Спецвытворчасць супраць Сяргея Міхалка, новыя палітычныя прысуды і ціск у калоніях. Хронікі рэпрэсій 18 траўня

 У Беларусі працягваюцца завочныя суды, новыя палітычныя прысуды і ціск на палітвязняў у калоніях. Супраць Сяргея Міхалка распачалі спецвытворчасць, выкладчыка БДМУ асудзілі за «садзейнічанне экстрэмізму», а ў палітзняволенай Людмілы Чэкінай праблемы са здароўем. Сабралі галоўнае пра палітычны пераслед у Беларусі за апошнія дні.

1_1097_1.png

Супраць Сяргея Міхалка распачалі спецвытворчасць — яго збіраюцца судзіць завочна

54-гадоваму Сяргею Міхалку інкрымінуюць ч. 1 арт. 130 КК (распальванне варожасці) і ч. 1 арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі).

Музыку прапануюць вярнуцца ў Беларусь і з’явіцца ва ўпраўленне Следчага камітэта па Мінску.

Беларускамоўнага выкладчыка Медуніверсітэта асудзілі за «садзейнічанне экстрэмізму»

32-гадовы Аляксей Сасноўскі спецыялізуецца на радыяцыйнай медыцыне.

Мужчына скончыў Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт у 2018 годзе, а ўжо праз год абараніў магістарскую дысертацыю па медыцынскіх навуках. Пазней ён працягнуў навучанне ў аспірантуры БДМУ.

З канца 2022 года Сасноўскі працаваў асістэнтам кафедры радыяцыйнай медыцыны і экалогіі БДМУ. Ён стаў аўтарам каля 20 навуковых прац і рыхтаваў кандыдацкую дысертацыю пра радон у паветры як фактар радыяцыйнай рызыкі для здароўя.

Паралельна мужчына займаўся рэпетытарствам — рыхтаваў школьнікаў да ЦТ і алімпіяд па хіміі і біялогіі. Ягоная старонка на прафесійным сайце была цалкам беларускамоўная, а за навучанне па-беларуску ён нават прапаноўваў вучням зніжку.

Нядаўна Мінскі гарадскі суд асудзіў яго паводле ч. 1 арт. 361-4 КК («садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»). Паводле інфармацыі «Нашай Нівы», мужчыну, імаверна, прызначылі «хатнюю хімію».

Па цяжкіх артыкулах будуць судзіць, імаверна, цэлую сям’ю

Мінскі гарадскі суд прызначыў разгляд справы Дзмітрыя Карсакова, Таццяны Карсаковай і Пелагіі Карсаковай.

Мяркуючы па паведамленні Вярхоўнага суда, Пелагію плануюць судзіць завочна — яе выклікаюць у суд 20 траўня. Дзмітрый і Таццяна, імаверна, знаходзяцца пад вартай.

Дзмітрыю Карсакову і Таццяне Карсаковай інкрымінуюць:

— ч. 1 арт. 356 КК (здрада дзяржаве),

— ч. 4 арт. 295 КК (незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў),

— ч. 3 арт. 333-1 КК (незаконнае перамяшчэнне праз мяжу атрутных рэчываў, агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў).

Пелагіі Карсаковай інкрымінуюць ч. 1 арт. 356 КК (здрада дзяржаве).

У палітзняволенай гендырэктаркі TUT.BY Людмілы Чэкінай праблемы са здароўем

Пра гэта распавяла Марына Золатава.

Паводле яе слоў, у калоніі Людміле Чэкінай «няпроста». Статус «асобы, датычнай да тэрарыстычнай дзейнасці» не дазваляе ёй атрымліваць грашовыя пераводы, таму жыць даводзіцца фактычна на невялікі заробак у калоніі.

Акрамя таго, Чэкіну прызналі «злоснай парушальніцай рэжыму». Гэта азначае, што замест трох тэлефонных званкоў на месяц ёй пакінулі толькі адзін.

Золатава таксама паведаміла, што ў Чэкінай ёсць праблемы са здароўем, у прыватнасці са спінай. У пачатку сакавіка яе на пяць сутак змяшчалі ў ШІЗА.

Нагадаем, Людмілу Чэкіну асудзілі да 12 гадоў калоніі.

У калоніі №2 у Бабруйску перасталі аддаваць медыцынскія перадачы

«Забарона» дзейнічае ўжо каля двух тыдняў — асуджаныя не атрымліваюць медыцынскія бандэролі.

Пра гэта паведамляюць праваабаронцы MaydayMog. У паштовым аддзяленні сваякам кажуць, што перадачы проста не забіраюць.

З чым звязанае ўвядзенне такой меры, пакуль дакладна невядома. Праваабаронцы мяркуюць, што начальнік медчасткі мог пайсці ў адпачынак, а замены яму не знайшлося. У выніку праблемы ўзніклі ў людзей, якія маюць патрэбу ў лекавых прэпаратах.

Папулярную візажыстку з Гродна асудзілі да 5,5 гадоў калоніі па васьмі палітычных артыкулах

45-гадовая Наталля Чубоўская доўгі час працавала прафесійнай візажысткай, грымёркай і бутафоркай. Яна стварала вясельныя вобразы, прымала кліентаў у мясцовым салоне прыгажосці, а таксама ўдзельнічала ў адкрыцці арт-студыі Le Grand.

Жанчыну затрымалі 25 жніўня 2025 года.

Яе абвінавацілі адразу па некалькіх палітычных артыкулах:

— «фінансаванне экстрэмізму»,

— «садзейнічанне экстрэмізму»,

— «паклёп на Лукашэнку»,

— «абраза Лукашэнкі»,

— «распальванне варожасці»,

— «абраза прадстаўніка ўлады»,

— «здзек з дзяржаўных сімвалаў»,

— «удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак».

Гродзенскі абласны суд прызначыў ёй 5 гадоў і 5 месяцаў калоніі агульнага рэжыму. Акрамя таго, жанчыну аштрафавалі на 22 500 рублёў.

У Беларусі з’явілася новае «экстрэмісцкае фармаванне»

У дакуменце МУС яно пазначана як «Беларуская асацыяцыя журналістаў», аднак далей пералічваюцца рэсурсы лунінецкага партала Proinfo.news.

Паводле ведамства, дачыненне да «фармавання» мае Ірына Бурая.

На сайце МУС пазначана, што КДБ прызнаў праект «экстрэмісцкім фармаваннем» яшчэ 7 траўня 2026 года. Вядома пра гэта стала толькі цяпер — пасля абнаўлення спісу на сайце ведамства.

Пры гэтым сайт і сацыяльныя сеткі выдання працягваюць абнаўляцца.

Нараджэнца Мазыра, імаверна, асудзілі ў «справе Гаюна»

Гомельскі абласны суд прызнаў 31-гадовага Сяргея Каржэўскага вінаватым паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК («садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»).

Дакладны прысуд пакуль невядомы, але паведамляецца, што ён не звязаны з пазбаўленнем волі. Імаверна, мужчыну прызначылі абмежаванне волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу.

Кватэру Ежы Грыгенчы ў Гродне хочуць ускрыць праз суд

Актывіст Ежы Грыгенча атрымаў паведамленне з суда Ленінскага раёна Гродна. 19 траўня там адбудзецца пасяджэнне па грамадзянскай справе па ініцыятыве аддзела прымусовага выканання.

У судзе будуць вырашаць, ці можна правесці агляд кватэры без згоды ўладальніка.

Цяпер у кватэры, якая належыць Грыгенчу, ніхто не жыве. Мяркуецца, што жыллё хочуць ацаніць і выставіць на продаж.

У лістападзе 2024 года Ежы Грыгенчу завочна асудзілі да шасці гадоў калоніі паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса. Таксама яму прызначылі штраф у 1000 базавых велічынь.