Украінская балістычная ракета FP-9, здольная дасягнуць Масквы, будзе гатовая гэтай восенню

Расія ўзмацніла ўдары па грамадзянскіх аб’ектах Украіны, у выніку чаго ў Кіеве рыхтуюцца будаваць пантонныя пераправы праз Дняпро. Украіна адкажа Расіі ўзмацненнем атак на НПЗ. Але і «далёкая балістыка» амаль гатовая, паведаміў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Ідуць 1684-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота з Вконтакте

Фота з Вконтакте

На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 204 баявых сутыкненні, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 4 кастрычніка.

На Паўднёва-Слабажанскім кірунку ўкраінскія падраздзяленні адбілі 13 атак расіян у раёнах Доўгенькага, Лімана, Радзькоўкі, Захараўкі, Рыбалчынага, Івашчынага, Даўжанкі і Чугуніаўкі.

На Канстанцінаўскім кірунку зафіксавана 16 атак у раёнах Райскага, Канстанцінаўкі, Навасёлаўкі, Кандратаўкі і Іванаполля.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 31 атаку расіян у раёнах Сяргееўкі, Маладзецкага і ў бок Вольнага, Кучарава Яру, Новага Шахава, Ганнаўкі, Дабраполля, Новага Данбаса, Чарнігаўкі, Светлага, Біліцкага і Навагрышынага.

На Ліманскім кірунку абаронцы Украіны адбілі дзевяць атак, на Славянскім кірунку — сем атак.

* * *

Цягам васьмі месяцаў 2026 года Арганізацыя Аб'яднаных Нацый верыфікавала гібель і раненні больш за 15 тысяч грамадскіх у Украіне з-за расійскай агрэсіі, заявіў Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека Фолькер Цюрк на пасяджэнні Савета па правах чалавека ў Жэневе.

Упраўленне верыфікавала гібель і раненні 15280 мірных жыхароў за першыя восем месяцаў 2026 года. У сярэднім гэта больш за 400 чалавек штотыдзень, што на 55% больш, чым за аналагічны перыяд 2025 года.

Цюрк падкрэсліў, што лінія фронту амаль не рухаецца, але расійскія войскі сістэматычна цэляцца ў жылыя дамы, школы, бальніцы, чыгунку і крамы. З-за прымянення Расіяй кіраваных авіябомбаў у Данецкай, Харкаўскай, Сумскай і Запарожскай абласцях пацярпелі амаль 2500 грамадзянскіх.

Цюрк заявіў пра «шакуючы узровень» сэксуальнага гвалту супраць грамадзянскіх і ваеннапалонных. З больш чым тысячы задакументаваных выпадкаў у 89% вінаватая Расія. Большасць пацярпелых — мужчыны, якіх утрымліваюць пад вартай. Жанчыны і дзеці былі ахвярамі пераважна ў акупацыі.

Цюрк заклікаў расійскае кіраўніцтва «задумацца над тым, што гэтая вайна робіць з іх уласным грамадствам», якое, па яго словах, «ставіць смерць і разбурэнні вышэй за ахову здароўя і адукацыю».

* * *

У ноч на нядзелю расійскія войскі запусцілі па Украіне 135 ударных БпЛА (52 з іх — рэактыўныя) розных тыпаў. Паветраныя сілы УСУ паведамілі, што ўдалося збіць/задушыць 123 беспілотнікі. 

Расійскія войскі раніцай 4 кастрычніка здзейснілі абстрэл Дняпра. Інфармацыю аб пацярпелых высвятляюць.

У Кіеве ў выніку чарговага расійскага абстрэлу ўзнік пажар на даху чатырохпавярховай новабудоўлі.

Расійскія войскі ўдарылі РСЗА буйнога калібру па Ізюме Харкаўскай вобласці. Узнік пажар, пашкоджаны дамы.

* * *

833852888_28969643632721431_4955697468719971525_n.jfif

* * *

З наступнага тыдня ў Кіеве плануюць пачаць будаўніцтва некалькіх рэзервовых пантонных перапраў праз Дняпро, а таксама ў перспектыве разглядаюць магчымасць будаўніцтва тунэля пад ракой, заявіў міністр аднаўлення, інфраструктуры і транспарту Украіны Мікалай Калашнік у інтэрв'ю «Суспільнаму».

«Неадкладныя рашэнні — гэта дамба і пантонная пераправа, якія хутка будуюцца… Гэтая работа ўжо пачатая», — сказаў ён.

Па словах міністра, будаўніцтва такіх перапраў можа доўжыцца да трох месяцаў, а самі канструкцыі павінны забяспечыць як мінімум палову прапускной здольнасці існых мастоў. «У нас у сярэднім каля 600 тысяч аўтамабіляў перасякаюць левы і правы бераг на працягу сутак. І задача — захаваць гэтую прапускную здольнасць», — сказаў Калашнік.

1 і 2 кастрычніка армія РФ мэтанакіравана атакавала Паўднёвы мост у Кіеве рэактыўнымі дронамі. За паўтара сутак у мост па крайняй меры пяць разоў патрапілі беспілотнікі.

* * *

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі у інтэрв'ю Reuters заявіў, што Украіна ўзмоцніць удары па расійскіх нафтаперапрацоўчых заводах у адказ на новую кампанію паветраных удараў Масквы, накіраваную на тое, каб прымусіць людзей пакінуць Кіеў і іншыя гарады. 

«Мы павінны рэагаваць любым магчымым спосабам. На іх атакі на нашу энергетыку мы павінны адказваць ударамі па іх энергетыцы. Перш за ўсё — па нафтаперапрацоўчых заводах: гэта тое, што прыносіць ім грошы на гэтую вайну. Але мы, вядома, не будзем, як яны, наносіць удары па якіх-небудзь грамадзянскіх аб'ектах», — заявіў Зяленскі.

Па яго словах, украінская выведка атрымала дакументы, якія сведчаць, што расійскі лідар Уладзімір Пуцін выдаў «новую дактрыну» ваенных атак на значна больш шырокае кола грамадзянскіх аб'ектаў напярэдадні зімы.

«Мы бачылі дакументы і ведаем, што яны дазваляюць ім наносіць удары па інфраструктуры… лагістыцы… дарогах, школах, бальніцах, каб прымусіць людзей пакінуць сталіцу і іншыя гарады. У гэтым заключаецца мэта аперацыі», — сказаў прэзідэнт Украіны.

* * *

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў інтэрв'ю Reuters заявіў, што ўкраінская балістычная ракета FP-9, здольная дасягнуць Масквы, будзе гатовая гэтай восенню.

На гэтым тыдні Украіна абвясціла аб першым баявым прымяненні ўласнай балістычнай ракеты FP-7, далёкасць палёту якой складае каля 250 км. Зяленскі расказаў, што патэлефанаваў вытворцу Fire Point, каб заахвоціць кіраўніцтва як мага хутчэй скончыць работы над мадэллю большай далёкасці.

«Я сказаў ім: "Дзе мая FP-9?". Нам патрэбна FP-9. І я ўпэўнены, што FP-9 будзе гатовая гэтай восенню», — расказаў Зяленскі.

Ён таксама адзначыў, што Украіна была вымушана ў значнай ступені спадзявацца на свае знішчальнікі — F-16 і МіГ — каб збіць каля 60% расійскіх рэактыўных БПЛА, але запасы 20-міліметровых боепрыпасаў для гэтых самалётаў амаль вычарпаны. Таму Кіеў у тэрміновым парадку працуе над іншымі рашэннямі: у другой палове кастрычніка павінна паступіць першая партыя невялікіх і недарагіх ракет СПА, здольных збіваць новыя «Шахеды».

Украіна таксама распрацоўвае пяць мадэляў новых перахопнікаў, здольных збіваць рэактыўныя БпЛА. Выпрабаванні двух з гэтых мадэляў паказалі ўмераны ўзровень паспяховасці — каля 30%.