Новыя практыкі ціску і палітычныя прысуды. Хронікі рэпрэсій 19 траўня
У Беларусі працягваецца ціск на ўдзельнікаў пратэстаў 2020 года, нават калі тэрміны даўнасці па крымінальных артыкулах ужо мінулі. Сілавікі праводзяць рэйды па дамах, а на мяжы некаторых беларусаў прымушаюць праходзіць прыніжальныя «асабістыя дагляды». Тым часам суды выносяць новыя палітычныя прысуды — пад пераслед, у тым ліку, трапляюць ІТ-спецыялісты, медыкі і актывісты.

Сілавікі прыходзяць да беларусаў, якіх ужо не могуць судзіць за пратэсты 2020 года
Пра новую практыку ціску «Нашай Ніве» паведамілі адразу некалькі крыніц.
Паводле іх, супрацоўнікі ГУБАЗіКа раніцай прыходзяць да людзей, якія ўдзельнічалі ў маршах 2020 года, але якіх цяпер ужо немагчыма прыцягнуць да крымінальнай адказнасці з-за заканчэння тэрмінаў даўнасці.
Сілавікі прыходзяць каля 7-й раніцы. Пасля таго як чалавек адчыняе дзверы, яго могуць пакласці тварам у падлогу, заламваць рукі, а ў кватэры праводзяць ператрус і раскідваюць рэчы.
Пасля чалавека забіраюць у аддзяленне на так званую «прафілактычную размову». Там гавораць пра адказнасць за «пратэсную дзейнасць», распавядаюць пра назіранне за «экстрэмістамі» і прапануюць падпісаць паперу пра «разуменне рызыкаў».
Паводле крыніц, сілавікі тлумачаць такія рэйды фразай: «Каб не расслабляліся». На суткі людзей не пакідаюць.
Пакуль невядома, ці практыкуюцца такія рэйды толькі ў Магілёве або і ў іншых рэгіёнах краіны.
Некаторых беларусаў на мяжы прымушаюць распранацца падчас «асабістых даглядаў»
Фонд «Краіна для жыцця» паведаміў, што на польскай і літоўскай межах беларускія службы практыкуюць «асабістыя дагляды» ў дачыненні да людзей, якія раней праходзілі праз допыты або арышты па «пратэсных справах».
Такія праверкі адбываюцца пры ўездзе ў Беларусь.
Паводле інфармацыі фонду, людзей прымушаюць распранацца. Жанчынам загадваюць здымаць бюстгальтары і даставаць металічныя элементы з бялізны. Вядомыя і выпадкі, калі жанчын прымушалі здымаць ніжнюю бялізну цалкам.
У якасці панятых, як сцвярджаецца, часам выступаюць людзі, не звязаныя непасрэдна з памежнай службай — напрыклад, прыбіральшчыцы.
Чарговае папаўненне «Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў»
У абноўлены спіс унеслі:
— Instagram-старонкі «alice.neumann_soul» і «dzikawicki»,
— TikTok-акаўнт «sashka_1931»,
— Threads-старонкі «Екатерина Ерусалимская», «Василий Плешкунов» і «Грамада “Калiноўцы”».
Ураджэнца Мазыра асудзілі за «садзейнічанне экстрэмізму»
Гомельскі абласны суд вынес прысуд 31-гадоваму Сяргею Каржэўскаму.
Яго абвінавацілі паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК («садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»).
Як паведамляе «Гомельская Вясна», дакладны прысуд пакуль невядомы, але ён не звязаны з пазбаўленнем волі. Імаверна, мужчыну прызначылі абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову.
Сяргей Каржэўскі родам з Мазыра, але жыў і быў зарэгістраваны ў Мінску.
Супрацоўніка ІТ-кампаніі з Гомеля асудзілі за «садзейнічанне экстрэмізму»
У Гомельскім абласным судзе вынеслі прысуд 40-гадоваму жыхару Гомеля Уладзіміру Новіку.
Яго абвінавацілі паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК («садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»). Паводле інфармацыі праваабаронцаў, мужчыну маглі прысудзіць пазбаўленне або абмежаванне волі.
«Гомельская Вясна» паведамляе, што Новік скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту па спецыяльнасці «прамысловае і цывільнае будаўніцтва». Пазней ён перакваліфікаваўся ў ІТ-сферу, вывучыў Java Enterprise і працаваў у кампаніі Java Developed, якая займаецца распрацоўкай праграмнага забеспячэння.
Медсястру з РНПЦ траўматалогіі і артапедыі асудзілі па двух палітычных артыкулах
59-гадовая Людміла Пракапеня шмат гадоў працавала медсястрой у РНПЦ траўматалогіі і артапедыі ў Мінску.
Яшчэ некалькі гадоў таму дзяржаўныя медыя пісалі пра яе як пра спецыялістку, якая разам з дактарамі дапамагала пацыентам аднаўляцца пасля цяжкіх пераломаў.
Цяпер жанчыну судзілі ў Мінскім гарадскім судзе паводле ч. 1 арт. 130 КК («распальванне варожасці») і арт. 369 КК («абраза прадстаўніка ўлады»).
Падрабязнасці справы невядомыя. Паводле «Нашай Нівы», жанчыне, імаверна, прызначылі пазбаўленне волі — пасля прысуду яна не з’яўлялася анлайн.
У Гомелі людзей заклікаюць не кантактаваць са сваякамі палітычных эмігрантаў
Пра гэта «Позірку» паведаміла крыніца ў Гомелі.
Паводле яе слоў, невядомыя маладыя людзі ходзяць па кватэрах і раяць жыхарам не падтрымліваць кантактаў з суседзямі, чые родныя былі вымушаныя з’ехаць з Беларусі з палітычных прычын.
«Для вас будзе лепш з імі не размаўляць і не падтрымліваць стасункі», — так, паводле крыніцы, гучаць гэтыя размовы.
Таксама жыхароў просяць паведамляць пра «падазроныя машыны» каля дамоў.
Маладыя людзі не прадстаўляюцца. Суразмоўца «Позірку» мяркуе, што яны могуць быць звязаныя з моладзевымі атрадамі аховы правапарадку пры БРСМ.
Мёрскі актывіст Сяржук Васільеў зноў сутыкнуўся з пераследам
У красавіку Сяржуку Васільеву прызначылі 15 сутак арышту за «несанкцыянаванае пікетаванне» — ён прыйшоў да райвыканкама з паперкай, на якой было напісана: «Работу».
Падчас арышту мужчына захварэў на каросту.
У траўні яго зноў затрымалі, забралі тэлефон і змясцілі на двое сутак у ізалятар часовага ўтрымання.
Пасля гэтага сілавікі заявілі, што знайшлі ў яго тэлефоне «экстрэмісцкую падпіску» ў Facebook. Сёння актывіста судзілі па новай адміністрацыйнай справе.