Беларусь, якая чакае. Безліч восеньскіх колераў (ФОТА)
Восень нарэшце грунтоўна ўзялася за афарбоўку наваколля, і мы не можам пакінуць гэта па-за ўвагай. Сённяшнюю вандроўку вырашылі зрабіць у закінутым з вясны фармаце: мэты няма — ёсць толькі шлях. Мы проста едзем, назіраем і ўдыхаем прыгажосць кастрычніцкага дня. Надвор’е абяцае быць цікавым — паехалі!

Сярэдзіна кастрычніка праз вусны метэаролагаў спрабавала пужаць нас нечаканасцямі — нібыта вось-вось пойдзе першы снег, няхай і мокры. Дзесьці, можа, і сапраўды выпаў, але мы, як заўжды, верым толькі сваім пачуццям і вачам. Зімы ў нас не было, вясна таксама ледзь дыхала, пра лета нават і казаць не хочацца, дык няхай хаця б восень парадуе! І, трэба сказаць, яна сёння амаль справілася з абавязкамі — хоць і спрабавала паганяць нас хмарамі, ветрам і дажджом.
Узараныя палі чаргуюцца з узгоркамі, апранутымі ў колеры восені. Хмары бягуць па небасхіле, не забываючыся пырснуць непрацяглым дожджыкам. Сонца ўсё часцей прарываецца праз цёмныя аблокі, акідвае наваколле пільным позіркам — нібы пытаецца: «Нармалёва ўсё? Глядзіце ў мяне!» — і зноў хаваецца. Кому як, а нам такое даспадобы, не кажучы ўжо пра фатографа. Спадзяемся, акумулятараў у яго сёння дастаткова, як і месца на флэшцы фотаапарата.
Кожную вандроўку мы чакаем з захапленнем і чаканнем чагосьці новага і незвычайнага, бо ніколі не ведаем, што трапіцца па дарозе. Была б нашая воля, то ганялі б амаль няспынна. Фатограф знайшоў недзе вумнае слова і з сур'ёзным выглядам урачыста паведаміў, што мы, насамрэч, хворыя людзі і называецца гэтае вось усё «драмаманіяй». Гэта такі эмацыйна-валявы разлад, які характарызуецца імпульсіўнай і неўтаймаванай цягай да падарожжаў і змены месцаў. Напэўна, так і ёсць, і таму мы не проста валацугі, а «драмаманьякі». Ды й на здароўе, нікому не перашкаджаем, нікога не крыўдзім і нам падабаецца!
Па дарозе заязджаем да старых знаёмых — Вялікія Навасёлкі і былая сядзіба Кастравіцкіх. Восень тут ужо пануе напоўніцу! Некалькі здымкаў — і далей у шлях, бо сонца ўпэўнена імкнецца адваяваць для сябе больш месца на небасхіле, а значыць, і краявіды мусяць быць больш каляровымі і прыгожымі.
Вырашылі праехацца да Налібоцкай пушчы і наведаць яшчэ аднаго старога знаёмага, бо ну а чаму не? Паліва хапае, запраўкі працуюць, можа нават кавы ці гарбаты там атрымаецца набыць, нягледзячы на апошнія трэнды. Жартуем мы, не пужайцеся, усё добра! Статак авечак, які нечакана сустрэлі па дарозе, праваджае нас пільнымі позіркамі і вяртаецца да сваіх справаў. Госці гасцямі, а вось абед ніхто не адмяняў! Так, час на гарбату з бутэрбродам павінен быць заўсёды, тым больш, калі кожныя 15-20 хвілін фатограф камандуе спыніцца.
Нечакана на ўскрайку вёскі Старынкі заўважаем невялікі напаўразбураны храм. Гэта старая царква Святых Пятра і Паўла 1836 года, якая спачатку будавалася як касцёл, пасля перайшла да ўніяцкай царквы, а ў 1839 годзе стала праваслаўным храмам. Падчас баявых дзеянняў Другой сусветнай вайны царква была разбурана, і яе аднаўленнем ніхто так і не займаўся. Нягледзячы на такі стан, на сцяне прыладжана выява Маці Божай і побач некалькі знічак — хтосьці наведвае гэта месца, акрамя турыстаў, якія пакідаюць манеткі на камяні побач.
Як сонца ні намагаецца запанаваць на небасхіле, цяжкія кастрычніцкія хмары перамагаюць у гэтым спаборніцтве, пакідаючы свяцілу невялікія акенцы для назірання за намі. І на гэтым дзякуй, абы без залеваў і працяглых дробных патокаў з іх боку. Так нават і лепш, бо кожную хвіліну нават на адным месцы краявіды выглядаюць па рознаму, і кожны раз гэта неверагодна маляўніча.
А вось і яшчэ адзін стары знаёмы. Вёска Налібакі, дзе апошні раз мы былі вясной падчас такой жа «бязмэтнай» вандроўкі. Двойчы спрабавалі трапіць унутр касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі, але толькі зараз атрымалася, дзякуючы выпадковай сустрэчы з пробашчам.
Ну, а далей зноў куды вочы глядзяць! Канешне, патроху трэба выбірацца бліжэй да дому, але так яшчэ хочацца павандраваць, падзівіцца на краявіды, назапасіць залатой прыгажосці на шэрую зіму. Аблокаў такіх яшчэ доўга не пабачым, зноў жа... Карацей, ганяем ва ўсю моц!
А гэтае месца выскачыла з-за пагорка зусім нечакана, і наш кіроўца спыніўся нават без каманды фатографа. Кавалачак восені ў адной каляровай гаме авалодаў нашай увагай на даволі працяглы час, думаем, што не дарма. Вылучаецца гэтая мясцінка з таго, што мы бачылі сёння дагэтуль, згодныя?
Пакідаем гасціннае каляровае мястэчка, імчым наўздагон дажджу. На пагорку пад Ракавам ловім магчымасць развітацца з апошняй вясёлкай (дакладней, яе кавалкам) гэтага году. Лічым, гэта вельмі годнае завяршэнне падарожжа. Проста назіраем за адыходзячым у гісторыю днём. Для кагосьці ён быў самым звычайным, а для нас стаў яшчэ адным незабыўным часам, што мы правялі, як самі таго жадалі.
Зноў мільгаюць за вокнамі лясы, палі, хмары. Чарговая вандроўка застаецца недзе ззаду ў неабсяжнай прасторы Беларусі. Мы, вядома, працягнем, бо што возьмеш з хворых на падарожжы. Цягне нас усё гэта, не канапныя мы людзі. А вы не забывайцеся дасылаць свае прапановы.
Бывайце здаровы — пішыце Замовы!
Шаноўныя чытачы!
Мы любім вандраваць па Беларусі і хочам паказваць вам наш край — такім, які ён ёсць: жывым, прыгожым, часам нечаканым. Месцы, па якіх вы сумуеце, ці тыя, што ніколі не траплялі ў кадр, вартыя таго, каб пра іх даведаліся ўсе.
Таму запрашаем вас стаць часткай нашых падарожжаў — замаўляйце нам новыя маршруты! Раскажыце, якія вуліцы, гарады, раёны ці вёскі хацелі б убачыць у «Новым Часе», што робіць іх адметнымі і дарагімі менавіта вам.
Напішыце нам на novychas@gmail.com або ў прыватных паведамленнях нашых старонак у сацыяльных сетках.
Давайце разам адкрываць Беларусь, якая чакае!

































































