Катаванні ў «Віцьбе», 11 новых палітвязняў і прысуды па палітычных справах. Хронікі рэпрэсій 23 чэрвеня
Новы даклад раскрывае сістэму жорсткага абыходжання ў віцебскай калоніі «Віцьба», праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ 11 чалавек, а суды працягваюць выносіць прысуды па палітычных справах. Сабралі галоўнае пра палітычны пераслед у Беларусі за апошнія дні.

Новы даклад: у калоніі «Віцьба» зафіксавалі катаванні, прымусовую працу і пазбаўленне меддапамогі
Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі апублікаваў даклад пра ўмовы ўтрымання ў папраўчай калоніі №3 «Віцьба» ў Віцебскай вобласці.
Даследаванне грунтуецца на 29 інтэрв'ю з былымі зняволенымі, якія адбывалі пакаранне ў калоніі ў 2020–2023 гадах.
Паводле аўтараў дакладу, палітвязні ў ПК-3 сутыкаліся з бесчалавечнымі ўмовамі ўтрымання, бесперапыннымі дысцыплінарнымі спагнаннямі, шматразовымі змяшчэннямі ў штрафны ізалятар (ШІЗА) і памяшканні камернага тыпу (ПКТ), цяжкай фізічнай працай за мізэрную аплату, а таксама псіхалагічным ціскам з боку адміністрацыі.
Былыя зняволеныя расказалі, што стаўленне адміністрацыі часта залежала ад таго, ці прызнае чалавек сваю віну. Тыя, хто адмаўляўся гэта рабіць, часцей траплялі ў ШІЗА, гублялі права на спатканні і тэлефонныя размовы, а таксама сутыкаліся з дадатковымі праверкамі і ператрусамі.
Асобную ўвагу ў дакладзе надаюць умовам у ШІЗА. Паводле сведчанняў былых вязняў, людзей трымалі ў халодных камерах без нармальных спальных прыналежнасцяў, магчымасці чытаць або пісаць. Некаторыя апісвалі значную страту вагі і пагаршэнне здароўя пасля працяглага знаходжання ў ізалятары.
У дакладзе таксама гаворыцца пра сістэмныя праблемы з медыцынскай дапамогай. Былыя зняволеныя сцвярджаюць, што цяжкахворыя людзі часта не атрымлівалі своечасовага лячэння, а сур'ёзныя захворванні ігнараваліся або лячыліся толькі сімптаматычна. Аўтары расследавання звязваюць з гэтым некалькі смерцяў у калоніі, у тым ліку смерць палітвязня Вадзіма Храсько, які памёр пасля несвоечасовага аказання меддапамогі.
Праваабаронцы таксама паведамляюць пра выкарыстанне сеткі інфарматараў сярод зняволеных, прымусовую працу, ціск праз абмежаванне спатканняў з роднымі і стварэнне прывілеяванага становішча для так званага «актыву», які супрацоўнічаў з адміністрацыяй.
У завяршэнні дакладу названыя прозвішчы супрацоўнікаў ІК-3, якіх аўтары расследавання лічаць датычнымі да жорсткага абыходжання са зняволенымі.
Праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ 11 чалавек
Праваабаронцы паведамілі пра новае пашырэнне спісу палітвязняў.
Палітвязнямі прызнаныя Павел Станіслаўчык, Вадзім Даўгучыц, Марат Бушэнка, Дзмітрый Левы, Аляксандр Карнацкі, Дар'я Калінава, Радзівон Курцараў, Павел Чарняк, Аляксандр Ванчанка, Аляксандр Каваленка і Аляксандр Катлянік.
Паводле праваабаронцаў, усе яны былі пазбаўленыя волі ў сувязі з абвінавачаннямі ва ўзаемадзеянні з «экстрэмісцкімі фармаваннямі» і рэалізацыяй права на свабоду выказвання меркаванняў.
За кратамі застаюцца 18 прадстаўнікоў незалежнага прафсаюзнага руху
Пасля падзей 2020 года беларускія ўлады фактычна знішчылі незалежны прафсаюзны рух у краіне: незалежныя прафсаюзы былі ліквідаваныя па рашэнні суда, а іх лідары і актывісты сталі аб'ектамі крымінальнага пераследу.
Паводле даных Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў, за апошнія шэсць гадоў праз рэпрэсіі прайшлі больш за 50 прадстаўнікоў незалежнага прафсаюзнага і рабочага руху. Цяпер за кратамі застаюцца 18 чалавек.
Некаторыя з іх знаходзяцца ў няволі ўжо больш за чатыры гады, а прызначаныя тэрміны пазбаўлення волі дасягаюць 15 гадоў.
Маладога настаўніка з Мазыра асудзілі па палітычным артыкуле
23-гадовага Аляксандра Пархоменку Гомельскі абласны суд прызнаў вінаватым паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).
Пасля заканчэння Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта ён працаваў настаўнікам працоўнага навучання ў сярэдняй школе №6 Мазыра. У 2025 годзе Пархоменка стаў пераможцам раённага этапу конкурсу працуючай моладзі «SuperПРОФІ» ў намінацыі «SuperПРОФІ ў сферы адукацыі і навукі».
Нядаўна суд вынес яму прысуд. Ці прызначылі Пархоменку «хімію» ці пазбаўленне волі, пакуль невядома: на абвяшчэнне прысуду ён анлайн не падключыўся, паведамляе «Наша Ніва».
Былы вайсковец унутраных войскаў атрымаў прысуд па палітычнай справе
У Гомельскім абласным судзе вынеслі прысуд 34-гадоваму жыхару Светлагорска Ягору Бойку.
Яго абвінавацілі паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці), а таксама арт. 369-1 КК (дыскрэдытацыя Беларусі). Верагодна, мужчыну прызначылі абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову.
Як паведамляе «Гомельская Вясна», Бойка скончыў Ваенную акадэмію і з 2014 па 2020 год служыў ва ўнутраных войсках. Пасля звальнення працаваў на «Светлагорск-Хімвалакне», а пазней — на прадпрыемстве «Shacman-bel».
Жыхарку Гомеля асудзілі па «справе Гаюна»
У Гомельскім абласным судзе вынеслі прысуд 30-гадовай жыхарцы Гомеля Вользе Марчанка.
Яе абвінавацілі паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) і прысудзілі тры гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову («хатняя хімія»).
Як паведамляе «Гомельская Вясна», пераслед жанчыны звязаны са «справай Гаюна».