10 гадоў за «здраду дзяржаве» і пашырэнне «спісу экстрэмістаў». Хронікі рэпрэсій 8 траўня
У Беларусі працягваюцца палітычныя прысуды і затрыманні. Актывіста з Нароўлі Мікалая Віткоўскага асудзілі на 10 гадоў калоніі, айцішніцу з Гомеля — па «справе «Гаюна»», а «спіс экстрэмістаў» папоўніўся яшчэ 25 прозвішчамі.

Палітзняволенага актывіста з Нароўлі асудзілі да 10 гадоў калоніі
У Магілёўскім абласным судзе вынеслі прысуд палітзняволенаму актывісту з Нароўлі Мікалаю Віткоўскаму. Яго прызналі вінаватым у «здрадзе дзяржаве» паводле артыкула 356 Крымінальнага кодэкса і асудзілі на 10 гадоў пазбаўлення волі. Сутнасць абвінавачвання невядомая — суд праходзіў у закрытым рэжыме. Пра гэта паведамляе «Гомельская Вясна».
Мікалай Віткоўскі — грамадскі актывіст з Нароўлі, сябра ліквідаванай уладамі партыі «Народная Грамада». У верасні мінулага года ён знік з дому ў Нароўлі, і толькі ў лістападзе стала вядома, што яго ўтрымліваюць у турме № 4 у Магілёве. 17 снежня 2025 года праваабарончая супольнасць Беларусі прызнала яго палітычным зняволеным.
Айцішніцу з Гомеля асудзілі па «справе “Гаюна”»
33-гадовую гамяльчанку Вікторыю Паташкіну, якая апошнім часам жыла ў Мінску, прызналі вінаватай у так званым «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» паводле частак 1 і 2 артыкула 361-4 Крымінальнага кодэкса, піша «Гомельская Вясна».
Дакладны прысуд пакуль высвятляецца, але вядома, што ён звязаны са зняволеннем. Жанчыне прызначылі або пазбаўленне волі ў калоніі, або абмежаванне волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову.
У «спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 25 прозвішчаў — цяпер у ім 6603 чалавекі
8 траўня МУС у чарговы раз абнавіла «Пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».
У спіс дадалі яшчэ 25 чалавек. Сярод іх 19 былі асуджаныя паводле артыкула 361-4 Крымінальнага кодэкса («садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»), у тым ліку Яўген Скочку.
Агульная колькасць людзей у «спісе экстрэмістаў» цяпер складае 6603 чалавекі.
Затрымалі майстра, які рабіў помнік на магіле ксяндза Станіслава Кучынскага
7 траўня каталіцкае духавенства сабралася ў Альковічах (Вілейскі раён) на імшу ў 30-я ўгодкі смерці ксяндза Станіслава Кучынскага — першага рэктара Гродзенскай духоўнай семінарыі і былога генеральнага вікарыя Гродзенскай дыяцэзіі. Набажэнства ўзначаліў мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Юзаф Станеўскі.
Пасля імшы мітрапаліт асвяціў новы помнік на магіле ксяндза Кучынскага. Аднак, як паведамляе Katolik.life, помнік так і застаўся недаробленым — без крыжа, стэлы і надпісу з імем. На месцы быў толькі часовы партрэт.
Паводле інфармацыі выдання, майстра, які вырабляў помнік — прадпрымальніка з Заслаўя, — затрымалі прыкладна ў той жа час, калі быў затрыманы настаяцель альковіцкай парафіі ксёндз Анатоль Парахневіч.
Вернікі мяркуюць, што прычына затрымання можа быць звязаная і з іншым помнікам, але падрабязнасці пакуль не раскрываюцца.