Апячаталі дом Ігара Логвінава. Хронікі рэпрэсій 24 чэрвеня

 Новыя выпадкі ціску на прадстаўнікоў незалежнай культуры і грамадзянскай супольнасці, продаж канфіскаванай маёмасці, праблемы з перарэгістрацыяй рэлігійных суполак і паведамленні пра спробы вярбоўкі беларусаў замежжа. Сабралі галоўнае пра палітычны пераслед у Беларусі за апошнія дні.

1_1097_1.png

Беларусаў замежжа спрабуюць вярбаваць праз іх бацькоў

Праваабарончая ініцыятыва Dissidentby паведаміла пра шэраг выпадкаў, калі да бацькоў беларусаў, якія жывуць за мяжой, прыходзяць людзі, што патрабуюць кантакты іх дзяцей і пагражаюць магчымымі наступствамі. Паводле паведамленняў, такія візіты звязваюць з абвінавачаннямі ў сувязях з аналітычна-асветніцкім цэнтрам «Цэнтр новых ідэй», які ўлады прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем» у 2025 годзе.

Апячаталі вясковы дом выдаўца Ігара Логвінава

Паводле інфармацыі Reform.news, на пачатку чэрвеня ўлады апячаталі вясковы дом выдаўца Ігара Логвінава.

Нагадаем, у сакавіку КДБ прызнаў «экстрэмісцкім фармаваннем» нібыта існуючую кааліцыю выдавецтваў «Фонд Kamunikat.org», «Lohvinau Publishing House» і «Andrei Yanushkevich Publishing». Паводле КДБ, да яе мелі дачыненне Яраслаў Іванюк, Зміцер Колас, Ігар Логвінаў, Вацлаў Багдановіч, Андрэй Янушкевіч і Аляксандр Яўдаха.

Выдавец Андрэй Янушкевіч раней заяўляў, што такой кааліцыі не існуе і яна была сфабрыкаваная сілавымі органамі.

Чатыры грэка-каталіцкія парафіі не прайшлі перарэгістрацыю

Як паведамляе Радыё Свабода са спасылкай на абазнаныя крыніцы, абавязковую перарэгістрацыю не прайшлі чатыры з 16 грэка-каталіцкіх парафій, зарэгістраваных у Беларусі. Гаворка ідзе пра суполкі ў Брэсце, Баранавічах, Івацэвічах і Оршы.

Масавая перарэгістрацыя рэлігійных арганізацый пачалася пасля прыняцця ў канцы 2023 года новай рэдакцыі закона аб дзейнасці рэлігійных арганізацый. Сярод новых патрабаванняў — забарона на палітычную дзейнасць, беларускае грамадзянства кіраўніка арганізацыі і наяўнасць не менш за 20 вернікаў для рэгістрацыі парафіі.

Прадалі канфіскаванае лецішча журналіста і праваабаронцы Уладзіміра Хільмановіча

Паводле «Гарадзенскай Праваабароны», канфіскаванае лецішча журналіста і праваабаронцы Уладзіміра Хільмановіча прадалі на аўкцыёне за 3242 рублі. У таргах удзельнічалі два чалавекі.

Раней у сям'і Хільмановіча таксама канфіскавалі і прадалі бытавую тэхніку, у тым ліку лядоўню, пральную машыну і тэлевізар.

У жніўні 2024 года Гродзенскі абласны суд завочна прысудзіў Хільмановічу пяць гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штраф у памеры 40 тысяч рублёў.

На продаж выставілі яшчэ некалькі ікон, арыштаваных у ксяндза Генрыха Акалатовіча

Паводле інфармацыі Хрысціянскай візі, на таргі выставілі яшчэ дзве іконы, канфіскаваныя ў ксяндза Генрыха Акалатовіча: «Вялікапакутніца Параскева Пятніца» і «Маці Божая Трох Радасцей».

Таксама паўторна выставілі ікону «Паўстанне Хрыста ад труны». Калі раней яе пачатковая цана складала 4000 рублёў, то цяпер — 3200 рублёў.

Раней у ксяндза ўжо арыштавалі і выставілі на продаж аўтамабіль, зямельны ўчастак і некалькі старажытных ікон.