 27 выпадках дакладны прысуд невядомы. Акрамя таго, восем чалавек знаходзяцца пад следствам у СІЗА.
Беларуская Рада культуры працягвае фіксаваць выпадкі пераследу ў культурнай сферы і адзначае, што база даных пастаянна ўдакладняецца.
Завочна будуць судзіць беларуса, які больш за 20 гадоў жыве ў Польшчы
6 ліпеня Гродзенскі абласны суд пачне завочны разгляд справы Паўла Міцкевіча.
Яму інкрымінуюць «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» і «дыскрэдытацыю Беларусі».
Павел Міцкевіч ужо больш за дваццаць гадоў жыве ў Польшчы. Ён узначальвае фонд «Okno na Wschód», які займаўся адукацыйнымі і культурнымі праектамі, а пасля 2020 года дапамагае беларусам, украінцам і расіянам, якія пераехалі ў Беласток.
За падпіску, скрыншот і каментары працягваюць пераследаваць беларусаў
Жанчыну аштрафавалі на 15 базавых велічынь за падпіску на «Хартыю'97» у сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі». Паводле матэрыялаў справы, суд улічыў «раскаяне» і прызнанне віны.
Таксама стала вядома пра справу супрацоўніка аднаго з мінскіх універсітэтаў. Паводле старшыні суда Капыльскага раёна Алены Кісель, мужчыну арыштавалі на 15 сутак за скрыншот артыкула з Telegram-канала «Наша Ніва», які захоўваўся ў тэлефоне. Акрамя арышту, суд пастанавіў канфіскаваць мабільны тэлефон.
Яшчэ адна справа накіраваная ў суд супраць 42-гадовага мінчаніна. Яго будуць судзіць за каментары пра Лукашэнку і прадстаўнікоў Савета Рэспублікі, пакінутыя яшчэ ў 2021 годзе.
Айцішніцу з Мар'інай Горкі асудзілі па «справе Гаюна»
39-гадовую Яну Гурыновіч, якая працавала ў IT-сферы і апошнім часам была QA-інжынеркай у стартапе Sequoia, асудзілі паводле артыкула аб «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці».
Пераслед звязваюць са «справай Гаюна», піша «Наша Ніва».
Паводле наяўнай інфармацыі, жанчыне прызначылі «хатнюю хімію».
Айцішніка з Мінска асудзілі па палітычнай справе
41-гадовага Android-распрацоўшчыка Сяргея Кашэпава асудзілі ў Мінскім абласным судзе паводле частак 1 і 2 артыкула 361-4 Крымінальнага кодэкса.
Як паведамляе «Наша Ніва», яму прызначылі абмежаванне волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
Двух жыхароў Гомельшчыны асудзілі па палітычных артыкулах
У Гомельскім абласным судзе вынеслі прысуды 33-гадоваму гамяльчаніну Глебу Ганчарову і 51-гадоваму жыхару вёскі Краснае Канстанціну Котаву.
Ганчарова абвінавацілі ў «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» і «абразе Лукашэнкі», а Котава — у «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» і «паклёпе на Лукашэнку».
Паводле інфармацыі «Гомельскай Вясны», абодвум, верагодна, прызначылі або пазбаўленне волі, або «хімію».