Палітвязень Васіль Верамейчык, верагодна, перанёс інфаркт у зняволенні. Хроніка рэпрэсій 25 чэрвеня

 Паводле сваякоў палітвязня і былога добраахвотніка Полка Каліноўскага Васіля Верамейчыка, у яго сур'ёзна пагоршыўся стан здароўя. Незалежны лекар мяркуе, што прызначанае яму лячэнне звычайна атрымліваюць людзі пасля інфаркту або пры вельмі высокай рызыцы яго развіцця. Тым часам МУС прызнала «экстрэмісцкім фармаваннем» Асацыяцыю беларусаў у Амерыцы, а кіраўнік Следчага камітэта заявіў, што «прававую ацэнку» атрымалі ўсе ўдзельнікі пратэстаў 2020 года. Расказваем пра апошнія выпадкі палітычнага пераследу ў Беларусі.

1_1097_1.png

Палітвязень Васіль Верамейчык, верагодна, перанёс інфаркт у зняволенні

Жонка былога добраахвотніка Палка Каліноўскага Васіля Верамейчыка паведаміла пра сур'ёзныя праблемы мужа з сэрцам.

Як адзначае @nashaniva, паводле ацэнкі незалежнага лекара, прызначанае палітвязню лячэнне звычайна прызначаюць людзям, якія перанеслі інфаркт або маюць вельмі высокую рызыку яго развіцця. Аднак замест запланаванай аперацыі Верамейчыка змясцілі ў ШІЗА, а пасля перавялі ў ПКТ, дзе магчымасці атрымаць неабходную медыцынскую дапамогу яшчэ больш абмежаваныя.

Паводле сваякоў, палітвязня ўжо ўключылі ў гуманітарны спіс асобаў, якія маюць патрэбу ў тэрміновым вызваленні з-за стану здароўя.

Кіраўнік Следчага камітэта заявіў, што «прававую ацэнку» атрымалі ўсе ўдзельнікі пратэстаў 2020 года

Пра гэта паведаміў кіраўнік Следчага камітэта Канстанцін Бычак.

Паводле яго слоў, «прававую ацэнку атрымалі ўсе ўдзельнікі масавых беспарадкаў, іх арганізатары, асобы, якія аказвалі супраціў праваахоўнікам, і — самае галоўнае — тыя, хто выношваў планы гвалтоўнай змены канстытуцыйнага ладу».

Таксама Бычак заявіў, што людзі, якія выехалі за мяжу, не пазбеглі крымінальнага пераследу. Паводле яго, па ініцыятыве Следчага камітэта ў Беларусі дзейнічае інстытут спецыяльнай вытворчасці.

Акрамя таго, кіраўнік СК сцвярджае, што ведамства «актыўна спыняе спробы» схаваць даходы і маёмасць, якая, паводле яго слоў, падлягае канфіскацыі.

МУС прызнала Асацыяцыю беларусаў у Амерыцы «экстрэмісцкім фармаваннем»

25 чэрвеня МУС унесла ABA Together (Association of Belarusians in America) у пералік «экстрэмісцкіх фармаванняў».

Паводле ведамства, дачыненне да арганізацыі маюць Марыя Астапенка, Таццяна Астапенка, Антон Бялянскі, Эмілія Баркоўская-Сцепанчук, Вольга Бромэн, Філіп Гаўрышаў, Марыя Яфімава, Яўген Ждановіч, Анжаліка Зайцава, Глеб Івашкевіч, Кацярына Маліеўская, Віталь Самсонаў, Артур Сянько, Вольга Шалыга, Сяргей Шалыга, Ганна Шарко і Аляксандр Янкоўскі.

37-гадовага будаўніка з Брэста асудзілі паводле двух палітычных артыкулаў

Яўгену Пяргаеву 37 гадоў. Ён родам з Брэста, скончыў мясцовы політэхнічны каледж, а пасля — Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт. Пра гэта піша «Наша Ніва».

З 2012 года мужчына быў зарэгістраваны як індывідуальны прадпрымальнік. Апошнія гады ён працаваў у будаўнічай сферы.

Пяргаева асудзілі паводле ч. 1 арт. 130 («распальванне іншай сацыяльнай варожасці») і ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса («заклікі да мер абмежавальнага характару або іншых дзеянняў на шкоду нацыянальнай бяспецы»).

Дакладны прысуд пакуль невядомы. Паводле інфармацыі «Нашай Нівы», цяпер мужчына знаходзіцца ў калоніі.