ISW: Заявы Пуціна пра поспехі РФ на фронце нагадваюць галюцынацыі

Расійскі дыктатар Уладзімір Пуцін заявіў, што ў верасні войскі РФ захапілі больш за 1300 квадратных кіламетраў украінскай тэрыторыі. У рэальнасці РФ адкацілася назад, піша амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW). Заявы Пуціна яны назвалі «галюцынацыяй». І з-за гэтых галюцынацый Пуцін спыняць вайну не збіраецца. Ідуць 1683-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

654474825_1288375330142209_8766336754983100484_n.jpg

На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 194 баявыя сутыкненні, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 3 кастрычніка.

На Канстанцінаўскім кірунку зафіксавана 21 атака ў раёнах населеных пунктаў Канстанцінаўка і ў бок Асікава, Аляксеева-Дружкаўкі, Навасёлаўкі, Іллінаўкі, Кандрашоўкі, Раскошнага, Грузкага, Вольнага.

На Пакроўскім кірунку расійцы здзейснілі 19 атак у бок населеных пунктаў Дабраполле, Светлае, Мірнае, Сяргееўка і Маладзецкае.

На Паўднёва-Слабажанскім і Купянскім кірунках украінскія падраздзяленні адбілі па восем атак праціўніка на кожным, на Гуляйпольскім кірунку зафіксавана сем атак.

* * *

Расійскі дыктатар Уладзімір Пуцін заявіў, што ў верасні войскі РФ захапілі больш за тысячу квадратных кіламетраў украінскай тэрыторыі, але рэальныя даныя сведчаць пра іншае, піша амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).

Пуцін сцвярджаў, што ў верасні руская армія захапіла 1301 кв. км тэрыторыі Украіны. Гэта, па яго заяве, у 2,5 разы больш, чым тэрытарыяльныя дасягненні, пра якія Расія справаздачылася ў папярэднія месяцы.

Аднак аналіз сітуацыі на фронце, праведзены ISW, паказвае зусім іншую дынаміку.

«Заявы Пуціна аб поспехах расійскіх войскаў на фронце ў верасні 2026 года настолькі далёкія ад рэальнасці, што нагадваюць галюцынацыі», — гаворыцца ў са справаздачы.

Па даных інстытута, у верасні расійскія войскі панеслі чыстыя тэрытарыяльныя страты ў памеры 80,81 кв. км. Гэта значыць, гаворка не ідзе пра захоп больш за 1300 кв. км, як заявіў Пуцін, а пра супрацьлеглую тэндэнцыю — па выніках месяца расійская армія страціла больш тэрыторыі, чым атрымала.

Аналітыкі асобна ўлічылі выпадкі, калі расійскія ваенныя прасунуліся на пэўных участках, але не змаглі ўсталяваць над імі кантроль. Нават пры такім падыходзе тэрытарыяльныя дасягненні рускіх у верасні склалі 175,18 кв. км, адзначаюць у ISW.

У інстытуце лічаць, што заявы Пуціна ствараюць скажоную карціну баявых дзеянняў. У ISW назвалі такія сцвярджэнні часткай кагнітыўнай вайны Крамля, накіраванай на тое, каб прадставіць расійскае наступленне значна больш маштабна, чым яно ёсць на самай справе.

У той жа час, аналітыкі падкрэслілі, што не могуць ацаніць, ці ведае Пуцін пра неадпаведнасць агучаных ім лічбаў. У ISW мяркуюць, што дыктатар можа проста атрымліваць скажоныя даныя аб ходзе баявых дзеянняў.

* * *

У Кіеве расійскі рэактыўны беспілотнік нанёс удар па Паўночным мосце, які злучае правы і левы берагі ракі Дняпро.

Расійскія войскі атакавалі склад фармацэўтычнай кампаніі ў Гастомелі ў Кіеўскай вобласці: пацярпелі 4 чалавекі, узнік пажар у складскіх і вытворчых памяшканнях.

У Запарожскім раёне расійскія ваенныя мэтанакіравана атакавалі беспілотнікам пажарна-ратавальнае падраздзяленне, пацярпеў ратавальнік.

У ноч на 3 кастрычніка расійскія войскі атакавалі цэнтр Дняпра рэактыўным беспілотнікам, у выніку чаго ў бізнес-цэнтры ўзнік пажар.

* * * 

831511175_3153867701476449_2478088015635949848_n.jfif

* * *

Крэмль запланаваў у бюджэце-2027 на армію і закупку зброі 35% выдаткаў — больш, чым траціў Савецкі Саюз у апошнія гады перад распадам, кажа Яніс Клюге, даследчык з нямецкага Інстытута праблем міжнароднай бяспекі, у каментары Bloomberg.

За першыя пяць гадоў баявых дзеянняў Крэмль выдаткаваў на армію і закупку зброі 58,3 трыльёна рублёў, або $692 млрд. За першую палову 2026-га бюджэт патраціў на вайну 10,687 трлн рублёў, або амаль палову ўсіх выдаткаў.

У 2028 годзе назапашаныя ваенныя выдаткі, згодна з праектам бюджэту, дасягнуць 75,5 трлн рублёў, або $907 млрд, і перавысяць памер золатавалютных рэзерваў ЦБ РФ ($742,7 млрд). А ў 2029-м могуць павялічыцца да 92,1 трлн рублёў, або $1,1 трыльёна па бягучым афіцыйным курсе Цэнтрабанка.

Агулам у трохгадовы бюджэт Расія закладае 50 трлн рублёў абаронных выдаткаў — на 10 мільярдаў больш, чым у аналагічны закон, прыняты ў мінулым годзе. Значная частка дадатковых ваенных выдаткаў, верагодна, будзе накіравана на вытворчасць узбраенняў: амаль пяць гадоў баявых дзеянняў знясілілі запасы боепрыпасаў настолькі, што большую частку прыйдзецца ствараць нанова.

* * *

Словы дыктатара РФ Уладзіміра Пуціна аб нібыта страце Украінай дзяржаўнасці дэманструюць, чаго ён на самай справе хоча дасягнуць вайной, заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі на Хельсінкскім форуме бяспецы.

Кіраўнік Украіны назваў «слабасцю свету» тое, што ніхто не спыняе такія заявы расійскага дыктатара. «Яшчэ ў 2005 годзе лідар Крамля сказаў, што самая большая трагедыя XX стагоддзя — гэта распад Савецкага Саюза. Яшчэ ў 2025 годзе ён даў адказ геапалітычны яго галоўным мэтам», — нагадаў Зяленскі.

Зяленскі дадаў, што Пуцін не сказаў, як пра трагедыю, пра Першую сусветную вайну, пра Другую сусветную, а таксама не назваў самай вялікай трагедыяй Чарнобыль. «То-бок, нічога таго, што было звязана з чалавекам. Таму зразумелая яго мэта — вярнуць назад Савецкі Саюз, і яго мэта — не ўсход Украіны, яго мэта — не Данбас, яго мэта — акупацыя ўсёй нашай краіны», — падкрэсліў прэзідэнт Украіны.

* * *

Судовы дэпартамент пры Вярхоўным судзе Расіі засакрэціў колькасць іскаў аб прызнанні грамадзян загінуўшымі і зніклымі без вестак. Пад грыф трапіла і статыстыка па палітычных справах і злачынствах сілавікоў, піша расійскае выданне «Вёрстка».

2 кастрычніка дэпартамент апублікаваў статыстыку злачыннасці за 2025 год. Частку радкоў у справаздачы закрасілі шэрым, і сярод іх аказалася колькасць іскаў аб прызнанні людзей загінуўшымі і зніклымі без вестак.

Яшчэ годам раней суды разгледзелі рэкордныя 17,5 тысячы такіх іскаў. А ў канцы 2025 года расійскія суды пачалі прыбіраць інфармацыю аб гэтых справах са сваіх сайтаў.

Са справаздачы знік цэлы раздзел аб злачынствах супраць асноў канстытуцыйнага ладу і бяспекі дзяржавы. Цяпер невядома, колькі людзей асудзілі за дзяржздраду, разгалошванне інфармацыі, дыверсіі, стварэнне «экстрэмісцкай супольнасці» і «дыскрэдытацыю арміі».

Засакрэчванне статыстыкі супала з новай хваляй набору ў армію. 1 кастрычніка ў Генштабе РФ паведамілі, што восенню на тэрміновую службу прызавуць каля 120 тысяч чалавек.