Экс-падпалкоўніку КДБ Храловічу дадалі год зняволення. Хронікі рэпрэсій

Былы падпалкоўнік КДБ Аляксей Храловіч, які перадаў NEXTA аўдыязапісы размоваў Наталлі Эйсмант пра гібель Рамана Бандарэнкі, атрымаў яшчэ адзін год зняволення паводле артыкула 411. Таксама стала вядома пра перавод палітвязня Аляксея Чарнавусава ў турму, што можа сведчыць пра новую крымінальную справу, і прафілактычныя гутаркі на Мазырскім НПЗ пра адказнасць за каментары і распаўсюд кантэнту.

1_1097_1.png

Экс-падпалкоўніку КДБ Аляксею Храловічу дадалі год зняволення

Былы падпалкоўнік КДБ Аляксей Храловіч, які перадаў стваральніку Telegram-канала NEXTA Сцяпану Пуцілу аўдыязапісы размоваў прэс-сакратаркі Лукашэнкі Наталлі Эйсмант пра гібель Рамана Бандарэнкі, атрымаў яшчэ адзін год пазбаўлення волі. Новую крымінальную справу супраць яго разглядзелі ў Магілёве паводле артыкула 411 Крымінальнага кодэкса — за злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі папраўчай установы. Пра гэта паведамляе «Вясна».

Храловіч знаходзіцца за кратамі больш за пяць з паловай гадоў. Яго затрымалі 15 сакавіка 2021 года. 30 сакавіка 2022 года Мінскі гарадскі суд прызнаў яго вінаватым у здрадзе дзяржаве і прысудзіў да 10 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штрафу ў памеры 500 базавых велічыняў. Таксама яго пазбавілі вайсковага звання падпалкоўніка.

У кастрычніку 2023 года суд у Наваполацку пастанавіў змяніць Храловічу рэжым утрымання. Яго перавялі на турэмны рэжым у Магілёў, дзе пазней распачалі новую крымінальную справу. Цяпер да першапачатковага тэрміну дадалі яшчэ год.

Былы палітвязень Эдуард Пальчыс распавёў у Facebook пра кароткую размову з Храловічам у Наваполацкай калоніі. Паводле яго, былы супрацоўнік КДБ быў закрытым і спакойным чалавекам, трымаўся адасоблена. Пальчыс таксама піша, што Храловіч праводзіў шмат часу ў штрафным ізалятары, а пасля пераводу ў магілёўскую турму яны больш не сустракаліся.

«Нягледзячы на ўсё гэта, Аляксею прама зараз дадалі год тэрміну па 411-м артыкуле — злоснае непадпарадкаванне і парушэнне патрабаванняў адміністрацыі», — напісаў Пальчыс.

Ён таксама звярнуў увагу на складанасць вызвалення людзей, асуджаных на працяглыя тэрміны, у тым ліку былых сілавікоў і вайскоўцаў. Паводле Пальчыса, такія людзі часта маюць вельмі вялікія тэрміны зняволення і могуць заставацца па-за ўвагай падчас абмеркавання магчымых вызваленняў.

Палітвязня Аляксея Чарнавусава перавялі ў гарадзенскую турму

Палітычнага зняволенага з Гомеля Аляксея Чарнавусава перавялі з папраўчай калоніі № 11 у Ваўкавыску ў турму № 1 у Гародні. Пра гэта паведамляе «Гомельская Вясна».

У траўні 2024 года Гомельскі абласны суд прызнаў Чарнавусава вінаватым у стварэнні экстрэмісцкага фармавання або ўдзеле ў ім, садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці, а таксама незаконных дзеяннях у дачыненні да маёмасці, падвергнутай вопісу або арышту. Яго асудзілі на чатыры з паловай гады калоніі ўзмоцненага рэжыму.

24 ліпеня 2024 года праваабарончая супольнасць прызнала Аляксея Чарнавусава палітычным зняволеным. Пазней ягонае імя ўнеслі ў спіс асобаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці, які вядзе МУС.

Перавод з калоніі ў турму можа сведчыць пра тое, што супраць палітвязня распачалі новую крымінальную справу паводле артыкула 411 КК — за злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі папраўчай установы. Аднак пакуль гэта толькі меркаванне праваабаронцаў, афіцыйнай інфармацыі пра новую справу няма.

На Мазырскім НПЗ супрацоўнікаў папярэдзілі пра адказнасць за каментары ў інтэрнэце

На Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе працягваюць праводзіць прафілактычныя сустрэчы, прысвечаныя «супрацьдзеянню экстрэмізму». Супрацоўнікам расказваюць пра адміністрацыйную і крымінальную адказнасць за каментары і перасылку матэрыялаў з недзяржаўных інфармацыйных рэсурсаў. Пра гэта паведамляе MAYDAY.TEAM.

Напярэдадні выходных спецыяліст аддзела ідэалагічнай і інфармацыйнай працы Дзмітрый Захаранка папярэдзіў работнікаў, што «экстрэмісцкія рэсурсы» ў TikTok могуць вонкава нагадваць афіцыйныя крыніцы інфармацыі. Таму, паводле ягоных словаў, падчас прагляду і распаўсюду кантэнту трэба быць асцярожнымі.

Як паведамляе завод на сваім сайце, з верасня ідэалагічны аддзел арганізуе такія сустрэчы ва ўсіх падраздзяленнях прадпрыемства.