Дадатковыя тэрміны, ціск на былых палітвязняў і новыя пагрозы за навучанне ў ЕГУ. Хронікі рэпрэсій 6 траўня
У Беларусі працягваюць судзіць палітвязняў паводле артыкула аб «злосным непадпарадкаванні», выклікаюць былых зняволеных на «прафілактычныя гутаркі» і пагражаюць крымінальнай адказнасцю за навучанне ў ЕГУ. Сабралі галоўнае пра новыя выпадкі палітычнага пераследу.

Яшчэ двух палітвязняў асудзілі за «злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі»
У Беларусі працягваюць судзіць палітзняволеных паводле арт. 411 Крымінальнага кодэкса («злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі») — часта за дробныя або сфабрыкаваныя парушэнні.
Так, у Бабруйску паводле гэтага артыкула нядаўна асудзілі 22-гадовага палітвязня Іллю Верамеева, аднак вынік суда праваабаронцам пакуль невядомы. А 54-гадоваму Сяргею Канавалаву да 17 гадоў калоніі дадалі яшчэ два гады пазбаўлення волі. Раней яго ўжо судзілі за «злоснае непадпарадкаванне».
Вобшукі, допыты і ціск на родных: што вядома па «справе Каардынацыйнай рады»
Праваабаронцам «Вясны» вядома больш за 10 вобшукаў у кандыдатаў з некалькіх фракцый, якія ўпершыню балатуюцца ў Каардынацыйную раду.
Паведамляецца, што вобшукі адбываюцца ў межах справы, распачатай паводле арт. 361-1 («удзел у экстрэмісцкім фармаванні»), арт. 356 («здрада дзяржаве»), арт. 357 («змова з мэтай захопу ўлады») і арт. 361 («заклікі да санкцый») Крымінальнага кодэкса.
Падчас вобшукаў сілавікі дапытвалі сваякоў кандыдатаў. Таксама вядома, што на некаторых з іх ціснулі, патрабуючы паўплываць на родных і прымусіць іх выйсці са сваіх фракцый напярэдадні выбараў.
У палітвязня Яўгена Скочкі пагоршыўся стан здароўя і зрок
У былога намесніка старшыні «Маладога фронту» Яўгена Скочкі, асуджанага на тры гады пазбаўлення волі, узніклі праблемы са здароўем, піша «Радыё Свабода».
Паводле крыніцы выдання, найбольшую трывогу выклікае тое, што стан палітвязня можа пагоршыцца пасля этапу ў калонію, які чакае Яўгена.
«У яго павышаны ціск, паводле рэцэпту перадаюць адмысловыя лекі, і ён іх атрымлівае, гэта дакладна. Яшчэ ў яго нестабільнасць шыйных хрыбетак, праз што таксама патрэбныя пэўныя медычныя захады — яму трэба насіць адмысловы “каўнер”. У СІЗА гэта ўсё робіцца, але як будзе ў калоніі — невядома. І зрок пагоршыўся. Шмат чытае, між тым асвятлення там недастаткова. Усё гэта разумее, але пры гэтым прасіў за яго асабліва не перажываць, казаў, што ўсё вытрывае, да ўсяго падрыхтаваны», — распавяла крыніца журналістам.
Паводле звестак «Вясны», Скочку абвінавацілі ў «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» (арт. 361-4 КК), «паклёпе» і «абразе Лукашэнкі» (арт. 367 і 368 КК), а таксама ў «дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь» (арт. 369-1 КК).
З матэрыялаў справы вядома, што ў каментары ў сацыяльных сетках ён выкарыстаў слова «калхазан» і аспрэчыў сцвярджэнне, што «Беларусь — прававая краіна». Пасля суда, які адбыўся ў пачатку лютага, праваабаронцы прызналі Яўгена Скочку палітвязнем.
У Гомлі былых палітвязняў масава выклікаюць на «прафілактычныя гутаркі»
Як піша «Гомельская Вясна», былых палітзняволеных масава выклікаюць у РАУСы на так званыя «прафілактычныя гутаркі». Пры гэтым іх часта праводзяць людзі ў цывільным, якія не прадстаўляюцца і не тлумачаць свой працэсуальны статус.
Пытанні датычацца не правапарушэнняў, а асабістых перакананняў і прыватнага жыцця: як чалавек галасаваў, як ставіцца да дзейнай улады, ці «не трымае крыўды», ці атрымлівае дапамогу з-за мяжы і ці ёсць у яго родныя ў іншых краінах.
Напрыканцы такіх размоў людзей просяць паставіць подпіс аб тым, што «прафілактычная гутарка» была праведзеная. Фактычна гаворка ідзе не пра прафілактыку, а пра працяг кантролю, псіхалагічны ціск і збор інфармацыі нават пасля адбыцця пакарання.
Завочна асуджаны маладзечанец вярнуўся ў Беларусь — цяпер яго асудзілі за супрацу з «Дапамогай»
34-гадовага жыхара Маладзечна Аляксандра Карнеева, які раней эміграваў у Польшчу, восенню 2024 года завочна асудзілі на тры гады калоніі ўзмоцненага рэжыму паводле арт. 364 КК («пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да міліцыянта»).
Як стала вядома праваабаронцам, пазней мужчына па невядомай прычыне апынуўся ў Беларусі. Там яго паўторна асудзілі — ужо за супрацу з арганізацыяй «Дапамога» паводле ч. 1 і 2 арт. 361-4 КК («садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»).
У выніку Карнеева асудзілі на пяць гадоў і шэсць месяцаў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, а таксама прызначылі штраф у памеры 42 тысяч рублёў.
Навучанне могуць прызнаць крымінальным злачынствам: пракуратура пагражае наступствамі за сувязі з ЕГУ
Пасля прызнання Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта «экстрэмісцкай арганізацыяй» дзяржаўныя СМІ пачалі публікаваць матэрыялы з пагрозамі ў адрас беларусаў, звярнула ўвагу «Віцебская Вясна».
Так, газета «Витебские вести» напісала, што пад выглядам «еўрапейскай адукацыі» ва ўніверсітэце нібыта рыхтавалі людзей да «масавых беспарадкаў і сабатажу».
У сваю чаргу выданне «Витьбичи» апублікавала каментар прадстаўніка абласной пракуратуры Дзмітрыя Кудраўцава, які заявіў, што «любыя фінансавыя аперацыі» на адрас ЕГУ, уключаючы аплату навучання, могуць быць кваліфікаваныя як «фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці» і пагражаць пакараннем да пяці гадоў пазбаўлення волі.
Паводле яго, выкладанне і працяг навучання ў ЕГУ таксама могуць трактавацца як «удзел у экстрэмісцкім фармаванні» і цягнуць за сабой крымінальную адказнасць.