Амаль 6000 беларусаў у расійскім вышуку, новыя завочныя прысуды і пераслед сем’яў палітвязняў. Хронікі рэпрэсій 13 траўня

 За апошнія сем месяцаў у базу вышуку Расіі дадалі больш за тысячу беларусаў — цяпер там амаль 6000 грамадзян Беларусі. Сярод іх журналісты, былыя палітвязні, праваабаронцы і актывісты. Тым часам у Беларусі працягваюцца палітычныя суды і пераслед сваякоў ужо асуджаных беларусаў.

1_1097_1.png

За 7 месяцаў у базу вышуку Расіі дадалі 1118 беларусаў

Цяпер у расійскай базе вышуку знаходзяцца амаль 6000 грамадзян Беларусі, піша @mediazona_by.

З кастрычніка 2025 года ў вышук былі абвешчаныя журналісткі і журналісты Таццяна Ашуркевіч, Максім Паршута, Ульяна Бабаед, Дзяніс Васількоў, Алена Германовіч, Яраслаў Пісарэнка, Ірына Халіп.

У спіс таксама дадалі многіх былых палітвязняў — сярод іх Вікторыя Кульша, Мікіта Лосік, Арцём Баярскі, Аляксандр Івулін, Вольга Філатчанкава.

Акрамя таго, у базе вышуку цяпер знаходзяцца стваральніца ініцыятывы Partyzanka Ганна Маціеўская, пазбаўленая ліцэнзіі адвакатка Марыя Колесава-Гудзіліна, супрацоўнікі «Цэнтра новых ідэй» Антон Раднянкоў і Дар’я Рублеўская, грамадскі дзеяч Яраслаў Бекіш і гендэрная даследчыца Ірына Сідорская.

Поўны спіс можна паглядзець на сайце «Медыязоны».

Станіслава Прыгодзіча завочна асудзілі на 5 гадоў калоніі

12 траўня Гомельскі абласны суд у парадку спецыяльнай вытворчасці агучыў прысуд 31-гадоваму Станіславу Прыгодзічу — пяць гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму і штраф 100 базавых велічынь (4500 рублёў), паведамляе «Вясна».

Яго прызналі вінаватым паводле шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэкса, у тым ліку за «распальванне сацыяльнай варожасці», «ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні», «абразу Лукашэнкі», «абразу прадстаўніка ўлады» і «дыскрэдытацыю Беларусі».

Спецыяльную вытворчасць супраць Прыгодзіча распачалі ў лютым.

Маладую айцішніцу з Innowise Group асудзілі за «садзейнічанне экстрэмізму»

33-гадовую гамяльчанку Вікторыю Паташкіну асудзілі паводле ч. 1 і 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса («садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»), піша «Наша Ніва».

Вікторыя скончыла Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны, дзе вывучала банкаўскую справу, а пазней перайшла ў ІТ-сферу. Яна працавала ў Godel Technologies Europe, а пасля — у Innowise Group, міжнароднай кампаніі па распрацоўцы праграмнага забеспячэння.

Цяпер у яе прафесійным профілі пазначана, што яна знаходзіцца ў доўгатэрміновым адпачынку.

Абставіны справы невядомыя, але паведамляецца, што дзяўчына ўжо адбывае пакаранне.

«Экстрэмісцкімі фармаваннямі» прызналі анлайн-крамы і моўную школу

КДБ дадаў у спіс «экстрэмісцкіх фармаванняў» брэнд адзення Znivien, анлайн-краму The Krama Store і школу вывучэння моваў LVS Language School.

Магілёўскія сілавікі правялі ператрус у кватэры кандыдата ў Каардынацыйную раду

12 траўня супрацоўнікі Следчага камітэта прыйшлі з ператрусам у магілёўскую кватэру актывіста Васіля Пляшкунова. Паводле яго слоў, прычынай стаў удзел у выбарах у Каардынацыйную раду.

Пляшкуноў — былы настаўнік з Магілёва. У 2020 годзе яго арыштоўвалі за ўдзел у акцыях пратэсту, а ў 2023 годзе ён быў затрыманы і збіты супрацоўнікамі ГУБАЗіК. Пасля гэтага мужчына быў вымушаны пакінуць Беларусь, піша @MAYDAYMog.

Стала вядома, у чым абвінавачваюць сям’ю Міронцавых з Мінска

Былая палітзняволеная і экс-рэдактарка TUT.by Марына Золатава паведаміла, што Лукер’і і Вераніцы Міронцавым інкрымінуюць ч. 1 арт. 14 і ч. 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса — «замах на садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці», піша reform.news.

Пра затрыманне маці і сястры былых палітзняволеных Вікторыі і Анастасіі Міронцавых стала вядома яшчэ ў снежні 2025 года, але сутнасць абвінавачанняў да гэтага часу не раскрывалася.

У жніўні 2020 года сёстры Міронцавы заступіліся за людзей, якіх збівалі супрацоўнікі АМАП. Аляксандры ўдалося пакінуць краіну, а Вікторыю і Анастасію затрымалі ў кастрычніку 2020 года.

Анастасію асудзілі на два гады калоніі агульнага рэжыму, Вікторыю — на 2,5 года пазбаўлення волі. Абедзве выйшлі на свабоду ў 2022 годзе, цалкам адбыўшы тэрміны.