«Экстрэмісцкі» зварот святароў, продаж кватэры праваабаронцы і новыя затрыманні за КР. Хронікі рэпрэсій 15 траўня

 У Беларусі працягваюць пашыраць «экстрэмісцкія» спісы і пераследаваць удзельнікаў пратэстаў, журналістаў, праваабаронцаў і вернікаў. Суд прызнаў «экстрэмісцкім» зварот святароў 2020 года, улады выставілі на продаж кватэру Уладзіміра Хільмановіча, а прапаганда паказала ўжо трэцяга чалавека, нібыта затрыманага за галасаванне ў Каардынацыйную раду.

1_1097_1.png

У Беларусі прызналі «экстрэмісцкім» зварот святароў да вернікаў падчас пратэстаў

Суд Цэнтральнага раёна Мінска прызнаў «экстрэмісцкім» «Зварот да хрысціян Беларусі», апублікаваны восенню 2020 года на сайце Pravmir.

Таксама ў «экстрэмісцкі спіс» дадалі старонкі ініцыятывы «СПЕЦПАДРАЗДЗЯЛЕННЕ 1514», Facebook-акаўнты «Alaksandar Arsionaŭ», «Юлiя Юхно», «Мова Нанова – Тэлеверсiя», «Наталья Горячко Басалыга», Threads-старонкі «chinchinchannelofficial», «Mikalai Bandarenka», «kyky_org», а таксама YouTube-відэа «Почему Уехал из Беларуси? Когда Вернусь Обратно?».

Улады выставілі на продаж арыштаваную кватэру журналіста і праваабаронцы Уладзіміра Хільмановіча

Аўкцыён павінен адбыцца 26 траўня. Двухпакаёвую кватэру плошчай 50 квадратных метраў ацанілі ў 126 тысяч рублёў, паведамляе «Гарадзенская Праваабарона».

Раней улады ўжо спрабавалі прадаць канфіскаванае лецішча Хільмановіча ў Мастоўскім раёне, а таксама канфіскавалі і прадалі бытавую тэхніку ягонай сям’і — лядоўню, пральную машыну і тэлевізар.

19 жніўня 2024 года Гродзенскі абласны суд завочна прысудзіў Хільмановічу пяць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму і штраф у 40 тысяч рублёў.

Былы супрацоўнік службы аховы Лукашэнкі асуджаны па палітычнай справе

50-гадовага Андрэя Спасава асудзілі за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці», піша @nashaniva.

Дакладны прысуд невядомы, але ў «спісе экстрэмістаў» пазначана, што мужчына ўжо «адбывае пакаранне».

У «спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 17 чалавек

15 траўня МУС абнавіла «Пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».

Цяпер у ім 6620 чалавек.

Сярод новых імёнаў — журналістка Ціна Палынская і яе дачка Маргарыта Рабіновіч.

Прапаганда паказала трэцяга чалавека, нібыта затрыманага за галасаванне ў Каардынацыйную раду

Як піша «Наша Ніва», гаворка ідзе пра гродзенца Паўла Карлюкова.

Мужчына шмат гадоў жыў у ЗША, працаваў афіцыянтам на круізных лайнерах, у гатэлях, аўтасалонах і кавярнях у розных штатах. Апошнім часам ён працаваў выкладчыкам англійскай мовы на фрылансе, у тым ліку ў анлайн-школе Skyeng.

Што цяпер адбываецца з Карлюковым — невядома.

Раней сілавікі пагражалі крымінальнымі справамі як тым, хто балатуецца ў Каардынацыйную раду, так і тым, хто ўдзельнічае ў галасаванні.

Няма таксама пацверджання, што Карлюкоў сапраўды галасаваў.

Беларуску Карыну Зданевіч-Спыхальскую затрымалі ў Італіі па запыце Мінска

1 лютага Карыну Зданевіч-Спыхальскую затрымалі ў аэрапорце Орыа-аль-Серыа ў Бергама падчас пашпартнага кантролю, паведамляе Reform са спасылкай на італьянскія медыя.

У Беларусі жанчыну абвінавачваюць у нібыта наўмысным давядзенні да банкруцтва ў 2017–2018 гадах. Сама яна называе справу сфабрыкаванай і звязвае пераслед са сваёй грамадзянскай пазіцыяй.

Пасля выбараў 2020 года Зданевіч-Спыхальская ўдзельнічала ў акцыях падтрымкі Святланы Ціханоўскай каля беларускай амбасады ў Варшаве.

Італьянская пракуратура выступіла супраць экстрадыцыі, адзначыўшы рызыку палітычнага пераследу ў Беларусі. На гэта ж звярнула ўвагу польскае консульства, бо жанчына мае і польскае грамадзянства.

Разгляд справы працягнецца ў чэрвені ў апеляцыйным судзе Брэшыа.

У Беларусі ліквідавалі каля 80 пратэстанцкіх суполак

Падчас візіту амерыканскага прапаведніка Франкліна Грэма ў Мінск Аляксандр Лукашэнка агучыў новыя лічбы пра пратэстанцкія суполкі ў Беларусі.

Паводле яго слоў, цяпер у краіне дзейнічаюць 850 пратэстанцкіх суполак, 20 місій і 5 навучальных устаноў.

Як адзначае «Хрысціянская візія», да перарэгістрацыі ў Беларусі было 931 пратэстанцкая суполка і 21 місія. Гэта азначае, што пасля кампаніі перарэгістрацыі былі ліквідаваныя каля 80 суполак і адна місія.