87 асуджаных па «справе Гаюна» на Гомельшчыне і новыя завочныя суды. Хронікі рэпрэсій 16 чэрвеня

 Пераслед па «справе Гаюна» працягвае пашырацца: праваабаронцы пацвердзілі ўжо 87 прысудаў толькі ў Гомельскай вобласці. Тым часам следства рыхтуе да завочных судоў новых фігурантаў спраў, звязаных з Палком Каліноўскага, а на прадпрыемствах паведамляюць пра праверкі асабістых тэлефонаў супрацоўнікаў. Сабралі галоўнае пра палітычны пераслед у Беларусі за апошнія дні.

1_1097_1.png

«Справа Гаюна»: праваабаронцы паведамляюць ужо пра 87 асуджаных у Гомельскай вобласці

Гэта тыя людзі, чый пераслед у межах «справы Гаюна» верыфікавалі праваабаронцы «Гомельскай Вясны».

З асуджаных 87 фігурантаў справы большасць — мужчыны (70 чалавек). 47 людзям прызначылі пазбаўленне або абмежаванне волі, яшчэ 36 чалавек атрымалі «хатнюю хімію» ці штрафы.

Сярод асуджаных — 33 жыхары Гомеля і 23 жыхары Мазыра. Агулам пад пераслед трапілі жыхары 14 раёнаў Гомельскай вобласці.

Таксама ў Гомелі асудзілі трох жыхароў Мінска і аднаго жыхара Магілёва, а дваіх грамадзян Украіны, затрыманых па гэтай справе, дэпартавалі на радзіму. Вынікі судоў яшчэ над чатырма людзьмі высвятляюцца.

Праваабаронцы: за «здраду дзяржаве» ў Беларусі асудзілі як мінімум 129 чалавек

Паводле звестак праваабарончага цэнтра «Вясна», на 16 чэрвеня 2026 года паводле артыкула аб «здрадзе дзяржаве» (арт. 356 КК) у Беларусі асудзілі як мінімум 129 чалавек, у тым ліку 16 жанчын.

Сярод асуджаных — журналісты, рабочыя, былыя сілавікі і вайскоўцы, культурніцкія дзеячы, актывісты і палітыкі. Як мінімум 43 чалавекі былі асуджаныя ў сувязі з вайной ва Украіне, а не менш за шэсць сем'яў цалкам або часткова трапілі пад пераслед паводле гэтага артыкула.

Праваабаронцы адзначаюць, што большасць такіх працэсаў праходзіць у закрытым рэжыме, а сутнасць абвінавачванняў часта застаецца невядомай. З 2023 года артыкул аб «здрадзе дзяржаве» прадугледжвае ў тым ліку смяротнае пакаранне.

Пяць фігурантаў справы, звязанай з Палком Каліноўскага, могуць завочна паўстаць перад судом

Следчы камітэт паведаміў пра завяршэнне расследавання крымінальнай справы ў дачыненні да пяці ўдзельнікаў Палка Каліноўскага.

Гаворка ідзе пра 37-гадовага Мікалая Бойку, 31-гадовага Юрыя Макітава, 56-гадовую былую палітзняволеную Наталлю Нікіціну, 28-гадовую Крысціну Станкевіч і 41-гадовага Міхаіла Чупрынскага.

Паводле паведамлення СК, ім інкрымінуюць шэраг артыкулаў Крымінальнага кодэкса, у тым ліку ўдзел у злачыннай арганізацыі, змову з мэтай захопу ўлады, удзел у «экстрэмісцкім фармаванні», удзел у замежным узброеным фармаванні, садзейнічанне «экстрэмісцкай дзейнасці», падрыхтоўку да такой дзейнасці і ўдзел у «тэрарыстычнай арганізацыі».

Паведамляецца, што крымінальную справу перадалі генеральнаму пракурору для наступнага накіравання ў суд.

На гомельскім прадпрыемстве паведамляюць пра праверкі тэлефонаў і кантактаў супрацоўнікаў

Пра гэта паведамляе @RealnaiaBelarus са спасылкай на работнікаў Гомельскага ДБК.

Паводле іх інфармацыі, на прадпрыемстве апошнім часам актывізавалася служба бяспекі. Супрацоўнікі паведамляюць пра праверкі асабістых тэлефонаў: вывучаюцца падпіскі ў сацыяльных сетках, кантакты, фотаздымкі і перапіска.

Пасля праверак з асобнымі работнікамі праводзяць размовы пра кола іх зносін і кантакты са сваякамі.

Асаблівая ўвага, паводле крыніц, надаецца супрацоўнікам, якія маюць родных або сямейныя сувязі ва Украіне.

Улады прызналі сатырычны праект «Чын Чын Чэнэл» «экстрэмісцкім фармаваннем»

Адпаведнае рашэнне МУС прыняло 16 чэрвеня.

Паводле ведамства, дачыненне да праекта маюць Дзмітрый Есяневіч, Міхаіл Зуй, Сяргей Навіцкі, Андрэй Кашперскі, Дзяніс Сарока, Нэла Агрэніч і Алена Зуй-Вайцяхоўская.

«Чын Чын Чэнэл» — сатырычны праект, аўтары якога ў камедыйнай і абсурднай форме асвятляюць дзейнасць беларускіх чыноўнікаў і дзяржаўнай сістэмы.

У Ваўкавыску на таргі выставілі маёмасць дзвюх жанчын, асуджаных па «справе дваровых чатаў»

Праз «БелЮрЗабеспячэнне» на аўкцыён выставілі аўтамабіль Наталлі Краўчук і мапед Алены Жукавай.

Volkswagen Passat 1996 года выпуску прадаюць па пачатковай цане 5800 рублёў, мапед SOUL HL 50QT-35 2008 года — за 1300 рублёў. Таргі прызначаныя на 23 чэрвеня.

Наталлю Краўчук і Алену Жукаву ўнеслі ў «спіс экстрэмістаў» 9 лютага. Іх, а таксама яшчэ сямёх жыхароў Ваўкавыска, у 2025 годзе судзілі ў Гродзенскім абласным судзе па так званай «справе дваровых чатаў», звязанай з Telegram-чатам «Вольныя ваўкі».