Паралімпійскія гульні ў Парыжы: як прайшлі спаборніцтвы для спартоўцаў з абмежаваньнямі
Традыцыйна пасьля сканчэньня Алімпійскіх гульняў у тым жа горадзе распачынаецца яшчэ адна спартовая падзея: Гульні для тых, хто па розных прычынах мае інваліднасьць. Жарсьці на стартах кіпяць ня меншыя, чым на звычайных Гульнях. Што цікавага здарылася ў Парыжы? Беларусы, дарэчы, атрымлівалі мэдалі.
Мэдалі
Падобна, як і ў Алімпійскіх гульнях, што скончыліся месяц таму ў тым самым Парыжы, за першае месца ў камандным заліку змагаліся Кітай, ЗША, Вялікая Брытанія і іншыя звыклыя гіганты ў спорце.
Увыніку перамаглі кітайцы, якія заваявалі залатых мэдалёў амаль удвая больш, чым зборная на другім радку. 94 разы кітайскі гімн гучаў першым на цырымоніях узнагароджаньня. З грандыёзным адрывам за імі сталі брытанцы, якія атрымалі 49 перамогаў, за імі – ЗША (36 мэдалёў), Нідэрлянды (27), Бразылія (25), Італія (24) і на сёмым агульнакамандным месцы – Украіна. Нашыя паўднёвыя суседзі здолелі 22 разы ўзысьці на вышэйшую ступень на Паралімпійскіх гульнях.
З сумам і жалем можна прадказаць яшчэ большую колькасьць удзельнікаў (і верагодна мэдалёў сярод іх) для ўкраінскай каманды праз 4 гады: вайна робіць страшэнную справу, і з кожным днём усё больш людзей становяцца інвалідамі.
Увогуле Кітай шосты раз запар перамог на летняй Паралімпіядзе (у 2004, 2008, 2012, 2016, 2021 і 2024 гадах). Апошні раз гэта не ўдавалася ў 2000-м у Сіднэі — тады выйгралі гаспадары – Аўстралія, а кітайцы сталі шостымі.
Беларусы на Гульнях
Як вядома, на Алімпійскіх і на Паралімпійскіх гульнях у Парыжы адсутнічала зборная Беларусі. У сувязі з поўнамаштабнай вайной і ўдзелам у ёй рэжыма Лукашэнкі, прысутнасьць спартоўцаў з Беларусі і Расеі была максімальна абмежаваная. Ніякіх пазначэньняў краіны, дзяржаўных сымбаляў і іншых атрыбутаў. Некаторыя атлеты былі дапушчаныя да спаборніцтваў у нэйтральным статусе, а іх дасягненьні ў гісторыі спорта застануцца выключна як прыватныя перамогі (у залік мэдалёў Беларусі, калі яна некалі вернецца як паўнавартасны ўдзельнік на Алімпійскія і на Паралімпійскія гульні, яны ня будуць ісьці).
На фінішы Паралімпійскіх гульняў «Аргкамітэт «Парыж-2024» запрасіў беларускіх спартоўцаў, трэнераў і пэрсанал на цырымонію закрыцьця Паралімпіяды. Яны змаглі прыняць у ёй удзел на агульных падставах — ім быў прадастаўлены трансфэр, на стадыёне яны мелі свае месцы гледачоў.
У сувязі з санкцыямі Міжнароднага Алімпійскага Камітэту, спартоўцы з Беларусі, якія ўдзельнічалі ў Гульнях, пазбавіліся аднаго з ужо клясычных атрыбутаў Паралімпіяды. Адзначаецца, што па традыцыі ўсім удзельнікам Гульняў дораць апошнюю мадэль тэлефона ад галоўнага спонсара-вытворцы, прычым на прыладу наносіцца асабістая гравіроўка з прозьвішчам атлета.
Агулам з беларускім пашпартам у Парыж скіраваліся 8 спартоўцаў: шэсьць плыўцоў і два лёгкаатлеты. Галоўная зорка – гэта прыхільнік Лукашэнкі плывец Ігар Бокій. Агулам на некалькіх Паралімпійскіх Гульнях (разам з парыжскімі) ён заваяваў 21 золата.
Цырымонія ўзнагароджаньня прызёраў у плаваньні на 50 мэтраў вольным стылем завяршылася для падпісанта за рэжым Ігара Бокія чакана: украінскія мэдалісты — уладальнік срэбра Ільля Яроменка і ўладальнік бронзы Аляксей Вірчанка — не сталі рабіць сумеснае фота з беларусам.
Цяжарная мэдалістка
Брытанская лучніца Джодзі Грынхэм стала першай цяжарнай мэдалісткай Паралімпійскіх гульняў. Пра гэта паведамляе Сусьветная федэрацыя стральбы з лука. 31 жніўня Грынхэм заваявала бронзу на сёмым месяцы цяжарнасьці.
«Я ведаю, што людзі ўжо зьбіраліся паглядзець на мяне і сказаць: «О, малайчына, табе ўдалося гэта. Ты выступала цяжарнай». Але я хацела большага. Хацела паказаць, што я тут для таго, каб цяжарнай выйграваць мэдалі. І я дабілася сваёй мэты, і гэтаму вельмі радая», – сказала 31-гадовая Грынхэм.
Іранскага спартоўца пазбавілі залатога мэдаля Паралімпіяды праз забаронены сьцяг
Бэйт Саях выйграў фінал F41 у кіданьні кап'я і ўсталяваў новы паралімпійскі рэкорд, кінуўшы на 47,64 мэтры. 37-гадовы спартовец быў сэнсацыйна пазбаўлены золата пасьля атрыманьня дзьвюх жоўтых картак на спаборніцтвах.
Яго першая жоўтая картка была атрыманая ў сярэдзіне падзеі, калі яго сьвяточны жэст, калі іранец правёў пальцам па шыі, быў расцэнены суддзёй як неспартовы.
Другая жоўтая картка адбылася пасьля таго, як ён выйграў турнір, і Бэйт Саях разгарнуў чорны сьцяг з чырвоным надпісам. Гэта быў ісламісцкі сьцяг Хазрат Ум аль-Банін. Гэта было парушэньнем правілаў Міжнароднага паралімпійскага камітэта і прывёў да таго, што яму паказалі другую жоўтую картку з наступнай дыскваліфікацыяй.
Не інваліды на Гульнях для інвалідаў?
Нацыянальная абсэрваторыя па маніторынгу захаваньня дзяржаўнай палітыкі ў Эквадоры абвінаваціла спартовыя ўлады краіны ў тым, што яны дазволілі спартоўцам без інваліднасьці ўдзельнічаць у Паралімпійскіх гульнях. Арганізацыя сцьвярджае, што ў спартовых установах Эквадора дзейнічае карупцыйная сетка, якая дазваляе асобам без абмежаваных магчымасьцей падманным шляхам атрымліваць «функцыянальную класыфікацыю», неабходную для ўдзелу ў Паралімпійскіх спаборніцтвах.
Па даных Абсэрваторыі, гэтая карупцыйная схема бярэ свой пачатак прынамсі з Парапан-Амэрыканскіх гульняў у 2015 годзе, дзе Эквадор выйграў свой першы залаты мэдаль у скачках у даўжыню. Цяпер гэтая перамога знаходзіцца пад пільнай увагай, паколькі сцьвярджэньні сьведчаць аб тым, што спартовец не адпавядаў неабходным крытэрыям інваліднасьці.
Гэтыя абвінавачаньні выклікалі сур'ёзную занепакоенасьць не толькі ў Эквадоры, але і ў міжнароднай паралімпійскай супольнасьці. Міжнародны паралімпійскі камітэт пакуль не выступіў з заявай адносна канкрэтных абвінавачваньняў, але ўсё часьцей гучаць заклікі да дбайнага рассьледаваньня гэтага пытаньня.
Допінг – і на Паралімпійскіх Гульнях!
Амэрыканец Родэрык Таўнсэнд трэці раз запар узяў золата ў скоках у вышыню ў клясе T47 (для спартоўцаў, у якіх адсутнічае або не рухаецца частка рукі). У лістападзе 2023-га ў Таўнсэнда знайшлі забаронены гармон капрамарэлін. Але кіраўнік амэрыканскага антыдопінгавага агенцтва Трэвіс Тайгерт паверыў даволі фантастычнай вэрсіі спартоўца: нібы ён выкарыстоўваў лекі для сабакі, а пасьля яе скону праз той жа шпрыц уводзіў сабе вадкую форму вітаміна D.
Навошта выкарыстоўваць паўторна аднаразовы шпрыц, да таго ж які пабываў у роце ў сабакі — адказу няма. Але Таўнсэнд абышоўся без дыскваліфікацыі, прыехаў у Парыж і выйграў. Сусьветная антыдопінгавае агенцтва апэляцыю падаваць не стала.
Не допінг, але забаронена
Італьянскага весьляра Джакама Пэрыні пазбавілі бронзавага мэдаля Паралімпіяды з-за знойдзенага ў лодцы мабільнага тэлефона. Пра гэта паведаміла прэс-служба Федэрацыі веславаньня Італіі. Спартовец выступае ў акадэмічным веславаньні ў катэгорыі PR1. Па рэглямэнце спаборніцтваў весьлярам забаронена мець у лодцы сродкі сувязі, аднак Пэрыні забыўся выкласьці смартфон з торбы, і яго знайшлі пасьля завяршэньня гонкі.
Федэрацыя веславаньня Італіі падала апэляцыю на пазбаўленьне мэдаля, але яе адхілілі.
Маратонку дыскваліфікавалі за 2 мэтры ад фінішу і пазбавілі мэдаля
36-гадовы бягуха з Гішпаніі Алена Кангост выступала ў катэгорыі людзей са слабым зрокам. Яна нарадзілася з дэгенэратыўным парушэньнем зроку і бегала з гідам Кэрал Бругера па вуліцах Парыжа.
Калі Бругера захістаўся на апошніх мэтрах перад фінішам з сутаргай пасьля 42 кілямэтраў бегу, Кангост паспрабавала дапамагчы свайму гіду не ўпасьці і адпусьціла вяроўку, якая зьвязвае іх, што забаронена правіламі Паралімпійскіх гульняў.
Усе бегуны, якія ўдзельнічаюць у маратоне T12, павінны ўвесь час быць зьвязаныя са сваім гідам праз трос.
Японка Місата Міцішыта заваявала бронзавы мэдаль пасьля таго, як заняла чацьвертае месца, і даведалася пра гэта толькі тады, калі зьбіралася здаць допінг-тэст.
«Гэта несправядліва, сюррэалістычна», — сказала Алена Кангост.
«Наступная спартоўка адстала ад мяне на тры хвіліны. Гэта было проста рэфлекторнае дзеяньне, якое зрабіў бы любы чалавек — трымацца за чалавека, які падае. Мяне дыскваліфікавалі не за падман, а за тое, што я чалавек, за тое, што камусьці дапамагла».