Ліквідацыя пратэстанцкіх супольнасцяў, ціск на былых палітвязняў і новыя «экстрэмісцкія» матэрыялы. Хронікі рэпрэсій

У Беларусі ліквідуюць рэлігійныя супольнасці, працягваюць кантраляваць людзей пасля вызвалення з калоній, а ў спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» дадаюць кнігі, закрытыя чаты і старонкі ў сацсетках. Сабралі галоўныя прыклады пераследу.

1_1097_1.png

У Беларусі ліквідуюць пратэстанцкія супольнасці

З 2024 года ў Беларусі ліквідавалі або пачалі ліквідаваць восем супольнасцяў хрысціян поўнага Евангелля і рэлігійную місію «Глорыя». Пра гэта сведчаць звесткі з Адзінага дзяржаўнага рэгістра юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў, а таксама сэрвісу «Картатэка». Інфармацыю апублікавала «Хрысціянская візія».

Пяць супольнасцяў ужо ліквідаваныя, яшчэ тры знаходзяцца ў працэсе ліквідацыі. У 2024 годзе з дзяржаўнага рэгістра выключылі «Пасольства Божае» ў Слоніме і «Новае пакаленне» ў Навагрудку.

У снежні 2025 года, паводле звестак «Картатэкі», ліквідавалі тры супольнасці Гомельскай вобласці: «Царкву Ісуса Хрыста» ў Гомелі, супольнасць «Ісуса Хрыста» ў Мазыры і «Новае пакаленне» ў Гомелі.

Яшчэ чатыры арганізацыі знаходзяцца ў працэсе ліквідацыі. Брэсцкі абласны суд прыняў рашэнне аб ліквідацыі супольнасці «Воля Ісуса» ў Жабінцы 23 снежня 2025 года, а «Новага пакалення» ў Баранавічах — 16 студзеня 2026 года. 23 чэрвеня 2026 года Магілёўскі абласны суд пастанавіў ліквідаваць «Царкву Госпада Ісуса Хрыста» ў Асіповічах. У той жа дзень Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў прыняў рашэнне аб ліквідацыі місіі «Глорыя» ў Мінску.

Падставы для гэтых рашэнняў у сабраных звестках не пазначаныя.

На пачатак 2024 года ў Беларусі налічвалася 62 супольнасці хрысціян поўнага Евангелля. Такім чынам, восем супольнасцяў, ліквідаваных або тых, што знаходзяцца ў працэсе ліквідацыі, складаюць 12,9% ад гэтай колькасці — амаль кожную восьмую. Місію «Глорыя» ў гэты разлік не ўключалі.

Хрысціяне поўнага Евангелля — пратэстанцкія супольнасці харызматычнага кірунку, блізкага да пяцідзясятніцтва. Асновай іх веравучэння з'яўляецца Біблія, асаблівае значэнне яны надаюць асабістай веры ў Ісуса Хрыста і дзеянню Святога Духа.

Вызваленне без свабоды: як працягваюць пераследаваць былых палітвязняў

Вызваленне з калоніі ў Беларусі не заўсёды азначае вяртанне да звычайнага жыцця. Былыя палітвязні застаюцца пад наглядам сілавікоў, сутыкаюцца з абмежаваннямі ў перамяшчэнні і працаўладкаванні, а часам — з пагрозамі новых крымінальных справаў і спробамі вярбоўкі. Пра гэта сведчаць гісторыі, якія сабрала «Вясна».

Пасля вызвалення некаторых ставяць на прафілактычны ўлік: выклікаюць у міліцыю, правяраюць дома, абмяжоўваюць перамяшчэнне і забараняюць наведваць масавыя мерапрыемствы. Былы палітвязень Мікіта Сляпенок распавёў, што на працягу года да яго некалькі разоў на тыдзень прыходзілі з начнымі праверкамі, а таксама прымушалі наведваць лекцыі з прапагандысцкімі відэаролікамі. Іншы былы зняволены пасля вызвалення трапіў пад прэвентыўны нагляд на два гады: мусіў заставацца дома ўначы, рэгулярна адзначацца ў міліцыі і не мог выязджаць за межы вобласці без дазволу.

Падставай для ціску становяцца і патрабаванні ўладкавацца на працу. Аднаму з былых палітвязняў далі на гэта 14 дзён, але праз судзімасць і ўключэнне ў спісы «экстрэмістаў» і «тэрарыстаў» працадаўцы адмаўлялі яму. Міліцыянты пагражалі накіраваць мужчыну на прымусовую працу. Іншы былы зняволены распавёў, што супрацоўнікі не прызнавалі ягонае рашэнне працаваць самазанятым.

Былыя палітвязні таксама паведамляюць пра патрабаванні здаць ДНК. Аднаго з іх выклікалі для паўторнага збору біялагічных узораў, не патлумачыўшы прычыны. У іншым выпадку жанчыне, якая адмовілася здаваць ДНК без тлумачэнняў, паказалі службовы спіс і нагадалі, што яна застаецца на прафілактычным уліку і ўваходзіць у пералік «экстрэмістаў».

Пасля вызвалення могуць распачаць і новую крымінальную справу. Аляксей Санчук, які цалкам адбыў шасцігадовы тэрмін і з'ехаў з Беларусі, у кастрычніку атрымаў позву ў Следчы камітэт на допыт у якасці падазраванага. Паводле ягонай ацэнкі, пераслед можа быць звязаны з тым, што ён не стаў на ўлік у міліцыі ва ўстаноўлены тэрмін.

Яшчэ адна форма ціску — спробы вярбоўкі. Былы палітвязень Руслан Красоў распавёў, што супрацоўнік КДБ прапанаваў яму супрацоўніцтва і пагражаў новым абвінавачваннем у дзяржаўнай здрадзе, калі той адмовіцца. Ад яго патрабавалі збіраць інфармацыю ў асяроддзі людзей, звязаных з камандай Сяргея Ціханоўскага. Пра падобныя спробы вярбоўкі праз Telegram расказаў і іншы былы зняволены.

Гэтыя гісторыі паказваюць, што вызваленне не спыняе пераследу. Прафілактычны ўлік, абмежаванні ў паўсядзённым жыцці, праблемы з працаўладкаваннем і пагрозы новых справаў фактычна ператвараюць жыццё пасля калоніі ў працяг пакарання.

Кнігу пра генерала Захаранку і закрыты чат адвакатаў дадалі ў спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў»

Міністэрства інфармацыі чарговы раз абнавіла «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў». У яго трапілі кніга «Хроника государственной подлости. Что как и почему случилось с генералом Юрием Захарченко» пра генерала Юрыя Захаранку, закрыты чат «АДВОКАТЫ МГКА» ў Viber, Telegram-канал «Кондратенко Виталий virus», чаты «Белавуд говорит!» і «Склад Dapamoga», а таксама TikTok-акаўнт «BY_NOW».

Знік Telegram-канал, дзе публікавалі спісы «экстрэмістаў»

Telegram-канал «Экстремисты Беларуси», дзе штотыдзень публікавалі звесткі пра людзей, прызнаных уладамі «экстрэмістамі», больш недаступны. Апошні допіс на ім з'явіўся 18 верасня.

Верагодна, канал выдалілі 25 верасня — у той самы дзень, калі з'явілася апошняе абнаўленне «спісу экстрэмістаў». Пазней знікла і гэтая публікацыя.

Замест старога канала з'явіўся новы — extremistybelarus. Аднак на момант падрыхтоўкі паведамлення там быў толькі адзін допіс з заклікам пераходзіць у іншы Telegram-канал.

МУС таксама перастала рэгулярна абнаўляць спіс «экстрэмістаў», які раней папаўняўся кожную пятніцу. Паводле «Вясны», знікненне публічных крыніц інфармацыі пра рэпрэсіі можа сведчыць пра спробы ўладаў схаваць іх сапраўдны маштаб.