Арышт іранскай студэнткі, новае «экстрэмісцкае фармаванне» і затрыманні пасля выбараў у КР. Хронікі рэпрэсій 14 траўня

 У Беларусі працягваюцца палітычныя затрыманні і пашырэнне «экстрэмісцкіх» спісаў. Іранскую студэнтку БДМУ арыштавалі за каментары пра Іран, праект Belarusiana прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем», а сілавікі заявілі пра затрыманне мужчын за галасаванне на выбарах у Каардынацыйную раду.

1_1097_1.png

Іранскую студэнтку арыштавалі ў Беларусі за каментары

Студэнтку-стаматолага з Ірана Хатэры Хадададзі затрымалі ў Беларусі за каментары пра Іран у адным з тэлеграм-каналаў, паведамляе Reform са спасылкай на іранскі тэлеканал ManotoTV, які базуецца ў Лондане.

Паводле інфармацыі тэлеканала, Хадададзі была затрыманая пры ўмяшанні пасольства Ірана ў Беларусі і атрымала 14 сутак арышту.

«Па словах яе блізкіх, яна павінна была быць вызваленая 30 красавіка, аднак да гэтага часу застаецца пад вартай, а яе статус навучання і знаходжання застаецца нявызначаным. Таксама паведамляецца, што падчас утрымання пад вартай яна была пазбаўлена доступу да адваката і магчымасці звязацца з сябрамі», — паведамляе ManotoTV.

Хатэры Хадададзі вучыцца на медыцынскім факультэце замежных навучэнцаў БДМУ.

У Беларусі новае «экстрэмісцкае фармаванне» — праект Belarusiana

МУС 13 траўня прызнала праект Belarusiana «экстрэмісцкім фармаваннем».

Паводле ведамства, дачыненне да праекта маюць Яраслаў Грыгор’еў і Мечыслаў Дабранскі.

Сілавікі сцвярджаюць, што затрымалі двух мужчын за галасаванне на выбарах у Каардынацыйную раду

Праўладны тэлеграм-канал апублікаваў два кароткія відэа з мужчынамі, якія, як сцвярджаецца, галасавалі на выбарах у Каардынацыйную раду.

На відэа яны расказваюць, што перайшлі па спасылцы і трапілі на сайт галасавання.

Як высветліла «Наша Ніва», адзін з мужчын — 34-гадовы мінчук Андрэй Пятакоў. Другі — 38-гадовы Аляксандр Медушэўскі, які, магчыма, апошнім часам жыў у Літве.

Як менавіта іх затрымалі і ці былі яны сапраўды затрыманыя, пакуль невядома. Таксама няма пацверджання, што мужчыны сапраўды ўдзельнічалі ў галасаванні і якім чынам сілавікі маглі атрымаць гэтую інфармацыю.

41-гадовага жыхара Віцебскай вобласці затрымалі за «распальванне варожасці»

Паведамляецца, што мужчына прытрымліваўся «нацыяналістычных і пратэсных поглядаў».

Паводле сілавікоў, у сацсетках ён пакідаў каментары і выявы пра «прычыненне шкоды ветэранам Вялікай Айчыннай вайны», а таксама размяшчаў выявы з партрэтам Гітлера.

Супраць мужчыны распачалі крымінальную справу за «распальванне варожасці».