Свет зрабіў чатыры прапановы па міру ва Украіне. Пуцін — супраць
Чатыры краіны вылучылі розныя варыянты прапаноў па перамір’і паміж Украінай і Расіяй, упершыню гэта зрабіла Індыя, паведаміў міністр замежных спраў Украіны Андрэй Сібіга. У той жа час кіраўнік РФ Уладзімір Пуцін адпрэчыў саму магчымасць якога-небудзь перамір’я, нягледзячы на складанасці арміі РФ на фронце. А Украіна правяла першы баявы запуск уласнай балістыкі. Ідуць 1682-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

На працягу мінулых сутак зафіксавана 207 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ у ранішняй зводцы 2 кастрычніка.
На Паўднёва-Слабажанскім кірунку ўкраінскія падраздзяленні адбілі 11 атак расіян каля Лімана, Ваўчанска, Чайкаўкі і ў бок населеных пунктаў Малая Воўча, Радзькоўка.
На Канстанцінаўскім кірунку зафіксавана 27 атак арміі РФ ў раёнах Канстанцінаўкі, Навасёлаўкі, Іллінаўкі, Мікалаеўкі, Сафіеўкі, Вольнага і ў кірунку Асікава, Грузкага.
На Пакроўскім кірунку расійцы здзейснілі 30 атак у раёнах населеных пунктаў Чырвонападдолле, Новы Данбас, Біліцкае, Светлае, Вадзяное, Маладзецкае і ў бок Ганнаўкі, Дабраполля, Навагрышына, Сяргееўкі.
На Славянскім кірунку расіяне здзейснілі сем штурмавых дзеянняў, на Гуляйпольскім кірунку — пяць.
* * *
Украінская аперацыя «Вівальдзі» на Ліманскім кірунку можа ўскладніць расійскае наступленне на Славянск, адкрыта кажуць расійскія ваенныя блогеры, піша амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).
ISW адзначае, што ў Расіі з'явіліся асцярогі, што «Вівальдзі» на Ліманскім кірунку перашкодзіць штурму Славянска з усходу. Блогер, звязаны з Крамлём, 30 верасня ацаніў, што сітуацыя для расійскіх войск пагаршаецца не толькі ля Лімана, але і на Славянскім кірунку. Па яго даных, украінскія сілы замацаваліся ля Дзібровы, Азёрнага і спрабуюць перайсці раку Северскі Данец і атакаваць пазіцыі расіян ля Піскуноўкі і Крывой Лукі з поўначы.
Яшчэ адна праблема для РФ — канал Северскі Данец-Данбас: блогер расказаў, што за ім сітуацыя таксама пагаршаецца: УСУ контратакуюць каля Юркоўкі, Малінаўкі і Ціханаўкі. Расіянам складана ўмацоўваць свае пазіцыі з-за цяжкасцей з пераправай праз канал.
Таксама расійскія крыніцы пішуць пра контратакі ўкраінцаў ля Рай-Аляксандраўкі. Па іх даных, УСУ не даюць расіянам выйсці да Мікалаеўкі.
Украінскі ваенны аглядальнік Канстанцін Машавец таксама адзначае: «Ліквідацыя расійскага выступу ў раёне Лімана падчас аперацыі “Вівальдзі” ўскладніць расійскія наступальныя намаганні ў напрамку да Славянска з усходу».
* * *
У ноч на 2 кастрычніка Расія атакавала Украіну 108 ударнымі БпЛА тыпу Shahed (47 з іх — рэактыўныя), Гербера, дронамі-імітатарамі тыпу «Пародыя». Супрацьпаветранай абаронай збіта/задушана 88 БпЛА.
У выніку расійскага ўдару па жылым доме ў Дарніцкім раёне Кіева ў ноч на 2 кастрычніка загінуў адзін чалавек, яшчэ двое пацярпелі.
У ноч на 2 кастрычніка расійскія войскі атакавалі Ровенскую вобласць. У выніку ўдару пашкоджана грамадзянскае прадпрыемства, узнік пажар. Людзі не пацярпелі.
Расійскія войскі тройчы атакавалі Харкаў дронамі. Абышлося без пацярпелых.
У ноч на 2 кастрычніка ў расійскім Валгаградзе прагрымелі выбухі, а ў раёне нафтаперапрацоўчага завода і хімічнага прадпрыемства «Каўстык» было заўважана ззянне ад пажару.
* * *
* * *
Чатыры краіны вылучылі розныя варыянты прапаноў па перамір’і паміж Украінай і Расіяй. Упершыню ў гэтым спісе ёсць Індыя, паведаміў міністр замежных спраў Украіны Андрэй Сібіга на сустрэчы з журналістамі, піша РБК-Украіна.
Па словах кіраўніка МЗС Украіны, ініцыятыва Індыі з'яўляецца самай шырокай, і Індыя ўпершыню прапанавала адыгрываць ролю ў пошуку мірнага рашэння.
Турцыя і Егіпет прапануюць збожжавае і харчовае перамір’е ў Чорным моры — для Егіпта гэта крытычна важна, бо краіна на траціну залежыць ад украінскага збожжа.
Прапанова ЗША тычыцца энергетычнага перамір’я, якое абмяркоўвалася на сустрэчы прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага і амерыканскага лідара Дональда Трампа. Сібіга падкрэсліў, што энергетычны блок прадугледжвае поўнае спыненне ўдараў па ўсіх энергетычных аб'ектах, уключаючы партовую інфраструктуру.
Украінскі бок ужо перадаў партнёрам уласнае бачанне працэсу. Таксама Украіна паведаміла аб гатоўнасці да безумоўнага перамір’я па лініі сутыкнення, што магло б стаць адным з вынікаў магчымай сустрэчы Уладзіміра Зяленскага і расійскага дыктатара Уладзіміра Пуціна. У цяперашні час амерыканскі бок працуе па гэтым кірунку.
* * *
Расійскі кіраўнік Уладзімір Пуцін на пасяджэнні дыскусійнага клуба «Валдай» назваў нелагічным прапанову не біць па ўкраінскіх судах, калі Украіна адмовіцца ад удараў па расійскіх НПЗ, паведамляюць расійскія СМІ.
«Нам кажуць, давайце яны спыняць удары па вашых (расійскіх) НПЗ, а вы спыніце ўдары па іх (украінскіх) караблях — хай яны грамадзянскія грузы, сельгаспрадукцыю возяць. А як жа нашы іншыя грамадзянскія грузы — такія як нафта, нафтапрадукты? Вось — кажуць — яны спыняць удары, таму стане больш дызелькі, якая так патрэбна, скажам, у Злучаных Штатах. Але гэта ў нас стане больш, нам і так хапае дызелькі. На сусветныя рынкі яна не пойдзе, таму што дзейнічаюць санкцыі… А мы ў адказ на гэта павінны будзем спыняць удары па адчувальных для іх аб'ектах. Ну, выглядае нелагічна проста» — сказаў Пуцін.
Ён традыцыйна заявіў, што, нібыта Украіна першая пачала атакі. «У пачатку ліпеня пачалі, публічна абвясцілі аб гэтым, не пасаромеліся. Яны там у першыя 10 дзён выбілі ў нас 40 караблёў. А за ўсю гэтую гісторыю пашкодзілі звыш 100. Мы пачалі адказваць. Цяпер з усіх прасаў да нас ідуць звароты "А давайце спыніце". Ну яны ж пачалі», -- заявіў Пуцін.
Канешне, ён не сказаў, што Расія б’е па украінскіх партах і суднах ад пачатку поўнамаштабнага уварвання ва Украіну.
На паўторнае пытанне, ці гатовы ён разгледзець прапанову аб узаемным спыненні ўдараў, Пуцін адказаў: «Не».
* * *
Украіна ўпершыню запусціла ў баявой абстаноўцы ўласную балістычную ракету. Яна была накіравана на аб'ект на часова акупаванай тэрыторыі, піша The Wall Street Journal са спасылкай на ўласныя крыніцы.
Выданне адзначыла, што балістычная ракета FP-7 уводзіць Украіну ў невялікую групу краін, здольных вырабляць такую зброю, хаця пакуль невядома, наколькі паспяховым аказаўся першы ўдар.
Выданне не выключае, што абмежаваныя магчымасці абароннай прамысловасці Украіны могуць ускладніць масавую вытворчасць, з-за чаго дэбют гэтага ўзбраення, верагодна, будзе мець хутчэй сімвалічнае, чым ваенна-стратэгічнае значэнне.
У той жа час выданне канстатуе, што гэты запуск з'яўляецца яшчэ адным сведчаннем таго, як абаронная прамысловасць Украіны, якая перажыла крах пасля распаду СССР, зноў стала адной з самых сучасных у свеце.
«Ваенна-прамысловы комплекс Украіны вырабляе адны з лепшых і самых інавацыйных у свеце паветраных, наземных і марскіх дронаў, а таксама самае сучаснае абсталяванне для радыёэлектроннага падаўлення. Ён таксама вырабляе ўласныя гаўбіцы і мае два тыпы крылатых ракет», — гаворыцца ў публікацыі.
Wall Street Journal адзначае, што арсенал балістычных ракет дае Украіне магчымасць знішчаць расійскія бункеры, масты і будынкі, якім яе вялікі парк дронаў наўрад ці змог бы нанесці істотную шкоду.