Новыя прысуды, палітвязні і ціск унутры краіны і за мяжой. Хронікі рэпрэсій 5 траўня

 У Беларусі працягваюцца затрыманні, суды і ціск на палітвязняў і іх блізкіх. Паралельна ўлады пашыраюць «экстрэмісцкія» спісы і ўзмацняюць заканадаўства. Сабралі галоўнае за апошні час.

1_1097_1.png

Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі ў красавіку застаецца крызіснай. Узровень рэпрэсій не зніжаецца і застаецца супастаўным з папярэднімі гадамі, адзначаюць праваабаронцы.

На канец месяца ў краіне налічваецца 835 палітычных зняволеных, сярод якіх 115 жанчын. Яшчэ 3813 чалавек ужо прайшлі праз палітычнае зняволенне. Мінімум 122 палітвязні знаходзяцца ў асабліва ўразлівым становішчы. За красавік праваабаронцы прызналі палітвязнямі 36 чалавек.

З 2020 года не менш як 9691 чалавек сутыкнуўся з палітычна матываваным крымінальным пераследам, мінімум 8394 былі асуджаныя. За красавік зафіксавана каля 120 выпадкаў рэпрэсій — гэта больш, чым у лютым (78) і сакавіку (90).

Ціск на зняволеных узмацняецца: больш за 80 палітвязняў атрымалі дадатковыя тэрміны за «злоснае непадпарадкаванне». Паступаюць паведамленні пра пагаршэнне іх стану.

Працягваюцца масавыя затрыманні і паказальныя справы. У Мінску пасля крытыкі ўладаў прайшлі ператрусы і затрыманні ў студыі ZROBIM architects — у першы дзень затрымалі каля 50 чалавек. Таксама паведамлялася пра затрыманне больш за 150 чалавек у Расіі, якіх вышукваюць беларускія ўлады, і пра ціск на беларусаў за мяжой.

Сістэмна пашыраецца выкарыстанне «экстрэмісцкага» заканадаўства. У красавіку ў пералікі дадалі яшчэ 23 суб’екты — гэта рэкорд. Усяго ў спісе ўжо 364 пазіцыі, з якіх 36 з’явіліся ў 2026 годзе. Спіс «экстрэмістаў» папоўніўся на 130 чалавек (усяго 6578 імёнаў). У «тэрарыстычным» пераліку — 1447 чалавек, з іх 717 уключаныя па палітычных матывах. Спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» дасягнуў 2149 старонак (больш за 9300 матэрыялаў), толькі за месяц — +198 судовых рашэнняў.

На заканадаўчым узроўні рэпрэсіі таксама ўзмацняюцца. У красавіку ўвялі адказнасць за так званую «прапаганду» ЛГБТК+ і «незаконнае прадстаўніцтва Беларусі». Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт прызналі «экстрэмісцкай арганізацыяй».

Працягваецца ціск на журналістаў, праваабаронцаў і культурную сферу. Фіксуюцца факты катаванняў і жорсткага абыходжання, якія не расследуюцца.

Міжнародныя структуры працягваюць рэагаваць: Камітэт па правах чалавека ААН прызнаў пераслед журналістаў без акрэдытацыі парушэннем свабоды слова. За шэсць гадоў спецдакладчыкі ААН больш за 60 разоў звярталіся да ўладаў Беларусі, але амаль палова зваротаў засталася без адказу.

З 2020 года як мінімум 2022 беларускія грамадскія аб’яднанні, установы, асацыяцыі і фонды ліквідаваныя або знаходзяцца ў стадыі ліквідацыі. За апошні месяц гэтая лічба павялічылася яшчэ на 2 арганізацыі. Паводле інфармацыі Lawtrend, на канец красавіка як мінімум 1240 арганізацый знаходзіліся ў працэсе прымусовай ліквідацыі, яшчэ 782 прынялі рашэнне аб самастойнай ліквідацыі.

Інструктара пошукавага атрада «Анёл» Максіма Вайцяховіча асудзілі за «садзейнічанне экстрэмізму»

Інструктара пошукавага атрада «Анёл» Максіма Вайцяховіча асудзілі за «садзейнічанне экстрэмізму». Яму 35 гадоў, ён скончыў Інстытут парламентарызму і прадпрымальніцтва, вёў актыўны лад жыцця і дапамагаў іншым. Вайцяховіч займаўся пошукам зніклых людзей, праводзіў трэніроўкі па арыентаванні і ўдзельнічаў у дабрачынных ініцыятывах. У 2023 годзе ён арганізаваў велапрабег па маршруце «Еўравела 2» ад Заслаўя да Уселюба працягласцю 145 кіламетраў, падчас якога збіраў сродкі на лячэнне дзяцей з анкалагічнымі захворваннямі, піша «Наша Ніва». Мужчыну затрымалі ў мінулым годзе і змясцілі ў СІЗА, а пазней асудзілі ў Мінскім гарадскім судзе паводле частак 1 і 2 артыкула 361-4 Крымінальнага кодэкса.

Вярхоўны суд разгледзіць апеляцыю па справе экс-дырэктара алімпійскага цэнтра па фрыстайле Вадзіма Крывашэева

Судовы працэс прызначаны на 26 траўня. Нагадаем, мужчыну абвінавацілі паводле ч. 3 арт. 426, ч. 1 арт. 357, ч. 3 арт. 361 і ч. 3 арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса. Мінгарсуд прызначыў яму 12 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму і штраф у 1000 базавых велічыняў (45 000 рублёў). У верасні 2020 года Крывашэева звольнілі з пасады за «дрэнную ідэалагічную працу», пасля чаго ён з’ехаў з Беларусі.

22-гадовага палітвязня Іллю Верамеева асудзілі за «злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі»

Пра гэта паведамляе «Гомельская Вясна». Які тэрмін прызначылі — невядома. У 2022 годзе яго затрымалі пасля заклікаў у Telegram супраць вайны ва Украіне. Пазней ён быў асуджаны да 6,5 гадоў калоніі, уключаны ў «тэрарыстычны» і «экстрэмісцкі» спісы і накіраваны адбываць пакаранне ў бабруйскую калонію № 2.

У Беларусі +7 новых палітвязняў

Праваабаронцы прызналі палітвязнямі Дзмітрыя Барабана, Алену Лабанаву, Максіма Жука, Дзмітрыя Шакаліду, Артура Гранічнага, Андрэя Колба і Юрыя Гадуна.

Падставай сталі абвінавачванні, утрыманне пад вартай і вынесеныя прысуды паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Частку з іх ужо накіравалі ў папраўчыя ўстановы для адбыцця пакарання.

Новыя абмежаванні для палітвязняў

Як паведаміў крыніца MAYDAY TEAM, людзі, уключаныя ў «тэрарыстычныя» і «экстрэмісцкія» спісы, фактычна не могуць атрымліваць грошы ў месцах пазбаўлення волі. У выніку яны не маюць магчымасці аплачваць тэлефонныя званкі. Фармальна права на званкі ёсць, але фактычна скарыстацца ім немагчыма.

Чарговае папаўненне «Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў»

У яго трапілі старонка ў Instagram «aiiija», старонка ва «Укантакце» «Dzmitryj Spirydau», старонка ў Threads «aba_together», старонка ў TikTok «chaly_news», старонка ў Facebook «Вiталь Трыгубаў», старонка ў Telegram «seryikotnew».