Былы вайсковец атрымаў прысуд за «экстрэмізм», а мужчыну затрымалі пасля вяртання ў Беларусь. Хронікі рэпрэсій 11 траўня
У Беларусі працягваюцца палітычныя суды і затрыманні. Былы вайсковец і работнік чыгункі атрымаў прысуд за «садзейнічанне экстрэмізму», мінчука будуць судзіць за «адмаўленне генацыду беларускага народа», а беларуса, які вярнуўся з-за мяжы аднавіць дакументы, затрымалі па палітычнай справе.

Былы вайсковец, а цяпер электрамеханік з Бярозы асуджаны за «садзейнічанне экстрэмізму»
47-гадовага Аляксандра Давідовіча асудзілі паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса («садзейнічанне экстрэмізму»).
Мужчына родам з-пад Бярозы, вучыўся ў школе ў аграгарадку Першамайская Бярозаўскага раёна, а пасля — у Брэсцкім дзяржаўным каледжы чыгуначнага транспарту. Разам з жонкай ён выхоўвае дваіх дзяцей.
Паводле звестак аб’яднання Belpol, раней Давідовіч быў вайскоўцам і служыў у вайсковай часці № 55782 — 927-й знішчальнай авіябазе ВПС у Бярозе, піша «Наша Ніва».
Пазней ён звязаў жыццё з Беларускай чыгункай: доўгі час працаваў у Брэсцкай дыстанцыі сігналізацыі і сувязі, дзе стаў электрамеханікам. У верасні 2024 года Давідовіч праходзіў курсы павышэння кваліфікацыі ў Беларускім дзяржаўным універсітэце транспарту.
Яго затрымалі ў мінулым годзе. Падрабязнасці справы невядомыя.
Жыхара Мінска будуць судзіць за «адмаўленне генацыду беларускага народа»
56-гадовага мінчука абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 130-2 Крымінальнага кодэкса («адмаўленне генацыду беларускага народа»).
Паводле матэрыялаў следства, мужчына ў Threads нібыта адмаўляў існаванне нацысцкага плана «Ост». На допыце ён расказаў, што спрабаваў знайсці арыгінальны тэкст дакумента ў інтэрнэце, але, не знайшоўшы яго, вырашыў, што гісторыя пра план была прыдуманая Камуністычнай партыяй СССР.
Таксама, паводле абвінавачання, ён сцвярджаў, што зверствы супраць мірных жыхароў падчас Другой сусветнай вайны былі «рэакцыяй нацыстаў на партызанскі рух і супраціўленне».
Мужчыну ўзялі пад варту.
У «спіс тэрарыстаў» дадалі яшчэ чатырох чалавек
КДБ абнавіў спіс «асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці». У яго дадалі Рамана Шаркова, Івана Вайнова, Аляксандра Рудчыка і Уладзіміра Падабеда.
Цяпер у «тэрарыстычным спісе» 1450 чалавек, з іх 699 — грамадзяне Беларусі.
Чарговае папаўненне «спісу экстрэмісцкіх матэрыялаў»
У Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў унеслі новыя старонкі і праекты ў сацыяльных сетках.
Сярод іх — Instagram-акаўнты «lutskevichmuseum», «klim_morelovejahweed», «kasbelarus», «lolamikhalevich», сацсеткі і лагатып праекта «Беларусь. Экспертиза», старонка ў Threads «Yuliya Yukhno» і TikTok-акаўнт «Nikolay Fedykov».
Мужчына вярнуўся з-за мяжы аднавіць дакументы — яго затрымалі па палітычнай справе
Паведамляецца, што 39-гадовы ўраджэнец Брэсцкай вобласці, знаходзячыся за мяжой, пакідаў у «тэлеграм-каналах экстрэмісцкай накіраванасці» каментары з абразамі ў адрас супрацоўнікаў міліцыі.
Мужчына з’ехаў на заробкі ў сярэдзіне 2025 года. У 2026-м ён вярнуўся ў Беларусь, каб аднавіць страчаныя дакументы, пасля чаго быў затрыманы.
Супраць яго распачалі крымінальную справу паводле артыкула аб «абразе прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем службовых абавязкаў».
Таксама паведамляецца, што цяпер мужчыну правяраюць на датычнасць «да іншай пратэснай дзейнасці».
Аляксандру Зубрыку завочна прызначылі 3,5 гады калоніі
7 траўня Гродзенскі абласны суд у парадку спецыяльнай вытворчасці разгледзеў крымінальную справу супраць 28-гадовага Аляксандра Зубрыка.
Яго прызналі вінаватым паводле шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэкса, у тым ліку за «распальванне варожасці», «удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак», «абразу Лукашэнкі», «абразу прадстаўніка ўлады» і «здзек з дзяржаўных сімвалаў».
Суд завочна прысудзіў яму тры з паловай гады пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму.